У Бярэзінскім раёне ідзе нарыхтоўка кармоў з кукурузы

Сёлетняя зімоўка абяцае стаць для жывёлаводаў раёна самай сытай і плённай за апошнія некалькі гадоў. У рэшце рэшт яны змогуць удосталь і якасна накарміць грамадскі статак і атрымаць добрую прыбаўку малочнай прадукцыі і мяса. Ды і як інакш, калі па стане на 7 кастрычніка ў гаспадарках раёна ўжо назапашана па 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта на цэлы парадак больш, чым летась. Прытым нарыхтавана за кошт сенажу, сена і сіласу ўжо 90 працэнтаў запланаваных кармоў. І лічба гэта будзе прырастаць, бо поўным ходам напаўняюцца сіласныя траншэі.

Жніво механізатар ААТ “Брадзец” Віталь Аўсянскі завяршыў тысячнікам, а затым шчыраваў на ўборцы кукурузы. Адзін здрабніў 360 гектараў кармавой культуры

Пад кукурузу на сілас і зялёны корм у гэтым годзе было адведзена 7833 гектары палеткаў, на дадзены момант ужо ўбрана 5511 гектараў. Ураджай «царыцы палёў» аказаўся нядрэнным. У сярэднім на круг атрымліваюць па 240 цэнтнераў зялёнай масы з гектара, а такія гаспадаркі, як філіялы “Ома” і СУП “Арэшкавічы” маюць адпаведна па 302 і амаль 400 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. Гэта дазволіла назапасіць ужо 100715 тон гатовага сіласу. У планах гаспадарак давесці лічбу да 135000 тон.
У ліку першых у раёне справіліся з нарыхтоўкай кармоў з кукурузы механізатары ААТ “Брадзец”.
— Апошнюю чацвёртую сянажную яміну закрылі 22 верасня, акурат праз тыдзень пасля раённых дажынак, — гаворыць кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Крук. — Зрабілі ўсё якасна і старанна, без спешкі і ў лагоднае надвор’е. А ўсё таму, што адказная кампанія была даверана лепшым і правераным гадамі брадзецкім корманарыхтоўшчыкам.
Так, не першы год у кампаніі бярэ ўдзел Віталь Аўсянскі. Ён – земляроб, якіх пашукаць, бо працуе на камбайне не адзін дзясятак гадоў, здольны сам ліквідаваць любую няспраўнасць у машыне і працаваць без страт. Ён адзін на “КВК-800” убраў і здрабніў 360 гектараў кукурузы. Ледзь паспяваў адвозіць ад камбайна сакавіты зялёны паток цэлы атрад вадзіцеляў і трактарыстаў у складзе Віталія Філіповіча (яму належыць рэкорд гаспадаркі ў перавозцы — 1300 тон зялёнай масы), Андрэя Філіповіча, Валерыя Стасевіча, Аляксандра Ізніка, Мікалая Собаля, Сяргея Каханоўскага, Віталія Сакава,
Аляксандра Кнігі і Анатоля Лапіцкага.
Кожнаму з іх даўно зразумела значнасць корманарыхтоўчай кампаніі — і яны без аўралаў перавезлі 9503 тоны зялёнай масы.
— Здавалася, што механізатары, якія яшчэ ўчора спаборнічалі за намалоты і тоны адвезеных збожжавых, і не заўважылі, як перайшлі на кармавыя палеткі, — прызнаецца кіраўнік гаспадаркі, — бо ўзмоцнена прыступілі да працы па нарыхтоўцы кармоў з кукурузы. І ўсё ім пад сілу — і поле ўзараць, і ўгнаенні ўнесці, і вырашчанае ўбраць.
Спяшаліся механізатары, бо ведалі, што найбольш каштоўным атрымліваецца корм з кукурузы, зрэзанай у стадыі малочна-васковай спеласці. Для поўнага паспявання ёй неабходны пэўныя ўмовы — сонечнае надвор’е ўперамешку з дажджамі, падрыхтаваная глеба, своечасовае ўнясенне мінеральных угнаенняў і праведзеная хімічная праполка, якасны насенны матэрыял і, вядома ж, захаванне тэрмінаў сяўбы і ўборкі.
Таму комплекс работ па вырошчванні і нарыхтоўцы кукурузы на сілас у гаспадарцы ішоў у звычайным рабочым рэжыме. Задзейнічаны на трамбоўцы былі ўсе 3 пагрузчыкі “Амкадор”. На іх без стомы працавалі Васілій Туравец, Ігар Саколін, Ула-дзіслаў Корык. Праца ва ўсіх надзвычай адказная: ад захавання тэхналогіі закладкі сіласнай масы напрамую залежыць якасць корму, а затым — і вытворчасць малака, мяса.
— Ужо цяпер ведаем: галадаць наш статак зімой не будзе, – зазначае Аляксандр Мікалаевіч. – Назапашана кармоў на чвэрць больш, чым у мінулым годзе, бо маецца па 34 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Закладзена на зіму 6290 тон сенажу, 332 тоны сена і 7750 тон сіласу. Гэтага з лішкам хопіць, каб збалансаваць рацыён кармлення жывёлы для нашых будучых высокіх надояў.
І тут асаблівая стаўка робіцца на кукурузны сілас. Пры выкарыстанні яго ў жывёл, якія знаходзяцца на адкорме, адбываецца інтэнсіўнае нарошчванне мышачнай масы, а ў дойнага статка павышаецца малочная прадуктыўнасць. А гэта значыць, што ААТ “Брадзец” ніяк не спыніцца на сярэднясутачных прывагах у 681 грам (гэта лепшы паказчык сярод гаспадарак раёна), і не змялеюць яго малочныя рэкі, якія ўжо зараз штомесяц павялічваюцца і даюць добры прырост рэалізацыі малака дзяржаве.
— Наша плённая работа па нарошчванні вытворчасці і паляпшэнні эканомікі гаспадаркі толькі набірае моц, — падкрэслівае Аляксандр Мікалаевіч, – наперадзе яшчэ шмат спраў, добрым штуршком для якіх стала якасная і своечасовая кампанія па корманарыхтоўцы.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *