Так супрацоўнікі рэдакцыі на Ражство віншавалі бярэзінцаў са святам

Ражство – цудоўнае, “цёплае” свята, якое, бясспрэчна, хочацца правесці з блізкімі, роднымі, сябрамі. Для калектыву рэдакцыі найлепшыя сябры – чытачы газеты. Таму з самай раніцы 7 студзеня супрацоўнікі рэдакцыі раённай газеты “Бярэзінская панарама” спяшаліся павіншаваць бярэзінцаў са святам.

— А нам ужо прыйшла “каляровая” газета. Дзякуй за каляндар на 2021 год. Будзе ўпрыгожваць кватэру і нагадваць пра памятныя даты, — гаварылі падпісчыкі.

А мы ж у сваю чаргу віншавалі:

— Паважаныя чытачы, жадаем вам, вядома ж, толькі станоўчых, пазітыўных, правераных, “свежых” навін у дом! Гэтае пажаданне вельмі проста здзяйсняецца: неабходна выпісаць раённую газету. І кожную сераду і суботу з задавальненнем знаёміцца з нашымі артыкуламі. Таксама можна сачыць за навінамі на нашым сайце і ў групах у сацыяльных сетках – там змяшчаецца самая “гарачая” інфармацыя, шмат здымкаў, відэа з мерапрыемстваў, што ладзяцца на Бярэзіншчыне! Мы і надалей будзем радаваць вас цікавымі конкурсамі, віншаваць са святамі, дарыць падарункі, здзіўляць творчымі знаходкамі!Заставайцеся, калі ласка, з намі і надалей!

Адной з першых павіншавалі Людмілу Заяц. Яна ішла ў храм на святочную службу з сынам.

Як аказалася, Людміла Іванаўна “сябруе” з газетай даўно. Ёй падабаецца чытаць матэрыялы школьнай і
культурнай тэматыкі.

— Я шмат гадоў працую ў пачатковай школе настаўніцай музыкі і спеваў, — гаварыла Людміла Іванаўна. – Таму, бясспрэчна, у першую чаргу шукаю ў газеце матэрыялы пра адукацыю.

— Нечакана было ўбачыць вас сёння, — гаварыла жанчына. – Такое прыемнае віншаванне! І я таксама віншую калектыў любімай “раёнкі” са святам, жадаю творчага натхнення і здзяйснення ўсяго задуманага.

Павіншавалі мы са святам і Вольгу Пашкевіч. У яе таксама значны “стаж” сяброўства з “раёнкай”. Неаднаразова жанчына сама была гераіняй публікацый.

— Для нас раёнка – сямейная газета. Чытаем яе з мужам даўно! – зазначыла В. Пашкевіч. – Прыцягваюць матэрыялы пра людзей! Асабліва з задавальненнем чытаем пра знаёмых, родных, нашых вяскоўцаў (сама я з Паплаў). Не мінаю і прафілактычныя матэрыялы, бо ведаю, як важна данесці да людзей у даступнай форме неабходную інфармацыю.

Гутарылі мы не толькі з дарослымі, але і з дзецьмі. Бо імкнёмся, каб газета была цікавай для ўсіх катэгорый насельніцтва. Ды і
пішам пра ўсіх: людзей паважанага ўзросту, працаўнікоў, моладзь, падлеткаў, і нават… пра немаўлят!

Увогуле ж, у святочны дзень павіншавалі каля 100 бярэзінцаў. Кожнаму падарылі не толькі нумар газеты, але і, спадзяёмся, святочны настрой.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *