“Так не хочацца, каб зноў прыйшла “карона”.

Калі ласка, захоўвайце ўсе меры прафілактыкі!”

Працоўны дзень старшай медыцынскай сястры тэрапеўтычнага аддзялення Бярэзінскай ЦРБ пачынаецца каля 7 гадзін раніцы. І так ужо на працягу больш чым 20 гадоў. Аксана Міхайлаўна — адказная, руплівая, старанная, патрабавальная да сябе і іншых. Імкнецца выконваць сваю работу на выдатна. Таму і не дзіўна, што менавіта Аксана Піскун за добрасумленную, шматгадовую працу была адзначана Падзякай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.


У свой час жанчына скончыла Барысаўскае медыцынскае вучылішча. Яна мясцовая, таму, бясспрэчна, прыехала на працу ў родную райбальніцу. Давялося спачатку некаторы час папрацаваць медыцынскай сястрой у аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі. Затым шчыравала медыцынскай сястрой
у тэрапеўтычным аддзяленні.
— Ведаеце, мне было даспадобы. Кожны дзень новыя пацыенты, з кожным пагутарыш, выканаеш назначэнні — работа насычаная, шматгранная, пастаянна ў руху. Суткі дзяжурства праляталі вельмі хутка, — расказвае Аксана Міхайлаўна. — У 2009 годзе прапанавалі работу старшай медыцынскай сястрой тэрапеўтычнага аддзялення. Працаваць зараз удвая складаней. Гэта ж адказваю не толькі за сваю справу, але і за іншых. Даводзіцца прыходзіць на працу вельмі рана. Неабходна прыняць змену, калі ёсць пытанні, вырашыць, звярнуць увагу на захаванне ў аддзяленні санітарна-эпідэміялагічных нормаў, калі паступілі пацыенты, аформіць, затым пачынаю выдаваць медыкаменты…
Калі на базе райбальніцы функцыянаваў шпіталь, Аксана Піскун працавала старшай медыцынскай сястрой трэцяга і другога інфекцыйных аддзяленняў.
— Ці было страшна?! Магчыма, толькі спачатку, калі дакладна не ведалі, што гэта за вірус, як з ім змагацца. Проста нельга ні ў якім разе ігнараваць меры ўласнай бяспекі. Ведаеце, мае абавязкі ў сувязі з працай у шпіталі кардынальна не змяніліся: афармляла пацыентаў, выдавала медыкаменты. Ды ўсё было рабіць складаней, бо апранутыя былі ў сродкі індывідуальнай аховы.
Вядома ж, пасля такой напружанай фізічна і маральна працы неабходна добра адпачываць. Чэрпае бадзёрасць Аксана Міхайлаўна ў сям’і. Яны з мужам Сяргеем Міхайлавічам жывуць ва ўласным доме. Трымаюць даволі вялікую гаспадарку. Таму прачынаецца Аксана Міхайлаўна, увогуле, вельмі рана – на гадзінніку няма яшчэ і 5 гадзін раніцы.
— У нас невялікі агарод “для душы”. Шчыра прызнаюся, мне даспадобы працаваць на зямлі, — расказвае Аксана Міхайлаўна. — Прыходжу з працы стомленай, штосьці прапалола, пасадзіла – адразу ж вяртаецца добры настрой, адчуваю сябе бадзёра! Люблю кветкі — лілеі, аксаміткі, ружы.
Аказваецца, Аксана Піскун шматдзетная матуля і ўжо нават бабуля. Старэйшая дачушка Вераніка звязала жыццё таксама з медыцынай,
скончыла медкаледж.
Сын Ілья вучыцца на чацвёртым курсе ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС
Рэспублікі Беларусь. Малодшая дачушка Вікторыя – вучаніца чацвёртага класа.
— Калі толькі пачалі гаварыць пра “карону”, я расказала сваёй малодшай дачушцы, што гэта за інфекцыя такая, як перадаецца. Растлумачыла: неабходна дасканала мыць рукі і апрацоўваць іх антысептыкамі, — расказвае медык. – І Віка адразу ж усё зразумела. Дзіўна, нават нас зараз кантралюе, каб мылі рукі, апрацоўвалі іх антысептычнымі сродкамі. Я і зараз нагадваю пастаянна блізкім, родным, што ні ў якім разе нельга ігнараваць меры прафілактыкі. Мы ў бальніцы зараз рыхтуемся да другой хвалі каранавіруснай інфекцыі: ёсць неабходныя сродкі індывідуальнай аховы, абсталяванне. І калі спатрэбіцца, я зноў магу працаваць у шпіталі.
Але, ведаеце, так не хочацца, каб да нас прыйшла зноў “карона”. Мы робім для гэтага, здаецца, усё магчымае: наведвальнікам паліклінікі вымяраюць тэмпературу бескантактным тэрмометрам, у бальніцы захоўваецца масачны рэжым, абмежавана наведванне хворых, у нас у аддзяленні стаяць дазатары
з антысептыкамі… Але хочацца, каб і людзі былі больш уважлівымі да свайго здароўя.

Парады па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі

— У месцах масавага знаходжання людзей (гандлёвыя аб’екты, пошта, банк, паліклініка) абавязкова выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання.
— Дасканала мыць рукі і апрацоўваць антысептычнымі сродкамі.
— Захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *