У “Здравушка-агра” — новы дырэктар

З 1 снежня сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства ўзначальвае Юрый Касенка. Загад аб прызначэнні супаў з 28-ым па ліку днём нараджэння. Такім чынам, Юрый Васільевіч — самы малады кіраўнік сельгаспрадпрыемства ў раёне. Гэта стала нагодай сустрэцца з ім і пацікавіцца, з якім настроем ён пачынае працу на прадпрыемстве?

 

— Настрой баявы і рашучы, ды і не палохаюць мяне вялікая адказнасць і цяжкая праца на зямлі. Родам я з Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Цяжкасці дырэктарскай долі мне добра вядомы, бо бацька ўзначальвае мясцовую гаспадарку, а матуля працуе бухгалтарам. Па адукацыі я – інжынер. У свой час скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе атрымаў ступень магістра тэхнічных навук. Паспеў папрацаваць слесарам па рамонце, трактарыстам-машыністам, загадчыкам гаража і машыннага двара. Таму, калі трэба, магу сесці за руль трактара ў гарачы час!

— А можаце падзяліцца першымі ўражаннямі аб гаспадарцы?

— Яны станоўчыя, бо гаспадарка размешчана ў аграгарадку з выдатнай інфраструктурай, на жывёлагадоўчых фермах зроблена рэканструкцыя, парадак наведзены на машынных дварах, назапашана багата якасных кармоў і фуражу, сабрана каманда вопытных і прафесійных спецыялістаў, якія паступова ўводзяць мяне  ў курс спраў. Ды і эканамічныя пытанні не бянтэжаць. Таму я маю намер дбаць пра дабрабыт сваіх працаўнікоў, з клопатам ставіцца да кожнага лапіка зямлі і ўкладзенага рубля ў развіццё, каб прыцягнуць у гаспадарку моладзь. За маладымі і руплівымі будучыня вёскі!

— Стаўку будзеце рабіць на вырошчванне збожжавых і кармавых культур альбо жывёлагадоўлю?

— Мяркую зарабляць на ўсім, бо без надзейнага запасу збожжа і кармоў не будзе ні малака, ні мяса, а гэта значыць, сродкаў на выплату заробку і развіццё прадпрыемства. А значны прыбытак селяніну сёння дае малако. Таму ўжо зараз вырашаем са спецыялістамі пытанні па стабілізацыі сітуацыі на малочнатаварных фермах і наладжванні там вытворчай дысцыпліны. Ды і не дасць мая спецыяльнасць забывацца пра пытанні падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной кампаніі.

— Наперадзе ў Вас яшчэ не адзін сур’ёзны дырэктарскі іспыт: надзейным чынам правесці зімова-стойлавы перыяд, падрыхтавацца да пасяўной, вывесці на палі арганіку і зарабіць сродкі для аплаты працы работнікаў.

— Іспытаў я не баюся і ўжо сёння працую па дванаццаць гадзін у суткі. На працу дабіраюся з Беразіно, дзе здымаю кватэру. Свабодных жылых дамоў у гаспадарцы, на жаль, няма! Але я гатовы змяніць гарадскую кватэру на вясковую сядзібу, бо пры гаспадарчым падыходзе і на вёсцы можна жыць, як у горадзе!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены Громавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *