У Бярэзінскай ЦРБ робяць экспрэс-тэсты на каранавірус

Беларусь набыла 100 тысяч экспрэс-тэстаў на антыцелы да COVID-19. Іх ужо даставілі ва ўстановы аховы здароўя, у тым ліку і ў Бярэзінскую ЦРБ.

— Экспрэс-тэсты паказваюць наяўнасць спецыфічных антыцел да каранавірусу. У чалавека, які хварэе на COVID-19, прыкладна на пятыя суткі ў крыві з’яўляюцца імунаглабуліны класа М. Іх наяўнасць “гаворыць” аб ранняй стадыі захворвання.
Калі інфіцыраванне адбылося даўно (дзён 14 таму), у крыві з’яўляюцца імунаглабуліны класа G, — тлумачыць галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук. — Такім чынам можна не толькі вызначыць, ці хварэе чалавек на каранавірус, але і выявіць стадыю захворвання.
Зручна, што для працы з экспрэс-тэстамі не патрэбна дадатковае абсталяванне. Даследаванне праводзіцца з выкарыстаннем інструментарыя, які ўжо ёсць у лабараторыі райбальніцы.
— Тэсты робяцца хутка, не патрэбна чакаць, каб выставіць дыягназ пацыенту. Робім забор крыві з вены, адпраўляем у лабараторыю і ўсяго праз хвілін 15 атрымліваем рэзультат, — працягвае Крысціна Аляксандраўна. — У першую чаргу экспрэс-тэсты будуць рабіцца пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў, калі неабходна хутка правесці дыягностыку, высветліць, ці ёсць у пацыента каранавірусная інфекцыя. Робім тэсты кантактам першага ўзроўню, а таксама людзям з пацверджаным каранавірусам. Далей тактыка лячэння такіх пацыентаў залежыць ад вынікаў даследавання.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *