У мінулыя выхадныя ў Жорнаўцы прайшоў рэспубліканскі турыстычны злёт студэнтаў

Ён прайшоў у рамках рэспубліканскай універсіяды 2020 года і быў прымеркаваны да Сусветнага дня турызму, які адзначаецца штогод 27 верасня.
Таму ў турыстычны цэнтр “Юнацтва” прыехалі студэнцкія каманды вядучых беларускіх ВНУ ў складзе таленавітых, смелых і крэатыўных маладых людзей, каб паказаць свае спартыўныя ўменні і творчыя здольнасці, знайсці новых сяброў, напоўніць жыццё яркімі ўражаннямі. Злёт аб’яднаў спартыўную і конкурсную праграмы. У першую ўвайшлі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, тэхніцы пешаходнага, вод-нага і веласіпеднага турызму. Другая складалася з конкурсаў «Спявайце, сябры!», «Прадстаўленне каманд», «Найлепшая газета», «Будні злёту» і «Турысцкія навыкі і побыт».
Заяўкі на ўдзел падалі каманды з Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі.
— Трапіць у склад каманды няпроста, — расказвалі студэнты, — трэба рэгулярна ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, абараняць гонар сваёй альма–матар. Ды і не менш важна валодаць крэатыўнымі здольнасцямі. Аднак здараецца, што ў лік каманды трапляюць навічкі, але і яны з тых студэнтаў, каму па душы актыўны адпачынак на свежым паветры.

У саставе каманды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры наш зямляк Віталій Вальковіч. Ён — выпускнік Гарэніцкай СШ, і зараз асвойвае ва ўніверсітэце спартыўнае арыентаванне. — Гэтым відам спорту займаюся яшчэ са школы і часта выступаю ў складзе раённай каманды, — расказвае Віталь. — А вось на турзлёце — у другі раз. Не перадаць радасці і адказнасці, калі выступаеш на сваёй радзіме! Напэўна, таму я вырваў у сапернікаў дзве секунды на спартыўным арыентаванні і шпарка круціў педалі на выпрабаванні з веласіпедамі. Шкада, што ўсё так хутка скончылася і трэба вяртацца назад! Турзлёт, я цябе не забуду!

Такім аматарам турысцкага экстрыму даспадобы маляўнічыя мясціны на базе турыстычнага цэнтра ў вёсцы Жорнаўка. Тут табе і густы лес для спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні і тэхніцы пешаходнага турызму, імклівая рака Бярэзіна для выпрабаванняў па водным турызме, вялікія пашы для фігурнага ваджэння веласіпеда і ўтульная паляна для творчых конкурсаў.
Спаборніцтвы працягваліся тры дні, таму часу асвоіцца на новым, дагэтуль невядомым месцы, камандам хапіла. Яны разбілі свае палаткавыя гарады, распалілі вогнішча і нават паспелі наладзіць рэпетыцыі і трэніроўкі. Стартавала конкурсная праграма з конкурсу “Спявайце, сябры!”, дзе камандам патрабавалася выканаць турыстычную і краязнаўчую песні. І гэта таксама невыпадкова, бо яшчэ год таму быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, вандруем па Беларусі” ў гонар Года малой радзімы. Ужо з першага выступлення можна было пераканацца ў багатым творчым патэнцыяле нашай моладзі і ў тым, што каманды прыехалі на злёт выдатна падрыхтаванымі. Пацвердзілі гэта спаборніцтвы на веданне тэхнікі пешаходнага, веласіпеднага і воднага турызму і па спартыўным арыентаванні. Тут маладым людзям важна было не толькі правільна выканаць ўсе заданні, але і паказаць лепшы час, не атрымаць штрафаў і заўваг.
— У кожнай праграме здараюцца парушэнні, за іх недапушчэннем пільна сочаць вопытныя суддзі, — расказвала галоўны суддзя Лідзія Жур. — Парушэнні могуць рэальна паўплываць на канчатковы вынік. Напрыклад, іх шмат у тэхніцы пешаходнага турызму. Але трэба аддаць належнае спартыўнаму майстэрству, фізічнай падрыхтоўцы, зладжанасці ўсіх каманд, якія не дапусцілі ніводнага, нават дробязнага, парушэння тэхнікі бяспекі, прадугледзелі і сабралі неабходнае на любы выпадак.

Каманда-пераможца на пачэсным п’едэстале! Якія шчаслівыя і прыгожыя яны — сапраўдныя турысты!

У выніку першае месца сярод каманд заняла каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Яны апярэдзілі ўсіх у спартыўнай праграме, ды і ў творчых конкурсах здолелі звярнуць на сябе пільную ўвагу журы. Нямнога ім саступіла каманда Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, і замкнулі тройку прызёраў прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Такі расклад ніколькі не пакрыўдзіў астатнія каманды — і яны гучна віталі ўсіх пераможцаў апладысментамі. Дарэчы, ніводная з каманд не вярнулася дамоў без дыпломаў і падарункаў.
— Гэты турыстычны злёт мы доўга яшчэ не забудзем, — гаварылі маладыя людзі, бо тут жыве выдатная спартыўная атмасфера і сапраўднае раздолле для турыста, створана месца, дзе можна зарадзіцца бадзёрасцю і аптымізмам. Тут мы знайшлі сапраўдных сяброў і праверылі свае сілы.

ДАВЕДКА.
Арганізатарамі рэспубліканскага турыстычнага злёту студэнтаў на працягу звыш дваццаці гадоў выступае Міністэрства адукацыі. Падрыхтоўкай і правядзеннем злёту займаецца Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *