Творчасць з фантастычным сюжэтам

Перад самымі святамі пабачыў свет зборнік твораў нашага супрацоўніка, карэспандэнта Аляксандра Бычкоўскага “Дзеці Сільмарыліёна”. Падзея, якая адбываецца не часта, несумненна, радасная для самога аўтара, дорыць святочны настрой на Новы год.  Пра што гэта кніга? Паразмаўляем на гэтую тэму з аўтарам.

– Найперш гэта фантастыка, якую я люблю з дзяцінства. Фантастыка ж у нашым жыцці займае шмат месца. На самой справе гэта не толькі тое, што мы прывыклі думаць, фантастыка мае больш шырокае значэнне. Гэта літаратура пра цуда, пра тое, чаго не можа быць, але праглядаецца ў пэўных абставінах. Аднак “Дзеці Сільмарыліёна” прысвечаны менавіта навуковай фантастыцы, таму, што называецца science fiction, і ў першую чаргу паджанру – касмічная опера. У кніжцы змешчаны творы і новыя, і старыя. Ёсць тыя, якія друкаваліся ў “Полымі”, у расійскім часопісе “Шалтай-Болтай”, і ёсць тыя, якія нідзе не друкаваліся. Асобныя апавяданні вытрыманыя ў жанры фэнтэзі.

– Чаму менавіта такая назва і што яна азначае?

– У сусветнага класіка літаратуры, айца-заснавальніка фэнтэзі Джона Р.Р.Толкіена ёсць кніга “Сільмарыліён”, гэта зборнік легенд і паданняў казачных народаў Сяродзем’я. У маёй аповесці маецца адсылка на Толкіена, там вялікіх памераў карабель “Сільмарыліён” вандруе па Сусвеце і збірае артэфакты і легенды забытых народаў, якія даўным-даўно насялялі Зямлю і потым рассяліліся па зорках. Мне падалося гэта цікавым і алегарычным.

Вось стварыў ты песню, запісаў на флэшку, ці іншы электронны носьбіт, а праз некалькі тысяч гадоў нехта знайшоў, паслухаў і захапіўся, як цяпер захапляюцца наскальнымі малюнкамі ці егіпецкімі іерогліфамі. І міжволі задумваешся: а дзе цяпер нашчадкі тых людзей, кім сталі, што ўяўляе зараз той народ? Прыкладна так.

– Як доўга пісалася кніга?

– Гэта ўсё адносна. Бывае адзін твор ў зборніку напішаш пяць гадоў таму, і вось ён столькі часу ляжаў, чакаў чаргі… У мяне бывае так: часам напішу пару дзясяткаў старонак і ўсё, ляжыць пачатак гады тры, пакуль раптоўна нешта наплыве, у галаве з’явіцца працяг сюжэта. Так і было з загалоўнай аповесцю ў кнізе. А часам здараецца, што вялікі твор можа быць напісаны даволі хутка. Скажу па сакрэце: цяжэй за ўсё, паверце, напісаць прыгодніцкі твор з закручаным сюжэтам, на гэта патрабуецца майстэрства і шмат часу. Гэта – як гаспадыня на кухні некалькі гадзін гатуе арыгінальны пачастунак, а госці з’ядуць за пяць хвілін. Так і з кнігай, тое, што захапляе і чытаецца за два-тры вечары, можа стварацца некалькі гадоў. Творчасць – яна такая.

– Што адчувае пісьменнік, калі выйшла кніга?

— Вось пра тое праўду не пішуць. Стомленасць, спустошанасць, нават трошкі самоту. А яшчэ задаволенасць і ціхую радасць. Кніга існуе самастойна. Напісаў і забыўся. Выправіў у шлях і ўсё.

– Як даўно Вы пішаце?

– Бадай са школы. Было цікава сачыняць гісторыі, праўда, па-за межамі школьнай праграмы. Школьныя сачыненні мне даваліся з вялікай цяжкасцю. Дый увогуле я неяк урокі літаратуры ўспрымаў па-свойму. Усе чытаюць “Людзей на балоце”, я – “Майстра і Маргарыту”, усе праходзяць Пушкіна, а мне ён нецікавы, я чытаю “Дон Кіхота” і зборнік апавяданняў Саймака. Усе пішуць сачыненне, а я – анекдоты. Так што з літаратурай я не сябраваў у той час, але спрабаваў пісаць фантастыку. Хаця надрукаваўся ў першы раз праз дванаццаць гадоў пасля школы.

– Што для Вас літаратура?

– Для мяне літаратура – гэта дзейсны тэрапеўтычны сродак ад самоты і дэпрэсіўных настрояў. Я жыву ў сваіх творах. Наогул фантастыка – гэта сродак збегчы ад рэальнасці для адных і наблізіць будучыню, пабудаваць новы свет – для другіх. Вось далучаю сябе да тых, другіх.

– Ці пішаце Вы пра сябе?

– Кожны пісьменнік прыносіць у творчасць часцінку ўласнага жыццёвага досведу. Аднак я дужа не люблю, калі ў маіх героях спрабуюць разглядзець мяне. У літаратуры гэта лічыцца моветонам, калі гутарка не ідзе пра мемуары. Мне падабаецца балансаваць на мяжы жанраў і пісаць у гэтым плане нават рызыкоўныя рэчы, такія як філасофскі сцёб. Але ж у любым выпадку гэта перажыванні лірычнага героя, якога нельга ні ў якім выпадку блытаць з асобай аўтара. Мастацкая літаратура часцяком дапускае пераўвасабленне ў вобразы звар’яцелых дзікуноў, але не даруе прымітывізму ў адносінах да творцы.

– Вы маеце багаты жыццёвы вопыт…

– Літаратар павінен адчуць скурай, як жывуць людзі, і мне тое атрымалася на поўніцу. І качагарыў, і пілаваў дошкі, і машыны мыў, і вартаваў, і нават ёсць пасведчанне электраманцёра… Мне падабаецца прытча, расказаная асабіста мне адным з лепшых айчынных празаікаў. Цябе жыццё месіць нібы цеста. Замяшала адзін раз, ты пажыў, потым замяшала другі раз – пажыў, потым трэці. Ты кожны раз замешаны па-новаму, але ты заўсёды Бычкоўскі. Хоць ты заўсёды атрымліваешся розным, аднак з твайго цеста іншага чалавека не злепіш. Проста сёння ты такі, а праз год – іншы. Але ты ёсць ты. І так з кожным чалавекам. Прыкладна на тое і арыентуюся.

– Якая любімая кніга, што параіце сваім чытачам?

– З любімых кніжак нешта параіць складана, бо ў кожнага кніжніка свае спісы. Хтосьці без роздуму паглынае серыялы пра турму і бандытаў, хтосьці штудзіруе квантавую тэорыю струн, а хто і жаночыя раманы… Што датычыцца мяне, чытаю Біблію штодня, вельмі натхняе і заўсёды дапамагае. Параю чытачам, адарвацца ад гаджэтаў і сацыяльных сетак, і больш часу прысвячаць літаратуры, па-першае, сусветнай класіцы і беларускай мінулага стагоддзя. І галоўнае, не губляць добрага настрою, асабліва на Новы год і Нараджэнне Хрыстова!

Гутарыла Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *