У гаспадарках Бярэзіншчыны актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў

Сезон вялікага малака – перыяд пашавага ўтрымання пагалоўя, — прыносіць жывёлаводам раёна адчувальныя поспехі. Яны ўжо заўважаюцца па выніках першага месяца работы, мая. Так, калі на першае чысло рэалізацыя малака складала 110 тон у суткі, то на канец месяца яна ўзрасла да 139 тон. Пры гэтым літаральна ўсе гаспадаркі папрацавалі з плюсам да аналагічнага перыяду мінулага года. На названы паказчык у некаторай ступені паўплываў і рост таварнасці малака, які ў цэлым па раёне істотна падрос і зараз складае 90 працэнтаў.

Належным чынам пра-цаўнікі ферм паказваюць сябе і ў чэрвені. Так, на 24 чысло сярэднясутачны надой на карову складаў 12,64 кг, што на 2,64 кілагра-ма больш за мінулагодні. Дададзім, што лідарам па гэтым паказчыку з’яўляецца сельгасфіліял “Ома”, дзе атрымліваюць па 23,53 кг малака.
Зразумела, што за ўсімі гэтымі лічбамі стаіць старанная праца жывёлаводаў і спецыялістаў галіны, прадуманая і належным чынам арганізаваная работа. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Жаўнерчык, з пачатку сезона выпасу жывёлы было створана 33 гурты, у састаў якіх увайшлі 6414 жывёлін. На палі для іх арганізаваны падвоз вады, у дастатковай колькасці заўсёды ёсць соль і мел. Участкі для выпасу (а яны звычайна размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад ферм, каб жывёлу не трэба было далёка ганяць і губляць на гэтым прадукцыю) агароджаны электрапастухамі. Традыцыйна выкарыстоўваецца франтальная пасьба, што дазваляе ашчадна страўляць траву. За гэтым працэсам сочаць пастухі-даглядчыкі. Для большай іх зацікаўленасці ў канчатковым выніку работы, захаван-ні дысцыпліны і тэхналогіі, укаранёны так званыя талоны якасці, якія ўплываюць на канчатковы памер аплаты працы. Для выпасу жывёлы ў сваёй большасці выкарыстоўваюцца ўчасткі злакавых шматгадовых траў.
На пачатку пашавага перыяду для жывёлы рабілі кармасумесі з дабаўленнем сіласу або сенажу для таго, каб пераход на травяныя кармы быў менш адчувальным для арганізма. Зараз кожная карова, як тое і патрабуецца па тэхналогіі, у суткі ў сярэднім атрымлівае каля 60-70 кілаграмаў зялёнай масы. У выпадку, калі жывёла на пашы спажыць столькі не паспявае ці не можа, недастаючую частку корму яна атрымлівае ўвечары ў якасці так званай “зялёнкі”. Разам з ёю каровам дадаюць таксама і канцэнтраты.
Сёлета, як і ў папярэднія гады, не выганяюць жывёлу на пашу ў сельгасфіліялах “Ома” і “Арэшкавічы”. Далучыўся да іх ААТ “Пагосцкі”, дзе жывёла лешніцкага малочнатаварнага комплексу таксама была на лета пакінута ў хлявах.
Паралельна з правядзеннем пашавага перыяду, у гаспадарках актыўна ідзе і нарыхтоўка кармоў на наступную зімоўку. Травы першага ўкосу на 24 чэрвеня былі скошаны на плошчы 11546 гектараў, а гэта 89% ад агульнай тэрыторыі (убрана 92 працэнты). Нарыхтавана ўжо 841 тона сена (15% да плана), 59306 тон сенажу (56,5%), у тым ліку ў палімернай упакоўцы захоўваецца 4725 тон. Сіласу закладзена 4461 тона ў такіх гаспадарках, як сельгасфіліялы “Ома” і “Арэшкавічы”, а таксама ААТ “Пагосцкі”. У цэлым нарыхтавана 17944 тоны кармавых адзінак (26% да плана), а ў пераліку на ўмоўную галаву жывёлы прыпадае па 8,58 цэнтнера кармавых адзінак. Найбольшую колькасць кармоў у пераводзе на ўмоўную галаву жывёлы сёння маюць сельгасфіліялы “Ома” і “АграМАЗ”, а таксама ААТ “Брадзец” і “Першамайскі”. Нарыхтоўка кармоў працягваецца.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *