Таццяна Лясун — чарговая гераіня праекта рэдакцыі «Пандусы жыцця»

“Ніколі не здавацца: за “хмарамі” абавязкова будзе “сонейка”

З такім дэвізам ідзе па жыцці чарговая гераіня нашага праекта – Таццяна Лясун. І, сапраўды, яна актыўная, мужная, гаваркая дзяўчына, у любой сітуацыі, як бы складана ні было – шукае пазітыў. А складаных сітуацый, на жаль, у жыцці хапае…

— Мая надзейная падтрымка, дарадца — любімая матуля, — зазначае Таццяна. – Вялікі ёй дзякуй за любоў, ласку, за тое, што ў нас ёсць. Віншую цябе, любая, з днём нараджэння і Днём маці! Заставайся такой жа прыгожай, жыццярадаснай. Ты для нас — прыклад працалюбства, мужнасці і любові да жыцця!

Таццяна мясцовая – з Каменнага Барка. З задавальненнем хадзіла ў школу. Вучылася добра. З прадметаў школьных больш за ўсё вабілі яе беларуская літаратура, англійская мова і матэматыка. Здавалася, школьнае бесклапотнае жыццё ніколі не скончыцца. І вось нечакана — 11 клас! Паўстала пытанне, а што далей, ці зможа яна вучыцца ў той альбо іншай установе, жыць у чужым горадзе…
— У мяне з дзяцінства генетычнае захворванне – мышачная дыстрафія. Пашкоджваюцца ніжнія і верхнія канечнасці, — расказвае Таццяна. — І калі захворванне прагрэсіруе з самага дзяцінства, то дзіця вельмі хутка слабее… Гаварылі: магла не дажыць да 20 гадоў. Але, дзякаваць Богу, мне зараз 30, а майму брату (у яго аналагічнае захворванне) – амаль 50! І мы спраўляемся. У дзяцінстве нават не заўважала, як хвароба развівалася. Адчувала сябе звычайным дзіцём. Зараз цяжэй… Ногі з кожным годам слабеюць і слабеюць… Так, мне вельмі-вельмі складана рабіць крокі. У школу было складана хадзіць. Страшна падумаць: як буду вучыцца дзесьці далёка ад дома. Памятаю 11 клас. Доўга сумнявалася, ці патрэбна ехаць кудысьці вучыцца. Перажывала. Пастаянна круціліся думкі, ці спраўлюся?! Чужы горад, мітусня, а ў мяне такая складаная хвароба. Ведала, што наўрад ці змагу працаваць па спецыяльнасці.

Любімае захапленне Таццяны Лясун – вязанне. Яна нават стварае вырабы па італьянскіх схемах

І многія пыталіся, тады навошта вучыцца. Для сябе: каб не сядзець дома і скардзіцца на жыццё, а дзейнічаць, жыць, вучыцца, мець зносіны з людзьмі… Адважылася! Паехала ў Магілёў вучыцца на бібліятэкара. Мала сказаць, што было складана. Але ва ўсіх пачынаннях мяне падтрымлівала мая дружная сям’я. У мяне двое братоў. З намі яшчэ жыве бабуля – Марыя Сямёнаўна. Ёй ужо 90 гадоў: летась адзначыла значны юбілей. І мы ўсе не ўяўляем жыцця без нашай любімай матулі. Яна наша надзейная апора, дарадца.
— Мы тады ўсе перажывалі, як Таццяна будзе вучыцца ў чужым, невядомым горадзе, — заўважае матуля Надзея Міхайлаўна. – Сэрца балела за маю дачушку, як яна там адна! Амаль кожны тыдзень ездзіла да яе. Бачыла, што ёй складана. Але вучоба прыносіць задавальненне. Хай вучыцца, толькі б была шчаслівай, думалася мне.
— А мне заўсёды шанцуе на добрых людзей. Са мной у пакоі ў інтэрнаце жылі цудоўныя дзяўчаты, яны мне і дапамагалі, як кажуць, апекавалі, — дадае Таццяна. – Мне ж кожны дзень падчас вучобы неабходна было шмат хадзіць. Ды яшчэ і падымацца па лесвіцы ў інтэрнат на 5 паверх! Аднойчы, памятаю, быў такі момант, што хацелася ўсё кінуць, вярнуцца ў родную вёску… А дзяўчаты падтрымалі, сказалі, што неабходна перацярпець, хутка будзе лепш: “Скончыш тэхнікум і паедзеш дамоў!” Я ім тады адказала, што не спраўлюся. А яны так упэўнена: “А мы тады навошта?!” Дзякуй маім дзяўчатам за падтрымку! Так прыемна, што вакол столькі добрых, міласэрных людзей, якія, сапраўды, гатовыя дапамагчы.
Калі Таццяна скончыла тэхнікум, ёй было 19 гадоў. Бясспрэчна, хацелася прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Але хвароба не дазволіла… Тады Таццяна знайшла сабе новае захапленне!


— Люблю вязаць кручком і пруткамі. Займаюся гэтым ужо больш за 10 гадоў. Памятаю, у дзяцінстве таксама вязала, але без практыкі навыкі забываюцца. Спачатку, вядома ж, было складана, штосьці не атрымлівалася. Але гэта не пра мяне — кінуць штосьці, не давёўшы справу да канца. Зараз вяжу шапачкі, шалікі, шкарпэткі, пінетачкі для дзетак. Люблю сваім родным рабіць такія прыемныя сюрпрызы. Вязаць не складана, а наадварот, цікава. Схемы часцей за ўсё шукаю ў інтэрнэце. Іх там вялікая колькасць. Як кажуць, выбірай, што па душы. У сацыяльных сетках вельмі шмат клубаў па вязанні, шмат людзей, якія захапляюцца гэтым. Мы актыўна абменьваемся інфармацыяй, раімся, падказваем, як лепш зрабіць той альбо іншы выраб.
Таццяна мяне здзівіла, калі сказала, што час ад часу ёй дасылаюць у сацыяльных сетках схемы для вязання з Італіі.
— Так, я добра валодаю італьянскай мовай. У школьныя гады ездзіла па спецыяльнай праграме на канікулы ў Італію. Мне лёгка даецца замежная мова. Не хочацца яе забываць. Таму чытаю кнігі. А часцей гутару па відэасувязі, перапісваюся з сябрамі з Італіі, — расказвае Таццяна. – 6 разоў ездзіла ў гэту краіну. Уяўляеце, 90-ыя гады. Вясковыя дзеці адпраўляюцца на цудоўныя канікулы. Некалькі гадзін – быццам у іншым свеце. Мора, ракавінкі, сонца, спякота, экскурсіі… Але дамоў усё роўна хацелася, да сваіх родных, да любімай матулі!
— Нават не хацелася ў першы раз адпускаць Таццяну! Гэта ж такі далёкі свет. Але пасля доўгіх перамоў вырашылі, што калі яшчэ такі шанц будзе, — заўважае Надзея Міхайлаўна.
— Дзякуючы паездкам, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі і вывучыла мову. Пакуль, не дасканала! Таму мару ведаць яе на “выдатна”.
Упэўнена, гэтая мара здзейсніцца. Таму што Таццяна не з тых людзей, якія кідаюць справы незавершанымі. Любую, за якую бярэцца, дзяўчына імкнецца давесці да канца. Гутару і адчуваю, наколькі Таццяна мужны, адказны, працалюбівы чалавек.
— Я не люблю сядзець без справы. Пастаянна імкнуся знайсці падпрацоўку, — расказвае Таццяна. – Кудысьці хадзіць альбо ездзіць на працу мне, вядома ж, складана. Таму шукаю работу-анлайн. Я добра валодаю камп’ютарам, таму без працы не сяджу. Вось зараз спрабую сябе ў касметычнай кампаніі. На першы погляд – справа не складаная. Але калі пачынаеш разбірацца… Буду вучыцца. Галоўнае – было б жаданне! Спраўлюся. Бо, пагадзіцеся, калі не паспрабуеш, то і не даведаешся, падыходзіць табе гэта альбо не! Тым больш, што ў мяне такая надзейная падтрымка – мая матуля. Яна прыклад ва ўсім: працалюбівая, жыццярадасная, упэўненая ў сабе, мужная.
Дарэчы, якраз у той дзень, калі мы завіталі да Таццяны, яе матулі Надзеі Міхайлаўне споўнілася 70 гадоў. Але, гледзячы на гэтую бадзёрую, пазітыўную жанчыну, складана нават гаварыць пра паважаны ўзрост!
— Амаль усё жыццё адпрацавала ў мясцовым калгасе лабарантам. Ужо больш за 18 гадоў на пенсіі. Але сумаваць няма калі! Трымаем гаспадарку, садзім вялікі агарод. А яшчэ вельмі люблю кветкі. Яны дораць станоўчыя эмо-цыі і натхняюць. Гляджу на іх прыгажосць, усміхаюся.
Бачна, што сям’я Лясун, сапраўды, дружная. Тут усе падтрымліваюць адзін аднаго, не пакідаюць у бядзе.
— Так, без сям’і не справілася б з цяжкасцямі, — заўважае Таццяна. – Што магу параіць людзям, у якіх ёсць пэўныя праблемы са здароўем?! Парады даваць складана. У кожнага свае абставіны. Адно магу сказаць дакладна: усё праходзіць — і чорную паласу абавязкова змяняе белая. Што б ні здарылася, праз пэўны час “хмары” расступаюцца і з’яўляецца “сонейка”. Так і чалавек, устае і разумее, што справіўся з праблемай, жыццё працягваецца. Ёсць такі выраз: “Я вырашыла праблему! Як? А я вырашыла, што гэта не праблема!” Калі ты штосьці не можаш зрабіць, значыць – не хочаш! А калі хочаш – прыкладзі максімум намаганняў і ўсё атрымаецца! Таму жадаю ўсім не падаць духам, больш усміхацца! Быць мужнымі і не прагінацца пад жыццёвымі цяжкасцямі!

Юлія БУКЕЛЬ. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Таццяна Лясун — чарговая гераіня праекта рэдакцыі «Пандусы жыцця»: 1 комментарий

  • 16 октября 2020 в 22:05
    Permalink

    Спасибо вам за такую публикацию!!!! Она даёт силы жить, спасибо,была удивлена!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *