Участковыя камісіі Бярэзінскага раёна чакаюць выбаршчыкаў

З 24 ліпеня адчынілі дзверы для наведвальнікаў выбарчыя ўчасткі для галасавання па маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Але члены ўчастковых выбарчых камісій сваю работу пачалі яшчэ задоўга да гэтага дня. Наперадзе, аж да самога дня галасавання, 9 жніўня, іх чакае найбольш напружаная дзейнасць непасрэдна з самімі выбаршчыкамі. Для сустрэчы з імі тут гатова ўсё. Створаны куток выбаршчыка, дзе прадстаўлены Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыя, некаторыя нарматыўныя дакументы. Наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца са спісам выбаршчыкаў і ўдакладніць, ці ўнесены іх прозвішчы ў лік галасуючых, даведацца аб праграмах і біяграфіях кандыдатаў.


Калі мы завіталі на Новінскі выбарчы ўчастак №11, засталі там больш за палову камісіі. Аказваецца, тут толькі што правялі для яе членаў трэнінг па вырашэнні тых ці іншых спрэчных пытанняў. Вось яны пакуль і не спяшаліся разыходзіцца, яшчэ раз удакладнялі свае функцыі і паўнамоцтвы, цікавіліся графікам дзяжурстваў.
Сакратар участковай выбарчай камісіі Святлана Палянская тлумачыць:
— У саставе нашай камісіі сем чалавек. Людзі з багатым вопытам падобнай работы. Да сваіх абавязкаў ставяцца адказна і, мяркуючы па папярэдніх выбарчых кампаніях з іх удзелам, парушэнняў дзеючага заканадаўства не дапускаюць. Сёлета на нашым участку будуць галасаваць 217 чалавек, двое з іх – упершыню. Традыцыйна іх чакаюць у такі адказны дзень падарункі і сувеніры. Гэтымі днямі члены камісіі большай часткай заняты ўдакладненнем спісаў выбаршчыкаў, выпісваннем запрашэнняў для ўдзелу ў галасаванні, зборам заявак ад састарэлых людзей аб галасаванні на даму. Для кожнага жадаючага жыхара аддаленай вёскі (а галасаваць у нас будуць выбаршчыкі з 9 населеных пунктаў) будзе прадастаўлена магчымасць дабрацца на ўчастак транспартам.
— У сувязі з тым, што большасць нашых выбаршчыкаў – людзі састарэлага ўзросту, некаторыя з якіх маюць праблемы са здароўем, для іх арганізуем цэлы комплекс мер па безбар’ерным асяроддзі, — працягвае С. Палянская. — Так, пры ўваходзе на ўчастак будзе ўстаноўлены здымны пандус. Для людзей з аслабленым зрокам прадугледжаны лупы і трафарэты. Для больш камфортнага запаўнення бюлетэня для людзей з праблемамі апорна-рухальнага апарату прадугледжаны спецыяльныя шырмы, якія ўстанаўліваюцца непасрэдна на стале і даюць магчымасць такім жа тайным спосабам, як і ў кабіне, запоўніць бюлетэнь.
А за тым, каб сам ход галасавання праходзіў без парушэнняў, будуць сачыць зарэгістраваныя ўжо назіральнікі. У іх ліку і Алена Няхай. Яна прадстаўляе грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Па прафесіі – сацыяльны работнік, таму праблемы пажылых людзей ведае добра. У ролі назіральніка Алена выступае ўпершыню і пакуль што скрупулёзна вывучае свае правы і абавязкі, сітуацыі, пры якіх могуць узнікнуць спрэчкі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *