У рэйд адправілася аглядавая камісія пры Багушэвіцкім сельскім Савеце

У Бярэзінскім раёне аб’яўлены месячнік па пажарнай бяспецы. Амаль кожны дзень выратавальнікі сумесна з членамі аглядавых камісій, суб’ектамі прафілактыкі абследуюць домаўладанні грамадзян. Галоўная мэта такіх прафілактычных мерапрыемстваў – папярэджанне пажараў, надзвычайных здарэнняў і гібелі людзей. У адзін з такіх рэйдаў мы і адправіліся са старшынёй Багушэвіцкага сельскага Савета Аляксандрам Ермаковым, інспектарам раённай энергагазінспекцыі Сяргеем Казаком, інспектарам прафілактыкі РАНС Вольгай Данэйка і спецыялістам па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Кацярынай Маціеўскай.
Наш шлях ляжаў па населеных пунктах Багушэвіцкага сельскага Савета – Багушэвічы, Якшыцы, Высокая Гара, Чыжаха, Бычын, Перавоз, Міхалёва, Вінорава. У першую чаргу мы наведалі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а гэта ў большасці пажылыя бабулі і дзядулі. Нагадаем, у пачатку года на пажары ў Бярэзінскім раёне ўжо загінуў адзін чалавек – менавіта інвалід.

Старшыня Багушэвіцкага сельскага Савета Аляксандр Ермакоў дапамагае ўсталяваць пажарны апавяшчальнік

А можаце нам дапамагчы ўсталяваць пажарны апавяшчальнік?
Многія вяскоўцы сустракалі Аляксандра Ермакова як добрага знаёмага. Нягледзячы на тое, што ён не так даўно стаў старшынёй Багушэвіцкага сельскага Савета, ужо паспеў пазнаёміцца амаль з усімі жыхарамі.
— Добры дзень! О, якая вялікая кампанія завітала да нас, — з усмешкай сустракае Сафія Балашэвіч. – Так, у нас ёсць пажарны апавяшчальнік, здаецца, працуе.
Члены рэйдавай групы заўважаюць, што пажарны апавя-шчальнік прымацаваны вельмі нізка. Аляксандр Ільіч бярэ ў рукі адвёртку — прымацоўвае яго вышэй.
— Вялікі дзякуй за дапамогу! – дадае жанчына. — Ведаеце, у нас яшчэ адна просьба, штосьці не гарыць ліхтар на вуліцы, магчыма, лямпачка перагарэла.
А. Ермакоў тут жа тэлефануе ў неабходныя службы, каб у бліжэйшы час замянілі лямпачку.
— А можаце нам дапамагчы ўсталяваць пажарны апавяшчальнік? – пыталася яшчэ адна бабуля. – Вось нядаўна набылі, а мне самой павесіць яго складана.
Вядома ж, дапамаглі кожнаму. Адна бабуля папрасіла заказаць дровы. Было ў вяскоўцаў і шмат іншых “мясцовых”, асабістых пытанняў. На кожны старшыня даў падрабязны адказ, з кожным пагутарыў, кожнаму нагадаў свой нумар тэлефона.
— Будуць пытанні, калі ласка, звяртайцеся, — гаварыў Аляксандр Ільіч. – Па меры магчымасцей паспрабуем вырашыць.

— Ці задаволены сацыяльным абслугоўваннем, ці патрэбна дапамога сацработніка, — пытаецца спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Кацярына Маціеўская

Дзякуй за надзейных памочнікаў!
Многім пажылым людзям, якіх мы наведалі ў гэты дзень, дапамагаюць сацыяльныя работнікі – абслугоўваюць на даму. І прыемна было чуць, што ўсе задаволены сваімі надзейнымі памочнікамі.
— Шчырыя словы падзякі маёй любімай сацработніцы Ірыне Пракаповіч, — гаварыла жыхарка вёскі Вінорава Клаўдзія Кісель. – Яна мне як родная, як член сям’і. І дроў прынясе, і дома прыбярэ, і ў магазін сходзіць, і пагутарыць са мной.
Ва ўсіх пажылых людзей, якім дапамагае сацработнік, калі мы завіталі, былі чысціня і парадак, пытанняў па “бяспецы” ў членаў рэйдавай групы таксама не ўзнікала.
Ды, на жаль, не ўсе хочуць прымаць дапамогу, калі яна нават і неабходна. У жыхаркі вёскі Бычын Людмілы Аляшкевіч у хаце няма цяпла і святла… Бабулі неаднаразова прапаноўвалі пераехаць у аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей у Дулебы, альбо набыць (за нязначную суму) новую хату – адмаўляецца. Чаму? Ніхто патлумачыць не можа. Магчыма, спадзяецца на дапамогу сына…
— Пакідаю Вам нумар тэлефона, калі надумаеце паехаць у аддзяленне, тэлефануйце, усё раскажам, дапаможам, — зазначыла Кацярына Маціеўская. – Увогуле, мы многім адзінокім, адзінока пражываючым бабулям і дзядулям раім хоць на зімні перыяд пажыць у аддзяленні: там і шматразовае, збалансаванае харчаванне, медыцынская дапамога. Ды і пагутарыць ёсць з кім…

Інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС Вольга Данэйка раздае прафілактычныя брашуры, расказвае, што асноўная прычына пажараў – ігнараванне правілаў пажарнай бяспекі

Інспектар раённай энергагазінспекцыі Сяргей Казак дае рэкамендацыі па эксплуатацыі электраабсталявання

Працяг чытайце  ў газеце за 5 лютага 2020 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *