У Івана Галузы юбілей у Дзень Перамогі

9 мая ў Івана Галузы з Манчы два значныя святы: Дзень Перамогі і дзень нараджэння. Тым больш, у гэтым годзе ў Івана Ільіча значны, “важкі”
юбілей – спаўняецца 80 гадоў!

Але гледзячы на гэтага жвавага, усмешлівага, бадзёрага мужчыну, ніколі не здагадаешся, што ў яго такі паважаны ўзрост. Сакрэт? Як мне здаецца, у штодзённай, руплівай працы: усё жыццё Іван Ільіч плённа шчыраваў у Бярэзінскім лясгасе майстрам лесу Арэшкавіцкага лясніцтва.
— Так, я амаль увесь час на працягу 33 гадоў (!) шчыраваў у лесе. Праца вельмі складаная, але мне была ў радасць, — дадае юбіляр. – Спачатку быў тэхнікам-лесаводам Арэшкавіцкага лясніцтва, зараз гэта пасада называецца майстар лесу. Цяпер, як мне здаецца, працаваць лягчэй. А раней жа мы пастаянна хадзілі “пешкі” і “пешкі”. А зараз столькі машын, усюды можна пад’ехаць. У мяне была, шчыра прызнаюся, самая лепшая работа: увесь час на свежым паветры, а вакол такая прыгажосць — лес, птушкі, звяры… Іван Ільіч мясцовы — з Арэшкавіч. У 1968 го- дзе скончыў Полацкі лясны тэхнікум па спецыяльнасці лясная гаспадарка. І прыйшоў працаваць у лясгас. Разглядаю працоўную кніжку юбіляра, дзіўлюся, як шмат запісаў аб узнагародах. Амаль кожны год — падзяка за добрасумленную працу. Шмат грамат за прафесіяналізм…


— Я любіў сваю справу, таму і імкнуўся выконваць абавязкі “на выдатна”. Самая значная ўзнагарода, якой вельмі ганаруся, — нагрудны знак “Ганаровы лесавод”, які я атрымаў у 2010 годзе з рук міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
— Ведаеце, гэта адна са значных узнагарод у нашай дзейнасці, — гаворыць намеснік дырэктара Бярэзінскага лясгаса Віталій Умінскі, які завітаў разам з намі да ветэрана працы. – Іван Ільіч адзіны “Ганаровы лесавод” у нашым раёне. Вядома ж, каб атрымаць такую ўзнагароду, неабходна адказна працаваць, як кажуць, “гарэць” на працы. Наш Іван Ільіч — сціплы працаўнік, не любіць расказваць пра свае дасягненні. Але мы і зараз згадваем пра яго, як пра адказнага, працавітага работніка і надзейнага сябра.
— Кіраўніцтва лясгаса мяне і зараз ніколі не забывае – віншуюць са святамі, ды і проста так, тэлефануюць, прыязджаюць, каб даведацца, як здароўе, ці патрэбна дапамога. За гэта ім вялікі дзякуй.
Дарэчы, Іван Ільіч і сёння не сядзіць на канапе каля тэлевізара і не скардзіцца на жыццё. У яго дагледжаны дом, каля якога чысціня і парадак. Дома таксама ўтульна.
— І бульбу, грады таксама саджу. Ведаеце, як кажуць у народзе, “паміраць збірайся, а жыта сей”. Я ж не магу быць “бабылём”, як гэта не пасадзіць цыбулю, бульбу, часнок, агуркі, моркву… Так, усё можна набыць і ў магазіне, але ж сваё, роднае, вырашчанае рукамі, куды смачнейшае і больш карыснае.
Любіць юбіляр і пачытаць. У яго паштовую скрыню больш за 30 гадоў трапляюць дзве любімыя газеты “Лясная газета” і “Бярэзінская панарама”.
— Куды ж я без навін пра лес і раён? – усміхаецца Іван Ільіч. – У “панараме” чытаю ўсё з вялікім задавальненнем. Асабліва, вядома ж, падабаецца, калі пішуць пра работнікаў лясгаса, маіх калег, знаёмых.
Вядома, і пра Івана Ільіча, як пра прафесіянала, лепшага работніка лясгаса, пісалі. Гэтыя артыкулы Іван Ільіч беражліва захоўвае.
— Так, 9 мая – мне спаўняецца ўжо 80 гадоў! Здаецца, жыццё праімчала, адзвінела, праляцела, як адно імгненне. Часта згадваю мінулае, працу ў лясгасе, мой любімы лес. Калі гэта ўсё было… 9 Мая мы заўсёды адзначаем вялікай сям’ёй. У мяне тры сястры, сын, які зараз жыве ў Расіі, таму, напэўна, у гэтым годзе не прыедзе. Але я не сумую. Ведаю, што ў гэты дзень не застануся без гасцей. Абавязкова завітае павіншаваць з двайным святам, перакінуцца словам-другім хтосьці з лясгаса, зазірнуць сёстры, ды і сацыяльны работнік, мая памочніца Святлана Сіняк, таксама не забудзе пра мяне. Віншую ўсіх са светлым Днём Перамогі. Будзьце заўсёды бадзёрымі, шчаслівымі, радуйцеся кожнаму дню!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

У Івана Галузы юбілей у Дзень Перамогі: 1 комментарий

  • 7 мая 2020 в 23:36
    Permalink

    Здорощ вам, долгих лет

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *