У алгарытме шчасця — здаровы лад жыцця!

У самы разгар першай хвалі пандэміі славуты на ўвесь свет Джасцін Цімберлейк паскардзіўся, што не можа справіцца з выхаваннем свайго адзінага дзіцяці. Хутчэй за ўсё прызнанне славутага акцёра, музыканта і спевака было зроблена ў адчаі і з’яўляецца хвілінай слабасці , бо ён на пэўны час пазбавіўся канцэртаў, выступленняў і застаўся самнасам са сваёй сям’ёй. Аднак ёсць у гэтым крыку адчаю і пэўны сэнс: большасць бацькоў не ведаюць, чым заняць сваіх дзяцей і перакладаюць увесь цяжар выхавання на школу.

Нездарма ж педагогі як мага хутчэй стараюцца далучыць татаў і матуль да сямеснай дзейнасці з дзецьмі, імкнуцца зрабіць гэты час яркім і незабыўным, жадаюць, каб яны сталі вернымі сябрамі і прыкладам для сваіх сыноў і дачушак. Аднак, як высветлілася, ва ўсім існуюць выключэнні. Як прыклад, сям’я Ірыны і Аляксандра Зябко. Яны разам ужо 15 гадоў, гадуюць дваіх дзяцей — Аліну і Захара, а ў аснову выхавання і сямейнага шчасця паклалі здаровы лад жыцця і далучэнне да фізічнай культуры. Бацькі зазначаюць: ім з дзецьмі не сумна і вольнага часу на ўсё хапае.

Дружная спартыўна-творчая сям’я Зябко: Аляксандр, Захар, Аліна і Ірына. Тут усе паважаюць адзін аднаго, а дарослыя вышэй за ўсё ставяць не ўласныя, а дзіцячыя інтарэсы, імкнуцца не патураць іх капрызам, а сваім уласным прыкладам настройваць на здаровы лад жыцця

Жыве сям’я ў трохпакаёвай утульнай кватэры. Тут не пабачыш вялікай сямейнай канапы перад экранам телевізара, двух’ярусных ложкаў і лішніх столікаў з чыпсамі. Дарослым тут належыць толькі спальны пакой, а ўся астатняя плошча — дзецям. У кожнага з іх — свой уласны пакой. У Аліны, як і належыць дзяўчынцы падлеткавага ўзросту, з мноствам кніг і папер, гітарай, а самы вялікі і прасторны — у Захара. Тут у яго тэлевізар, розныя спартыўныя снарады, дыван і канапа. З лішкам хопіць месца пагуляць з сябрамі ды пазаймацца спортам.

— Мы з мужам лічым, што ў дзяцей павінна быць уласная прастора для дзейнасці, — зазначае Ірына, — дзе б ім было камфортна і ўтульна, дзе яны маглі б займацца любімымі справамі. Яны ж растуць і паступова асвойваюць гэты свет.

Ёсць у кватэры і месца, дзе амаль кожны вечар збіраецца сям’я. Гэта вялікі сямейны стол на сучаснай кухні. Тут увечары пасля цяжкага дня садзяцца на свае месцы дзеці і дарослыя.

— Мы серыялы і тэлеперадачы не глядзім, ды ў камп’ютары гадзінамі не сядзім, затое любім збірацца на кухні, пажартаваць, пасмяяцца, падзяліцца тым, што адбылося за дзень, — расказвае жанчына. – Усе мы – прыхільнікі здаровага ладу жыцця і звычайна не наядаемся нанач. Толькі Захар можа з’есці лішні кавалачак торта позна вечарам. Аднак яму гэта дазваляецца!
У кожнага члена сям’і Зябко на руках — разумны гадзіннік, дзе фіксуецца мноства паказчыкаў, у тым ліку і колькасць крокаў. У лідарах тут — Захар. У дзень хлапчук робіць амаль 20 тысяч крокаў. На другім месцы — бацька: яго звычайная норма ад 13 да 16 тысяч крокаў. Толькі ў Ірыны гэты паказчык у асобныя дні ледзь перавышае 10 тысяч крокаў.

Захар вучыцца ў 5-ым класе, падцягваецца 20 разоў, можа на роўных з бацькам прабегчы доўгую дыстанцыю. У вольны час замест камп’ютара выбірае заняткі ў спартыўнай секцыі па грэка-рымскай барацьбе. Трымаць сябе ў патрэбнай форме дапамагае бокс. Балазе, у яго пакоі вісіць сапраўдная баксёрская груша!

— Я працую галоўным спецыялістам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, муж – выкладчык фізікі і матэматыкі ў СШ №3, — гаворыць маладая жанчына, — праца ў большасці сваёй сядзячая і не патрабуе фізічных намаганняў. Ды што рабіць, калі ва ўмовах сучаснай кватэры рухацца ў нас шмат не атрымліваецца, дзецям, здараецца, няма чым сябе заняць.

Аднак, гледзячы на падцягнутых і ўвішных маладых людзей, не паверыш, што яны ўвесь свой вольны час марнуюць дарэмна.
— Муж ушчыльную заняўся спортам і фізічнай культурай, пяць гадоў таму пачаў бегаць, — расказвае Ірына, — у хатніх умовах штодзень разам з сынам выконвае розныя фізічныя практыкаванні, сваімі рукамі вырабляе спартыўныя прылады і стварыў сістэму заняткаў. Як мне ад іх адстаць!

Аляксандр без перабольшвання — выдатны гаспадар, любімы муж і цудоўны бацька, які здольны забяспечыць камфорт і ўтульнасць сваім родным, ніколі не паскардзіцца на самоту і надасць сям’і новы жывы інтарэс

Кожны спартыўны занятак Захара прадуманы да драбніц і нават укладзены ў пэўны бацькоўскі графік.

— Мы займаемся практычна кожны дзень, фізічная нагрузка складаецца з самых розных практыкаванняў, — зазначае Аляксандр. — Тут і кардыянагрузкі, і аэробныя практыкаванні, і плаванне, і бокс, і заняткі бегам з сынам.

Тату і сына бярэзінцы могуць убачыць у басейне, на антывандальных трэнажорах, у трэнажорнай зале і на бегавых дарожках.

— Сёння ў нашым горадзе безліч магчымасцей для заняткаў спортам з дзецьмі, — лічыць мужчына, — галоўнае, каб дарослыя не ляніліся і маглі зацікавіць дзятву. Я ж раблю ўсё гэта ўласным прыкладам – займаюся разам з сынам. Мы нават бегаем з ім на доўгія дыстанцыі.

Звычайны бегавы маршрут сям’і Зябко налічвае 6 — 8 кіламетраў у дзень і пралягае цераз мост альбо па пешаходнай дарожцы да вёскі Глухі Ток.

— Вядома, што бег — манатонная справа, але прымусіць сябе кожны дзень пераадольваць дыстанцыю мне дапамагаюць гарачыя вочы сына і розныя дадаткі ў смартфоне, — удакладняе мужчына, – дзе можна адсачыць усе фізічныя паказчыкі і параўноўваць сябе з сябрамі. Шкада, але такіх аматараў бегу ў нас няшмат!

Толькі за гады заняткаў Аляксандр набыў выдатную фізічную форму і не мае пытанняў са здароўем і лішняй вагой. Можа падцягнуцца ў свае 30 + амаль 25 разоў, ды і ў бегу паказвае нядрэнныя паказчыкі. Раўняецца на яго і Захар, які ў пятым класе падцягваецца ўжо 20 разоў і без цяжкасцей бегае з бацькам.

— Гэта – не мяжа і мы працягваем штодзень старанна займацца, — зазначае мужчына, — трэба яшчэ папацець над вынослівасцю і сілай. У нас для гэтага ёсць свая шведская сценка, груша для заняткаў боксам і эспандэр, самаробныя драўляныя прылады для “аджыманняў”. Іх пры жаданні зможа змайстраваць кожны мужчына.

Ірына лічыць, што адказная сядзячая работа, сям’я і трохпакаёвая кватэра ніяк не перашкаджаюць здароваму ладу жыцця, наадварот, карысная справа аб’ядноўвае людзей, робіць іх жыццё яркім і насычаным, вучыць чуць і адчуваць адзін аднаго

 

Не стаіць убаку ад заняткаў фізічнай культурай і Ірына. Яна на роўных з мужам бегае і выконвае фізічныя практыкаванні.

— Адстаць ад сваіх мужчын не магу, бо мы ж — адна сям’я. Я заўсёды выкройвала час і вяла актыўны лад жыцця, — расказвае пра сябе Ірына, — займалася аэробікай, а потым услед за мужам пераключылася на бег. Нават трапіла ў лік перспектыўных аматараў гэтага віду спорту, калі пачала выступаць на розных спаборніцтвах. Не магу сказаць, што пачынаць было лёгка. Не! Пачынаць бегаць цяжка, пасля першых кіламетраў ные ўсё цела і сэрца калоціцца як у зайца. Але раз за разам, з кожным кіламетрам ты ўцягваешся і пачынаеш адчуваць пэўнае задавальненне і прыліў сіл. Таму хочацца і далей удасканальваць сябе! А для гэтага мы і маем намер сям’ёй вывучаць англійскую мову!

 

Планаў у сям’і Зябко багата і тычацца яны кожнага. Крышачку падводзіць іх у спартыўным плане толькі Аліна.

Інтарэсы Аліны зараз скіраваны на маляванне і музыку. Бацькі ставяцца да гэтага з разуменнем, але спадзяюцца, што калі–небудзь яна вернецца ў іх атрад бегуноў

— Яна ў нас асоба творчая, — гаворыць Ірына, — ёй падабаецца маляваць, чытаць, а нядаўна яна вырашыла вучыцца іграць на гітары. Мы яе жаданням не пярэчым, але спадзяёмся, што калі–небудзь яна вернецца ў наш сямейны атрад бегуноў. Магчыма, у яе адродзіцца былы інтарэс да бегу і яна самастойна знойдзе ў гэтым занятку пэўны сэнс, а можа, што хутчэй за ўсё, падбярэ і складзе пэўны алгарытм інтарэсу да актыўных заняткаў спортам ёй бацька. Ён у нас да кожнага вучня ў школе мае свой ключык, распрацуе свой метад.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *