4 сакавіка бярэзінскія міліцыянеры адзначаюць прафесійнае свята

Сёння, 4 сакавіка, у краіне святкуецца Дзень міліцыі. А гэта выдатная магчымасць пагаварыць па душах з падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы, былым першым намеснікам начальніка РАУС, начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку, чыя добрасумленная служба на варце нашага спакою прыйшлася на няпростыя і ліхія 90-я гады мінулага стагоддзя і 2-тысячныя. Размова ідзе пра Генадзя Жукоўскага.

Сам мужчына публічнасці не любіць, але рэдкі чалавек у нашым раёне не чуў пра яго. Яго паважалі і дагэтуль ставяць у прыклад маладым сышчыкам былыя калегі, добра памятаюць яго прынцыповасць, рашучасць і націск злодзеі.
— Гэта толькі ў кнігах і ў кінафільмах злачынцы ўдзячны міліцыянерам за душашчыпальныя гутар-кі і выхаваўчую размову і моцна паціскаюць ім рукі, — смяецца Генадзь Мікалаевіч. — У жыцці ўсё куды цікавей: падазроны круціцца як уюн на патэльні, выгараджваючы сябе і ачарняючы іншых. А ты павінен “кроў з носу” знайсці доказы яго віны, каб потым не наракаць на мяккі судовы прыгавор.
Ды і сам былы міліцыянер былым “знаёмым” руку не пацісне і прыемнага слова не скажа. І справа не ў тым, што такім чынам ён выказвае чалавеку непавагу, а ў тым, што дагэтуль у яго баліць душа і сціскаецца сэрца па былой міліцэйскай службе.
— Я ў міліцыю прыйшоў тады, калі там катастрафічна не хапала кадраў, — успамінае Генадзь Мікалаевіч, — калі туды кадравікі не заманьвалі моладзь сацыяльнымі гарантыямі і дастойным заробкам. Не гаварылі нам і аб тым, што прыйдзецца літаральна служыць на перадавой у час баявых дзеянняў. Ды і ніхто тады не звяртаў увагі на асабістае жыццё і сям’ю. Вытрымаць такі працоўны рэжым змаглі нямногія.
Генадзя Мікалаевіча такія цяжкасці міліцэйскай службы ніколькі не палохалі. За плячыма ў яго была вучоба ў Навасібірскім вышэйшым ваенна-палітычным агульнавайсковым вучылішчы імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка і некалькі гадоў вайсковай службы. Аднак нават гэты пэўны вопыт не даваў магчымасці стаць адразу супрацоўнікам крымінальнага вышуку.
— А ўсё таму, што на службу ў амаль элітнае падраздзяленне міліцыі проста так не бралі, — удакладняе падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. – Трэба было мець пэўную адукацыю, ды і яшчэ звярнуць на сябе ўвагу тагачасных сышчыкаў Аляксандра Гулага, Алега Гедлеўскага і іншых у выкрыцці злачынстваў. Таму давялося скончыць Магілёўскую школу міліцыі і пэўны час адпрацаваць радавым участковым інспектарам міліцыі ў інспекцыі па справах напаўналетніх і аддзялен-ні аховы прафілактыкі і правапарадку.
Першы назапашаны вопыт міліцэйскай службы не стаў для Генадзя Мікалаевіча лішнім. Не напужалі яго разбіральніцтвы па брудных сямейных сварках, ні факты самагонаварэння, наадварот, мясцовыя людзі паважалі яго і бачылі ў яго асобе свайго абаронцу, а злодзеі, ведаючы яго круты характар і прынцыповасць, абміналі яго адміністрацыйны ўчастак.
— Мне заўсёды “шанцавала” на службе не толькі на добрых людзей, але і злодзеяў, — расказвае былы міліцыянер, — бо паспяваў уп-раўляцца не толькі на сваім участку, але і працаваць на іншых. Таму сышчыкам у аддзяленне крымінальнага вышуку я прыйшоў дасведчаным і падрыхтаваным. Тут, як кажуць, нічога не адпавядае паказанаму ў кіно. Ну дзе вы бачылі, каб група аператыўнікаў займалася толькі адным расследаваннем? Адначасова вядуцца некалькі спраў, плюс праводзіцца праверка па фактах, па якіх крымінальныя справы не ўзбуджаны, але яны патрабуюць разбіральніцтва. Дадайце яшчэ афармленне рознай дакументацыі і іншую папяровую работу…
Але ўсё роўна служба была цікавай. Ды і ці можна назваць нецікавай работу па раскрыцці забойстваў, а іх за 14 гадоў службы выкрыта больш за 100 злачынстваў. Дастаткова ўспомніць рэзананснае здарэнне ў пачатку 2000-тысячных гадоў па вуліцы Піянерскай горада. Тады тут загарэўся жылы дом, а на яго папялішчы пажарныя знайшлі абгарэшыя целы людзей. Адразу ўзніклі падазрэнні, што смерць наступіла не ў выніку пажару. Здагадку пацвердзілі эксперты.
— Тады святло ў міліцыі не выключася некалькі начэй, — расказвае мужчына, — “на вушы” паставілі ўсіх, спуску нікому не давалі, каб за лічаны час аднавіць карціну здарэння і акрэсліць кола падазроных. Гэта дапамагло нашым супрацоўнікам затрымаць забойцу, якім аказаўся раней асуджаны мужчына.
Такіх гісторый Генадзь Мікалаевіч ведае шмат.
Чаго варта толькі забойства Пуля ў вёсцы Міхалёва. Нездарма ж яно ўвайшло ў славутую гісторыю беларускага крымінальнага вышуку. Былі яшчэ ў час яго службы цікавыя факты і дэталі ў выкрыцці распаўсюджвання наркотыкаў, грабяжоў, сексуальных злачынстваў.
— Добра памятаю, як нервова і эмацыянальна праходзіла выкрыццё першых фактаў захоўвання і распаўсюджвання наркотыкаў, тады яшчэ мала хто ўсведамляў рэальную пагрозу ад іх, — гаворыць Генадзь Мікалаевіч. – Колькі праклёнаў я пачуў у свой адрас ад матуль падлеткаў і юнакоў, якіх уцягнулі ў гэтую брудную справу. Яны ніяк не хацелі верыць, што іх сынок-прыгажун збірае сваіх сяброў у пакойчыку не музыку паслухаць, а раздаць атруту.
Міліцэйская служба і сёння не адпускае Генадзя Мікалаевіча. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна ён за лічаныя гадзіны мог раскрыць крадзеж з магазіна альбо ў небаракі, які нецвярозым заснуў на аўтобусным прыпынку, быў прызнаны лепшым па прафесіі і пачэсна ўзнагароджваўся па выніках сваёй працы. Па сваіх службовых абавязках, а Генадзь Міхайлавіч вось ужо некалькі гадоў узначальвае Бярэзінскую між-раённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, змагаецца з браканьерамі, ён часта наведвае міліцыю.
— Вядома ж, цяпер закладзеныя мной традыцыі крымінальнай службы паступова забываюцца, — гаворыць ён, — нічога крыўднага ў гэтым не бачу. Сышчыкі ізноў, як і я ў свой час, на перадавой. Зніклі ўжо пэўныя віды злачынстваў, над якімі мы карпелі, на змену ім прыйшлі новыя, тэхналагічныя, выкрыць якія не так проста. Але якімі б не былі супрацьпраўныя дзеянні, яны патрабуюць ад сышчыка поўнай аддачы, нервовага напружання і прафесіяналізму, вялікага жадання дайсці да канца, дакапацца да ісціны. Гэтаму я некалі вучыў сённяшніх сышчыкаў Паўла Кавалёва, Уладзіміра Сялейку, Аляксандра Міхнёнка, а яны, спадзяюся, навучаць моладзь. Дзень свята для мяне — асаблівы дзень, калі адзін за адным у памяці паўстаюць былыя калегі, моманты работы. Нашым шаноўным ветэранам я зычу моцнага здароўя, а сённяшнім “операм” – удачы, таксама здароўя, дабрабыту, узаемаразумення ў сем’ях.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *