Удзельнікі жніва-2020 на Бярэзіншчыне. Знаёмцеся!

Жніво, якое ўжо ідзе да завяршэння ў нашым раёне, кожны дзень называе новыя імёны. І ў іх ліку не толькі камбайнеры і вадзіцелі, якія запісалі на свой рахунак па тысячы і больш намалочанага і перавезенага збожжа (дарэчы, лік такіх экіпажаў набліжаецца да дзясятка, а вадзіцеляў — ужо даўно перавысіў гэтую лічбу). Вядома, яны сёння ў цэнтры ўвагі.
Але ж уборачнай, яе праблемамі і клопатамі гэтымі днямі жывуць літаральна ўсе вяскоўцы. Нароўні з камбайнерамі рупяцца работнікі зернесушыльных агрэгатаў, мехмайстэрань, спецыялісты гаспадарак, работнікі сталовых і катлапунктаў. Хапае клопатаў ідыёлагам і прафсаюзным лідарам, выратавальнікам і медыцынскім работнікам.
Многіх з іх будуць з гонарам ушаноўваць у час дажынак і Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. А некаторыя днямі былі адзначаны падзячнымі пісьмамі. З такой прыемнай місіяй да бярэзінскіх хлебаробаў завітаў галоўны прававы інспектар працы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Лагвінец.

Прозвішча Раісы Сашко з ААТ “Бярэзінскі” на старонках нашай газеты ўзгадвалася неаднойчы. Вось ужо колькі гадоў ад яе намаганняў і майстэрства залежыць рытм жніва і настрой яго ўдзельнікаў у гаспадарцы. А як жа: своечасова накормленыя смачнымі стравамі, “запраўленыя”, нібы тая тэхніка, яны з большым стараннем працуюць аж да змяркання за штурваламі камбайнаў, рулямі аўтамабіляў, на зернятоках.

Падзячнага пісьма праф-саюзаў быў удастоены і вадзіцель ААТ “Брадзец” Сяргей Каханоўскі. Яго магутны МАЗ з пачатку жніва не ведаў ні стомы, ні прастояў. Гэты факт, памножаны на стараннасць спецыяліста, дазволіў яму паспяхова перавезці ад камбайнаў больш за тысячу тон збажыны.

У ліку адзначаных – камбайнавы экіпаж ААТ “Месціна” ў складзе Канстанціна Качэрскага і Аляксандра Чэрапа. Пакуль што мужчыны былі далёкімі ад запаветнага тысячнага рубяжа, але іх старанне, зладжанасць у рабоце, настаўніцтва старэйшага механізатара, прыклад пераемнасці пакаленняў (Аляксандру зусім нядаўна, 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, споўніўся 21 год) і імкненне застацца на сваёй малой радзіме заслугоўваюць толькі самых высокіх слоў.

Наперадзе — новыя поспехі і дасягненні, узнагароды і падзякі. І не дзеля славы. Кожны сумленна на сваім месцы выконвае місію па стварэнні агульнага дабрабыту. На сёння ён – галоўная палітыка, мэта і задача хлебаробаў.

Далейшае знаёмства з удзельнікамі жніва працягнецца ў наступных нумарах газеты.

У тэму

Менш як 2,5 тысячы гектараў збожжа засталося ўбіраць бярэзінскім хлебаробам да завяршэння жніва. Па стане на 13 жніўня ў раёне яно было зжата на 86 працэнтах ад агульнай плошчы.
У засекі паступіла з пачатку кампаніі 41573 тоны збажыны. Найбольш важкі валавы намалот у ААТ “Пагосцкі” – 6558 тон, УП “АграМАЗ” – 4691 тона, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” – 4683 тоны і ААТ “Брадзец” – 4144 тоны.
Дарэчы, акцыянернае таварыства “Брадзец” стала другім у раёне (пасля філіяла “Ома”) сельгаспрадпрыемствам, якое паспяхова завяршыла ўборачную. Менш як па 10% неабмалочаных палеткаў засталося ў ААТ “Першамайскі”, “Пагосцкі” і “Уша”.
Некалькі падрасла сярэднераённая ўраджайнасць зерневых. Яна дасягнула
29 цэнтнераў з гектара. Больш як па 30 цэнтнераў намалочвае палова гаспадарак. А найвышэйшая ўраджайнасць каласавых па-ранейшаму належыць філіялу “Ома” – 38,3 цэнтнера з гектара.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *