У Бярэзінскім раёне працягваецца акцыя “Наш жывёлавод”

У ходзе яе ўсе жывёлагадоўчыя фермы і комплексы сельгаспрадпрыемстваў раёна наведвае старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч. За цёплыя словы віншаванняў і шчырыя пажаданні яна не адзін раз чула ад жывёлаводаў «Вялікае дзякуй!»

– Чацвёрты год запар рэспубліканскі прафсаюзны камітэт работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць акцыю «Наш жывёлавод», – расказвае Марына Аляксандраўна. – Асаблівую ўвагу ў гэты перыяд мы надаём жывёлаводам, адрасуем ім словы падзякі за працу, уручаем падарункі.

І гэтыя ўшанаванні заслужаныя – за добрасумленныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў, дасягненне вытворчых паказчыкаў і адданасць выбранай справе.

Паважаную госцю са шчырымі віншаваннямі і падарункамі рады вітаць на кожнай ферме. Нечаканы для ўсіх візіт нярэдка заканчваецца апладысментамі і душэўнай размовай. Чым жа спяшаліся падзяліцца з прафсаюзным лідарам бярэзінскія жывёлаводы?

— Трэба аддаць належнае сціпласці і сумленнасці работнікаў ферм, іх вернасці выбранай справе і старанню, – падкрэсліла Марына Каўзуновіч. — Яны нікому не скардзяцца на цяжкасці і заўсёды разлічваюць на ўласныя сілы. Аб чым жа гаварылі? Аб тым, што хвалюе кожнага руплівага селяніна ў пачатку года. Зразумела, гаворка ішла аб планах па дасягненні вышэйшых вытворчых паказчыкаў у прадуктыўнасці жывёлы і нарошчванні сярэднясутачных прываг. А амбіцыі ў нашых жывёлаводаў ёсць, і падмацаваны яны клопатам пра людзей, належнымі ўмовамі ўтрымання жывёлы і багатым кармавым рацыёнам статка на зімова-стойлавы перыяд.

— Належныя вытворчыя паказчыкі натхняюць на далейшыя працоўныя поспехі, – адзначыла адна з работніц фермы. – А клопат кіраўніцтва і прафсаюза раёна ў чарговы раз прадэманстраваў, што ў цэнтры ўвагі – просты працаўнік!

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *