У дамы бярэзінцаў прыйшла чыстая вада

У першы дзень красавіка на Бярэзіншчыне ажыццёўлены запуск аб’екта “Пазапляцоўкавыя сеткі і збудаванні водазабеспячэння горада Беразіно”, што дазволіць палепшыць забеспячэнне гараджан пітной вадой нарматыўнай якасці.
Пра гэта і многае іншае ў сённяшнім інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Бабура:

— Перш за ўсё хацелася б адзначыць, што Бярэзінскі раён — адзін з нямногіх у Мінскай вобласці, дзе ўжо функцыянуюць тры значныя для жыццядзейнасці людзей аб’екты. Прычым пры ўзвядзенні кожнага з іх выкарыстаны самыя сучасныя тэхналогіі. Так, забяспечваць дамы бярэзінцаў цяплом дапамагае энергакрыніца на мясцовых відах паліва, дзейнасць якой, да таго ж, дазваляе знізіць сабекошт ацяплення і гарачага водазабеспячэння для спажыўцоў. Станоўча ўплываюць на мясцовую экалогію ачышчальныя збудаванні, дзе вядзецца біялагічная ачыстка як бытавых, так і вытворчых сцёкаў. А з 1 красавіка ў дамы бярэзінцаў прыйшла і чыстая вада, дзякуючы запуску аб’екта “Пазапляцоўкавыя сеткі і збудаванні горада Беразіно”. У складзе яго — станцыя абезжалезьвання і другога пад’ёму вады, а таксама шэраг замененых водаправодных сетак па горадзе, пяць новых артсвідравін (адна — у рэзерве), каналізацыйная станцыя з напорным калектарам і два рэзервуары аб’ёмам па 1000 куб. м. кожны. Магутнасць станцыі ачысткі складае 3800 куб. м вады за суткі. А гэта дазволіць — забяспечыць спажыўцоў бесперабойнай падачай вады нарматыўнай якасці нават у пікавыя нагрузкі падчас летняй спёкі. Для параўнання – сёння ў пікавыя нагрузкі бярэзінцы спажываюць 2500 куб. м вады.


— Ці можам мы цяпер гаварыць аб стапрацэнтнай якасці спажываемай гараджанамі вады?
— Безумоўна, ужо на працягу гэтага месяца вада будзе на 100% адпавядаць нарматыўнай якасці як па біяметрычных параметрах, так і па ўтрыманні жалеза. Ужо сёння, нягледзячы на тое, што аб’ект функцыянуе ў рэжыме пуску-наладкі, адзначаецца дастатковая якасць пітной вады. Прычым, перш чым трапіць да спажыўца, вада праходзіць не толькі ачыстку, але і абеззаражэнне праз устаноўку ўльтрафіялетавага выпрамянення. Спадзяюся, адчуюць гэта і бярэзінцы.


— Пасля якасці вады не менш балючае пытанне для бярэзінцаў – яе адсутнасць на верхніх паверхах, асабліва летам. Ці вырашыцца і гэта праблема?


— Чатыры помпы (адна — у рэзерве) станцыі другога пад’ёму дазваляюць бесперабойна падаваць ваду ў жылфонд і поўнасцю задавальняць патрэбы гараджан як пры мінімальных, так і пікавых нагрузках водаспажывання. Такім чынам праблема з адсутнасцю вады цалкам вырашыцца ў гэтым годзе і ва ўсе наступныя.


— Эканамічнасць энергакрыніцы мы ўжо адчулі. А ці можна ўжо ацаніць эфектыўнасць ачышчальных збудаванняў, уведзеных у эксплуатацыю летась?
— Увод новых ачышчальных збудаванняў дазволіў значна палепшыць экалагічнае становішча раёна. Па-першае, былыя ачышчальныя займалі больш за 30 гектараў плошчы зямлі, сённяшнія, якія прыйшлі ім на змену, займаюць каля 3,5 гектара. Розніца відавочная. Ды і сучасныя тэхналогіі адыгрываюць не апошнюю ролю. Выкарыстоўваецца біяачыстка, што станоўча ўплывае на навакольнае асяроддзе. Але ёсць яшчэ над чым папрацаваць. Так, будаўніцтва лакальных ачышчальных збудаванняў на вытворчых прадпрыемствах горада дазволіць дамагчыся дапушчальнай канцэнтрацыі сцёкаў для іх далейшай даачысткі.


— Як бачна, асноўныя праблемы, якія турбавалі бярэзінцаў, вырашаны. Што ў планах?
— У планах – працягваць будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў і для тых сямей, што маюць у гэтым патрэбу. Для ажыццяўлення запланаванага патрабуецца адпаведнае фінансаванне. Над чым мы і працуем у дадзены момант. Пры наяўнасці фінансавых сродкаў плануем таксама будаўніцтва новага пажарнага дэпо па вуліцы Прамысловай горада. Ды і капітальны рамонт будынка цэнтральнай бібліятэкі не за гарамі. Тут размесцяцца таксама маладзёжны цэнтр і ЗАГС. Да 2025 года згодна з планам працягнецца будаўніцтва станцый абезжалезьвання на вёсцы.

Кампетэнтна

Каментарый спецыяліста.
Іван Рэзвіцкі, прараб Жлобінскага ПМК:
— Станцыя ўзводзілася сіламі работнікаў нашай будаўнічай арганізацыі. Раней на гэтым месцы быў лясны масіў. Сёння – сур’ёзны і важны для насельніцтва горада Беразіно аб’ект, распрацаваны з прымяненнем сучасных дасягненняў і перадавых тэхналогій у галіне водападрыхтоўкі і палімерных канструкцый, тэрмін эксплуатацыі якіх не менш за 30 гадоў. У яго структуру ўваходзяць пляцоўкі водазаборных збудаванняў і станцыі ачысткі вады
з вытворчай магутнасцю 3800 куб. м. у суткі, а таксама пазапляцоўкавыя сеткі і гарадскія водаправодныя сеткі. Аб’ект працуе ў аўтаматычным рэжыме.
Сэрца пляцоўкі – устаноўленыя фільтры ачысткі вады і станцыя другога пад’ёму, якая дазволіць у поўным аб’ёме забяспечваць вадой увесь жылы сектар горада. Пакуль станцыя функцыянуе ў тэставым рэжыме, вядуцца пусканаладачныя работы, але чыстая вада ўжо прыходзіць у дамы бярэзінцаў. Ды і
якасць яе суадносная – колькасць утрымліваемага жалеза складае менш, чым 0,3.


Удакладненне. Аб’ект уключаны ў Дзяржаўную праграму “Кам-фортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады і падпраграму “Чыстая вада”.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *