У Бярэзінскім раёне пачалася ўборка кукурузы на сілас!

Хто першым запоўніў кармавую траншэю «царыцай палёў»?

Піянерамі ў гэтай справе сталі сёлета корманарыхтоўшчыкі ААТ “Брадзец”, “Пагосцкі”, “Багушэвічы”, “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, “Бярэзінскі”, “Першамайскі”, філіялы «ОМА», «Здравушка–агра», «АграМАЗ», якія на раніцу 7 верасня ўбралі першыя 442 гектары кармавых палеткаў з 7903 запланаваных.

Першая ўраджайнасць парадавала і налічвае 235 цэнтнераў з гектара, што дазволіла шэрагу сельгаспрадпрыемстваў закласці ў яміну першы запас кукурузнага сенажу. Аднак найбольш шчодра ўрадзіла кармавая культура ў філіяле “Ома”, дзе намалацілі на круг 455 цэнтнераў зялёнай масы. Гэта дае падставы спадзявацца ўсім, што кукурузныя палеткі разнастаяць рацыён жывёлы перад зімоўкай і дадуць належную прыбаўку кармоў грамадскаму статку.
Пакуль гаспадаркі раёна маюць на ўмоўную галаву жывёлы 16,5 цэнтнера кармавых адзінак. Значна больш за гэты паказчык назапасілі ўжо аграрыі філіялаў “Ома”, “АграМАЗ” і ААТ “Першамайскі“, аднак расслабляцца яшчэ рана. Таму ў самы бліжэйшы час у раёне распачнецца масавая ўборка кукурузы, якая завершыцца яе абмалотам на збожжа.
У СУП “Здравушка–агра” кукурузай заняты 800 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць амаль 266 цэнтнераў з гектара. Аднак гэта не мяжа, перакананы механізатар Андрэй Чыстап’ян (на здымку). Ён не першы раз рупіцца на ўборцы кукурузы і запэўнівае жывёлаводаў: будзем з кармамі!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *