У Бярэзінскім раёне распрацаваны 27 гуманітарных праектаў. Падрабязна ў нашым актуальным інтэрв’ю

У Бярэзінскім раёне распрацаваны 27 гуманітарных праектаў: стварэнне безбар’ернага асяроддзя, паляпшэнне медыцынскай дапамогі, дапамога падлеткам, якія стаяць на розных відах уліку, аднаўленне будынка графа Патоцкага… Каб рэалізаваць задуманае, неабходны даволі значныя сродкі. І зараз галоўная задача – знайсці спонсараў, так званых “донараў”. На што будуць выкарастаны грашовыя сродкі?
Якія праекты распрацаваны? Аб гэтым мы пагутарылі з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольгай КАЛЯЧКА.

У раёне вядзецца работа па рэалізацыі гуманітарных праектаў, — гаворыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Калячка. — Нічога немагчымага няма – галоўнае прыдумаць годны праект, падрабязна распрацаваць яго і прыкласці максімум намаганняў, каб знайсці спонсараў

— Вольга Васільеўна, раскажыце, калі ласка, з чаго ўвогуле складаецца работа над праектам?

— Неабходна спачатку прыдумаць сам гуманітарны праект, максімальна прадумаць яго. Затым, каб знайсці спонсараў, накіраваць праекты ў пасольствы і консульствы замежных дзяржаў у Рэспубліцы Беларусь. Вядома ж, праца па рэалізацыі гуманітарных праектаў складаецца не толькі з рассылкі праектаў у пасольствы. Гэта і асабістыя сустрэчы, перагаворы па тэлефоне (улічваючы сённяшнюю эпідэміялагічную сітуацыю).
Да прыкладу, спецыялісты ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама сустракаліся з прадстаўніком Пасольства Чэшскай Рэспублікі. Былі прадстаўлены праекты, мэтай якіх з’яўляецца паляпшэнне жыццядзейнасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Ведаю, што ў мінулым годзе было створана больш за 20 праектаў А якія распрацаваны ў нашым раёне сёлета?

— Усяго ў нас распрацавана 27 праектаў, 7 з якіх менавіта ў гэтым годзе. Да прыкладу, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама прапанаваў праект “ШТУРМ”. Яго мэта — стварэнне інтэрактыўнай пляцоўкі для самарэалізацыі і псіхалагічнай разгрузкі сацыяльна неабароненай катэгорыі маладых людзей і іх сем’яў. Два новыя праекты распрацавала Бярэзінская ЦРБ – “Здоровое сердце” і “Помощь пожилым”.

— У Бярэзінскім раёне пражывае больш за 1000 чалавек з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Магчыма, існуе і праект для развіцця безбар’ернага асяроддзя?

— Так, мы імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для гэтага тэрытарыяльны цэнтр распрацаваў некалькі пра-
ектаў “Мы асаблівыя людзі” (стварэнне на базе фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў горада спартыўных пляцовак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі са спецыяльным спартыўным абсталяваннем), “Тэрыторыя без меж” (на базе ТЦСАН стварыць паліграфічную майстэрню)… З апошніх — “Новый дом”. Яго мэта — арганізацыя новых форм работы ў аддзяленнях дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту.

— Часта ў сацыяльных сетках бярэзінцы абмяркоўваюць лёс дома графа Патоцкага. Ці плануецца праводзіць яго рэканструкцыю і што там будзе пасля яе?

— Так, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама распрацавала гуманітарны праект, галоўная мэта якога – аднаўленне культурнага помніка архітэктуры XIX стагоддзя — дома графа Патоцкага — пад рэстаран з гасцініцай. Але ж там значны аб’ём работы, неабходна значная сума грашовых укладанняў. Але спадзяёмся, што і гэты праект зможа зацікавіць.

— Так, распрацаваць годны гуманітарны праект, знайсці спонсараў – справа не аднаго дня і нават месяца. Але, як кажуць, “кто ищет, тот всегда найдет”. Сёлета ў Бярэзінскім раёне рэалізаваны гуманітарны праект. Раскажыце, калі ласка, пра яго.

— У межах рэалізацыі Падпраграмы 4 «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых людзей» Дзяржаўнай праграмы «Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва» ТЦСАН распрацаваў гуманітарны праект “Ближе к цели”. Яго мэта — паляпшэнне якасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Запрасілі дырэктара фонду “Добра тут”, прадстаўніка Ірландскай дабрачыннай арганізацыі, у наш тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і аддзяленне кругласутачнага прабывання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у Дулебах. Падчас сустрэчы і абмеркавалі магчымасць аказання спонсарскай дапамогі. Такім чынам, сумеснымі намаганнямі ўстанавілі пад’ёмнік у адным з дамоў горада Беразіно, дзе пражывае малады інвалід.

— Дзе можна падрабязней пазнаёміцца з праектамі, што распрацаваны ў нашым раёне?

— Яны размешчаны на сайце Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта ў раздзеле “Гуманітарныя праекты”. Там можна падрабязна пазнаёміцца з мэтай, задачамі кожнага з іх.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *