Твае людзі, лес! “Мне ўсё тут падабаецца!”

Ірына Лышко працуе ў Любушанскім лясніцтве ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” з 2007 года. Клопатаў у майстра лесу хапае заўсёды.

Яна размяркоўвае работу паміж леснікамі, абыходы якіх увахо-дзяць у яе ўчастак, інструктуе іх па пытаннях лесакарыстання, правядзення супрацьпажарных, лесакультурных, лесаахоўных і іншых лесагаспадарчых мерапрыемстваў; адводзіць лесасекі — участкі, на якіх будуць праходзіць высечкі (дарэчы, падлягаюць высечцы толькі тыя дрэвы, якія дасягнулі «спелага» ўзросту); здзяйсняе кантроль за выкананнем леснікамі сваіх абавязкаў, складае пратаколы аб выяўленых парушэннях ляснога заканадаўства і інш.
— Я трапіла на Бярэзіншчыну пасля заканчэння вучобы ў Полацкім лясным тэхнікуме, — гаворыць дзяўчына. – І хоць сама родам з Полацкага раёна, але ніколькі не шкадую, што трапіла менавіта сюды. Лясы паўсюдна трэба даглядаць і ахоўваць, і на лясных тэрыторыях заўсёды шмат работы.
Тут сярод працоўных будняў Ірына Васільеўна сустрэла свайго суджанага – Дзмітрыя Васільевіча. Ён працуе лесніком і хобі мае самае мужчынскае – паляванне.
— Я хобі яго не падзяляю, — дадае Ірына Лышко. – Мне шкада дзікіх жывёл і птушак. Мы з дзецьмі ходзім у лес палюбавацца хараством прыроды, паласавацца ягадамі. Малодшанькаму Яўгену (ён першакласнік) вельмі падабаюцца такія прагулкі, а старэйшаму Аляксею (у наступным навучальным годзе пойдзе ў шосты клас) больш даспадобы пасядзець за камп’ютарам. У нас уласны дом у аграгарадку Любушаны, трымаем хатнюю гаспадарку. Вельмі люблю, калі на прысядзібным участку жаўцее фарзіцыя, распускаюцца нарцысы, а з лясных кветак больш падабаюцца пралескі. Наогул, мой дом, мая работа — мне ўсё падабаецца.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *