У практыцы бярэзінскіх міліцыянераў такое ўпершыню, альбо Косаўскі суперстар

Аграгарадок Косаўка пэўны час лічыўся самым спакойным рэгіёнам у Капланецкім сельскім Савеце, аднак сёлета рэзка сапсаваў крымінальную статыстыку. А віной усяму сталі тры мясцовыя жыхары даволі паважанага ўзросту — знешне прыстойныя дзве бабулі і дзядуля.
Гэтыя «старыя-разбойнікі» спачатку ранняй вясной вынеслі са двара па вуліцы Мірнай аграгарадка самаробныя металічныя бочку і бак коштам 200 рублёў. Першы крадзеж не быў выкрыты — і гэта толькі падагрэла апетыты нячыстых на руку вяскоўцаў. «Старыя-разбойнікі» ўноч на 4 ліпеня ізноў вярнуліся на былое месца злачынства і сцягнулі ўжо 4 металічныя слупы і 45 абрэзаных дошак. Невядома, колькі б яны яшчэ разоў вярталіся на ўпадабаны двор, калі б не кемлівасць і аператыўнасць сышчыкаў.

Участковы інспектар міліцыі Валерый Падольскі: «У ходзе аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў у доме падазронага знайшлася ўкрадзеная рэч. Яна і паклала шлях да расследавання»

— Трэба аддаць належнае косаўскім «старым-разбойнікам», — расказвае начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Бярэзінскага РАУС Уладзімір Сялейка, — дзейнічалі яны як спрактыкаваныя злодзеі, арганізавана і зладжана. Спрытна рэалізавалі металічныя рэчы, а з украдзеных дошак адзін са злодзеяў змайстраваў далёкім сваякам хляўчук. Атрыманыя ад продажу металалому грошы падзялілі сумленна на траіх.
Самі старыя–злодзеі падазрэнняў наконт сябе ў аграгарадку не дапускалі і былі ашаломлены, калі іх затрымалі вартавыя правапарадку, і адразу сумленна прызналіся ва ўчыненым.
— Яны наіўна лічылі, што змяк-чаючай віну акалічнасцю стане іх узрост, аднак гэта не так, — тлумачыць сітуацыю Уладзімір Уладзіміравіч, — ім давядзецца ўсё ж такі апынуцца на судовай лаве і панесці пакаранне.
Сышчыкі спадзяюцца, што непрыемная гісторыя са «старымі-разбойнікамі» навучыць жыхароў аграгарадка быць пільнымі ў адносінах да суседзяў і вяскоўцаў і не пакідаць каштоўныя рэчы на двары.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *