На Бярэзіншчыне распачалі ўборку рапсу

Ідзе яна і ў ААТ “Пагосцкі” на полі, размешчаным прама за вёскай Лешніца. Тут рупяцца тры камбайнавыя экіпажы
КЗС-1218 пад кіраўніцтвам Вячаслава Кашлачова, Сяргея Дадонава і Юрыя Гомана. Кожны з іх – спецыяліст высокай кваліфікацыі, які стараннай працай зарабіў сабе аўтарытэт і званне выдатнага камбайнера раёна. Таму і справа ідзе тут зладжана, без аўралаў і паломак. Убраная першая сотня гектараў сведчыць, што сёлетні ўраджай рапсу амаль у 15 цэнтнераў з гектара значна вышэйшы за леташні, калі яго было атрымана па 9,5 цэнтнера на круг. Усяго ж гэтая культура займае ў гаспадарцы 340 гектараў і высаджана таксама на ўчастках каля Вяззя, Журоўкі і Лясковіч.

Не толькі кантраляваць стан тэхнікі, а і цікавіцца ходам работы ўваходзіць у абавязкі галоўнага інжынера ААТ “Пагосцкі” Генадзя Уласаўца (у цэнтры), якога мы сустрэлі разам з Дзянісам Кузьмянковым і Сяргеем Дадонавым

З-за частых дажджоў, якіх сёлета было багата, насенне рапсу даволі вільготнае. Таму адразу пасля абмалоту трапляе на зернесушыльны комплекс, што ў в. Вяшэўка, на дапрацоўку.
— Усяго мяркуем атрымаць каля 600-700 тон насення, — зазначае галоўны аграном ААТ “Пагосцкі” Аляксандр Салаўёў. – З іх 90 тон здадзім у якасці дзяржзаказу, астатняе, пасля таго, як пакінем сабе яго частку на насенне і для ўласных патрэб, пусцім у продаж – культура гэта прыбытковая. Налета плануем плошчы пад яе павялічыць да 500 гектараў, сотню з якіх засеем высокапрадукцыйным гібрыдам, які звычайна дае больш за прывычныя 15-20 цэнтнераў з гектара. Сёлетнюю ўборку рапсу пры ўмове, што надвор’е дазволіць, нацэлены завяршыць да канца гэтага тыдня. А затым, дзён праз дзесяць, калі даспее колас, пачнём і жніво. Пакуль што паралельна з уборкай рапсу нашы механізатары заняты на нарыхтоўцы кармоў. Да аналагічнага мінулагодняга перыяду іх назапашана ўжо на 3,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы больш.
А да самай адказнай кампаніі ў сельгаспрадпрыемстве ўсё ўжо гатова. І ўмовы працы распрацаваны, і незадзейнічаныя астатнія 6 наяўных зернеўборачных камбайнаў хоць сёння гатовы выйсці ў поле, напагатове сушыльная гаспадарка,
ёсць запас паліва, на кожную адзінку тэхнікі падабраны адказныя спецыялісты, гатовы і аўтамабілі для адвозкі збажыны. Дарэчы, пакуль што з гэтай задачай (адвозкай намалочанага насення рапсу) паспяхова спраўляюцца толькі дзве транспартныя адзінкі – два рарытэтныя аўтамабілі ГАЗ-53. Чаму рарытэтныя? Бо яны па-ранейшаму застаюцца ў страі, нягледзячы на свой больш як 30-гадовы тэрмін эксплуатацыі. Каля сарака гадоў складае і стаж кожнага з вадзіцеляў гэтых машын — Міхаіла Салаўя і Міхаіла Курача, якія не прызнаюць аніякай іншай тэхнікі, акрамя “газікаў”, і надзейна ўтрымліваюць сваіх “жалезных сяброў” у належным стане.

Міхаіла Салаўя і Міхаіла Курача аб’ядноўвае не толькі тое, што яны цёзкі, а і вялікі стаж работы вадзіцелямі, і вернасць сваім “газікам”

Жніўны клін у “Пагосцкім” даволі значны: 2200 гектараў. Прагнозы на сёлетні ўраджай добрыя, па папярэдніх падліках ураджайнасць складзе не менш за 27 цэнтнераў з гектара, што таксама вышэй за мінулагодні паказчык…
Пакуль ішла наша размова з галоўным аграномам гаспадаркі А. Салаўёвым, да ўскрайку рапсавага палетка пачалі набліжацца камбайны. Падыходзім да членаў экіпажа аднаго з іх. Гэта Сяргей Дадонаў і Дзяніс Кузьмянкоў.
— Працуем без прастояў, — расказвае С. Дадонаў. – Праўда, з-за частых дажджоў асобныя нізкія мясціны пераўвільготнены, што стварае дадатковыя цяжкасці. Але пакуль ні разу не загразлі. Добра праяўляе сябе новы памочнік. Мы з ім першы год разам працуем, але агульную мову знайшлі адразу.
— Для мяне работа на камбайне не ўпершыню. Неяк раней, у “Райаграсэрвісе”, даводзілася ўдзельнічаць у жніве. Таму калі запрасілі сёлета на ўборку, згадзіўся, быў не супраць адкамандзіраваць мяне сюды і мой кіраўнік – дырэктар ЗАТ “Клявіца” Мікалай Крыўцоў, — расказвае Дзяніс. – Лічу, што мне пашанцавала з настаўнікам. Спадзяюся, што па выніках кампаніі абавязкова выйдзем у лік “тысячнікаў”. З такім настроем на поспех працую не адзін я, таму падвесці кагосьці ці абыякава ставіцца да сваіх абавязкаў я не маю права.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *