У ААТ «Месціна» — новы кіраўнік. Што ў яго планах?

Са снежня 2020 года пасаду дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Месціна” займае Андрэй Клімянкоў. Ён у гаспадарцы чалавек не новы, бо з чэрвеня мінулага года працаваў тут галоўным інжынерам, а затым выконваў абавязкі дырэктара.

ААТ “Месціна” традыцыйна займаецца жывёла-гадоўляй і вырошчваннем збожжа і робіць гэта дастаткова плённа. Месцінскія хлебаробы ў 2019 годзе заваявалі гаспадарцы першае месца па выніках жніва ў раёне і кожны год насуперак розным абставінам маюць нядрэнны намалот збожжа і багаты запас травяных кармоў. Старанне і клопат механізатараў забяспечылі гаспадарцы прырост малочнай і мясной прадукцыі. Па выніках работы за студзеньлістапад мінулага года гаспадарка павялічыла пагалоўе з 1559 да 1646 галоў, прырасціла валавую вытворчасць малака і буйной рагатай жывёлы, павялічыла рэалізацыю і памножыла прыбытак. Аднак гаворыць кіраўнік пра гэтыя дасягненні сціпла, бо па выніках работы за 11 месяцаў летась прадуктыўнасць рагулі складала менш за сярэднераённы паказчык, ды і сярэднядзённы надой малака пакуль не дасягае і дзесяці кілаграмаў. Непакояць Андрэя Сяргеевіча і сярэднясутачныя прывагі маладняку ў 471 грам.

— Гэтаму ёсць тлумачэнне, бо большасць нашых аб’ектаў патрабуе мадэрнізацыі і рэканструкцыі, — зазначае кіраўнік, — не хапае ў нас і працаўнікоў, ёсць пакуль праблемы з дысцыплінай, што не дазваляе ў поўнай меры наладзіць высокатэхналагічную працу на фермах.

Аднак апускаць рукі і скардзіцца на абставіны пачынаючы кіраўнік не збіраецца. Сумесна са спецыялістамі ў бліжэйшы час распрацуе план выхаду з сітуацыі.

— Патрэбна зменшыць долю ручной працы, перагледзець рацыён статка, наладзіць дыферэнцыраванае кармленне жывёлы, забяспечыць дысцыпліну і санітарны парадак на фермах, каб павялічыць якасць рэалізуемай перапрацоўшчыкам
прадукцыі, — падкрэсліў А. Клімянкоў. — Не выключана, што будуць перагледжаны ўмовы аплаты працы, дзе кожны руплівы і старанны работнік атрымае магчымасць папоўніць свой дабрабыт.

У тым, што на паляпшэнне вытворчых спраў Андрэй Сяргеевіч настроены рашуча, сумнявацца не даводзіцца.

— Жывёлагадоўля была і ёсць асноўнай крыніцай даходаў, якая дае сродкі на развіццё гаспадаркі, – падкрэслівае ён. – Укладзены ў ферму рубель абавязкова вернецца селяніну і прадпрыемству прыбыткам.

У планах Андрэя Клімянкова адрадзіць у гаспадарцы і паўзабытае вырошчванне насеннікаў шматгадовых траў.

— Ведаю, што месцінскія земляробы ў свой час паспяхова займаліся гэтай справай і практычна ўвесь раён забяспечвалі насеннем траў, — падкрэслівае дырэктар, — змаглі перазалужыць сенажаці і пашы, мелі даход і добрую прыбаўку малака і мяса. Ды і сёння, калі бал нашых сельгасугоддзяў адзін з самых высокіх у раёне, гэта справа пры належным старанні абяцае нам поспех. Пачнём ужо ў гэтым годзе, плануем адвесці пад шматгадовыя травы 300 гектараў.

Амбіцыі і планы кіраўніка падтрымлівае калектыў гаспадаркі, які бачыць у ім дастойнага пераемніка былых гаспадарчых традыцый. Павінны дапамагчы яму рэалізаваць задуманае адукацыя і працоўны вопыт. За плячыма ў Андрэя Сяргеевіча праца ў шэрагу гаспадарак раёна і дыплом інжынера Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Што даў ён кіраўніку?

— Расія зараз перажывае пэўны росквіт сельскай гаспадаркі, які забяспечваецца дзякуючы навацыям і праву ўласнасці на зямлю, – гаворыць А. Клімянкоў. — Мы ж таксама можам пераняць карысны вопыт. Галоўнае — заахвоціць людзей шчыраваць сумленна і старанна, бачыць рэальны плён ад працы на зямлі. У гэтым і заключаецца першачарговая задача сучаснага кіраўніка сельгаспрадпрыемства!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *