Бярэзінцы прынялі ўдзел у рэспубліканскім форуме для рэгіянальных СМІ

У Мінску прайшоў форум «Выбары-2019: роля рэгіянальных СМІ ў фарміраванні грамадскай думкі па пытаннях выбарчай кампаніі». Ён сабраў больш за 150 журналістаў. Мерапрыемства арганізавала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

Асаблівая ўвага ўдзя-лялася пытанням журналісцкай работы падчас выбарчай кампаніі: узаемадзеянне з кандыдатамі ў дэпутаты, партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі, прававыя аспекты асвятлення выбарчай кампаніі ў СМІ і шмат іншага.
Гаворачы пра ролю рэгіянальных СМІ ў асвятленні выбараў, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Мікалаевіч Лёгкі адзначыў, што ім належыць велізарная частка медыйнай прасторы.
— Многім здаецца, што асноўнымі медыйнымі крыніцамі з’яўляюцца рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі, але гэта далёка не так, таму што менавіта рэгіянальныя СМІ распавядаюць пра мясцовыя навіны, даюць абсалютна эксклюзіўны кантэнт. Да прыкладу, па дадзеных даследавання ў ЗША і Расійскай Федэрацыі ў агульным аб’ёме ўнікальнага кантэнту да 50 працэнтаў ствараюць менавіта рэгіянальныя СМІ. І сёння рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі вельмі важна данесці да грамадства простую, у цэлым, думку, што кожнаму неабходна ўдзельнічаць у жыцці краіны. Зараз для нас усіх вельмі важны і адказны перыяд. Заклікаем сродкі масавай інфармацыі быць максімальна аб’ектыўнымі, — зазначыў П.М. Лёгкі. – Выконваць усе патрабаванні заканадаўства і, самае галоўнае, — забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія будуць выступаць з пляцовак гэтых сродкаў масавай інфармацыі.


Далей старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Сяргеевіч Орда расказаў пра дзейнасць арганізацыі. Адзначыў, што ад прафсаюзаў на выбарах будзе задзейнічана не менш за 6000 назіральнікаў (на 21 кастрычніка акрэдытаваны амаль 1000). А дзесяць кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый рознага ўзроўню зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.
— У маі 2019 года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заявіла аб намеры прыняць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. У ліку прыярытэтаў — вылучэнне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, назіранне за работай участкаў, падтрымка кандыдатаў у дэпутаты. Запланавана, што нашы прадстаўнікі будуць амаль на ўсіх выбарчых участках, — зазначыў М.С. Орда.
Завяршыўся форум прэсканферэнцыяй з П.М. Лёгкім і М.С. Ордам. Большасць пытанняў датычыліся выбарчай кампаніі.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *