У Брадцы затрымалі хулігана. Што пагражае п’янаму задзіру?

19 ліпеня ў дзяжурную часць Бярэзінскага РАУС звярнуўся 20-гадовы жыхар аграгарадка Брадзец. Яго без дай прычыны збіў ноччу незнаёмы мужчына.
Сышчыкі адразу ўстанавілі асобу хулігана ў адным з самых спакойных аграгарадкоў раёна і затрымалі яго. Ім аказаўся 25–гадовы абвальшчык. Будучы ў нецвярозым стане, ён наўмысна з-за пагарды пабіў маладога чалавека: нанёс яму некалькі ўдараў рукой і нагой, у выніку чаго пацярпеў твар і быў пабіты нос.
П’яны задзіра быў вядомы сышчыкам. Мужчына прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства і ўжо адказваў за свае п’яныя “подзвігі” перад судом у 2016 годзе.
— Аднак, як бачым, пакаранні і прафілактычная работа з грамадзянінам плёну не мелі, — заўважыў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, капітан міліцыі Аляксей Грэчка. — Ды і не раскайваецца ён ва ўчыненым. Пры затрыманні хлусіў, выкручваўся як уюн на патэльні, пакуль яго не апазнаў пацярпелы.

Аляксей Грэчка: «Супраць злоснага выпівакі-хулігана ўзбуджана крымінальная справа»

Бярэзінскім РАСК супраць злоснага выпівакі-хулігана ўзбуджана крымінальная справа, якая пагражае яму суровай адказнасцю ў выглядзе арышту альбо абмежавання свабоды на тэрмін да 3 гадоў, альбо пазбаўлення свабоды на тэрмін ад 1 да 6 гадоў. Праўда, і гэта не ўсё пакаранне, якое нясуць хуліганы. Давядзецца кампенсаваць і шкоду пацярпеламу. А гэта яшчэ і матэрыяльныя страты, якія моцна б’юць
па кішэні.
ТРЭБА ВЕДАЦЬ. Хуліганства — грубае парушэнне грамадскага парадку, адкрытае выказванне непавагі да нормаў грамадства. У краінах былога СССР пад хуліганствам разумеецца злачынства або правапарушэнне. Пакаранне за хуліганства прадугледжана ў крымінальных кодэксах. Па стане на 1 ліпеня ў раёне зарэгістраваны 3 факты хуліганства, па двух з якіх устаноўлены падазроныя асобы.

Па стане на 1 ліпеня ў раёне зарэгістраваны 3 факты хуліганства, па двух з якіх устаноўлены падазроныя асобы.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *