У Бярэзінскім раёне прайшоў планавы маніторынг захавання заканадаўства па ахове працы на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна

 

 Пры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сфарміраваны рэйдавыя групы, куды ўваходзяць інспектары па ахове працы. Яны ажыццяўляюць выезды ва ўстановы і на прадпрыемствы краіны. 22-23 студзеня  такая рэйдавая група з чарговым маніторынгам наведала наш раён.

Галоўны  тэхнічны  інспектар працы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Колас, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, старшы памочнік пракурора Бярэзінскага раёна Кірыл  Бондар,  намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Вольга Калячка абмеркавалі вынікі маніторынгу

 

— Галоўная мэта, вядома ж, праверыць, ці выконваецца заканадаўства па ахове працы, — тлумачыць старшыня раённага аб’яднання Алена Токан. – Калі ёсць пэўныя парушэнні, указаць на іх, падказаць, як выправіць.  Не пакараць, а менавіта падказаць, дапамагчы. Бо на кожным прадпрыемстве, ва ўстанове раёна заканадаўства па ахове працы павінна выконвацца бездакорна.

Рэйдавая група ў складзе галоўнага тэхнічнага інспектара працы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалая Коласа, галоўных тэхнічных інспектараў працы Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Сяргея Чурыніна,   будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Сяргея Батуры, тэхнічных інспектараў  па ахове працы Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці Анатоля Мельнічонка,  мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Алены Рабцавай, транспарту і камунікацый Мікалая Гіля правяралі ААТ «Уша», ТАА «Профітсістэм», ЦРБ, РЦГЭ, ЗАТ «Будінвест», ПМС, Аўтамабільны парк №22”, ДБУ №31, камбінат бытавога абслугоўвання, «БариФуд», Паплаўскі дашкольны сад-сярэднюю школу, дашкольны цэнтр «Крынічка».

— Кіраўнік, інжынер па ахове працы камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва зацікаўлены, каб на іх прадпрыемстве работнікі  працавалі ў бяспечных умовах, – зазначыла тэхнічны інспектар па ахове працы Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Алена Рабцава. – Спадзяёмся, яны ўлічаць атрыманыя рэкамендацыі. А вось у прыватным прадпрыемстве “БариФуд”  няма ніякіх пытанняў да захавання нормаў па ахове працы

Інспектары звярталі ўвагу на ўсё: ці правільна вядзецца дакументацыя па ахове працы, ці праводзяцца інструктажы,  ці створаны адпаведныя санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў, ці забяспечаны работнікі спецадзеннем…

Вынікі маніторынгу падвялі падчас круглага стала, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Вольга Калячка, старшы памочнік пракурора Бярэзінскага раёна Кірыл  Бондар, кіраўнікі, галоўныя інжынеры па ахове працы і старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый раёна.

— Мы праверылі 12 аб’ектаў у Бярэзінскім раёне, —  зазначыў Мікалай Колас. —  У цэлым, адзнака станоўчая. Бачна, што кіраўнікі, інжынеры па ахове працы, прафсаюзныя лідары імкнуцца, каб на іх прадпрыемствах работнікам працавалася камфортна і бяспечна. Так, заўвагі ёсць, але спадзяёмся, што кіраўніцтва адрэагуе на іх і ў хуткім часе  выправіць.  Менавіта я быў у ААТ “Уша” і ТАА “Профітсістэм”. З радасцю адзначыў, што ў работнікаў ёсць спецадзенне, своечасова праводзяцца тут, як сведчаць дакументы, і інструктажы па ахове працы.

У ТАА “Профітсістэм”  : інструктажы праводзяцца своечасова, ёсць пакой для адпачынку, работнікі забяспечаны спецадзеннем

Не было заўваг ў інспектараў па ахове працы і да кіраўніцтва ЦРБ, РЦГЭ.

— Адным словам, там усё, як кажуць, “стэрыльна”! І пытанні аховы працы – на першым месцы, — гаварыў Сяргей Чурынін.

— Прыемна было зазірнуць у Паплаўскі дашкольны сад, сярэднюю школу, дашкольны цэнтр «Крынічка», — дадаў Анатоль Мельнічонак. Дружны калектыў, “цёплая абстаноўка”. Для дзяцей, настаўнікаў тут створаны, сапраўды, камфортныя ўмовы.

— Мы імкнёмся стварыць для работнікаў бяспечныя ўмовы працы, — зазначыў Уладзімір Навіцкі. – Адзін раз на месяц праводзім Дні аховы працы, у большасці – выязныя, падчас якіх звяртаем увагу, як выконваецца заканадаўства па ахове працы на тым альбо іншым прадпрыемстве, абмяркоўваем актуальныя пытанні. Дзейнічаюць у раёне і мабільныя групы, якія выязджаюць на прадпрыемствы, у арганізацыі раёна. Прыемна, што і інспектары па ахове працы зазірнулі ў наш раён, далі рэкамендацыі, зрабілі заўвагі. У нас жа ва ўсіх агульная мэта – захаваць здароўе і жыццё работнікаў.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *