У Бярэзінскім райвыканкаме разгледзелі, як зменіцца заработная плата бюджэтнікаў у новым годзе

Вынікі работы па ўкараненні новай сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый разгледзелі на семінары з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Навіцкага.

Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўнікі, галоўныя бухгалтары, эканамісты бюджэтных арганізацый раёна. Увагу прысутных адразу акцэнтавалі на тым, што пры пераходзе на новыя ўмовы аплаты працы не дапускаецца парушэнне тэрмінаў выплаты і змяншэнне памераў зарплаты работнікаў.

Нагадаем, кіраўнікі арганізацый павінны былі да 1 студзеня 2020 года ўвесці ў дзеянне Палажэнне па аплаце працы работнікаў (уключаючы ўстанаўленне акладаў, стымулюючых надбавак, кампенсаваных даплат, надбавак па кантракце, матэрыяльную дапамогу, выплаты на аздараўленне, прэміраванне і іншыя.). Кожнаму работніку разлічыць новы працоўны стаж у бюджэтных арганізацыях, правесці работу па тарыфікацыі згодна з новай 18-разраднай сеткай. Падрыхтаваць параўнальныя разлікі па кожным работніку аб зарплаце ў новых умовах у параўнанні з дзеючымі. У адпаведнасць з новым заканадаўствам неабходна было прывесці і працоўныя дагаворы (кантракты) работнікаў з унясеннем вышэназваных змяненняў.

На семінары са справаздачамі аб праведзенай рабоце выступілі спецыялісты арганізацый. Праблемных момантаў па пытаннях пераходу на новыя ўмовы аплаты працы не выяўлена.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *