Усё пачынаецца з любові да людзей

Алена Аркадзьеўна Лешкевіч:

— Колішнюю «Сцяг Леніна» і сённяшнюю «Бярэзінскую панараму» я асабіста выпісваю дамоў ужо шмат гадоў. Вось і зараз свежы нумар раёнкі ляжыць на маім працоўным стале. Знойдецца вольная хвіліна, і я абавязкова прачытаю яе з першай да апошняй старонкі, калі паспею, абмяркую прачытанае з сябрамі і яшчэ параю пачытаць яе сваім наведвальнікам, бо тут сапраўдная скарбонка навін, карыснай і дакладнай інфармацыі па пытаннях вырашэння жыллёвых і камунальных праблем. А яны — частка маёй працы.
Нярэдка задаю сабе пытанне: што падабаецца мне ў гэтым выданні? Ды ўсё! Падабаецца ўзважаны і ўдумлівы падыход карэспандэнтаў да жыллёвай праблемы бярэзінцаў, іх лаканічныя кансультацыі і жаданне дапамагчы кожнаму. Таму яны нярэдкія госці ў маім працоўным кабінеце.
Цесна супрацоўнічаю з журналістамі з часоў, калі працавала ў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага свету. Не забыцца мне, як мы разам з былым намеснікам рэдактара Гертрудай Пятроўнай Шчур уздымалі вострыя экалагічныя праблемы, распавядалі пра «чарнобыльцаў», наладжвалі рэйдавыя мерапрыемствы па обраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, ушчувалі неахайных гаспадароў сядзіб і пачыналі ўводзіць экалагічную асвету ў школах.
Аднак мае павага і любоў да выдання не абмяжоўваюцца толькі высокім прафесіяналізмам і творчым гарэннем гэтай таленавітай жанчыны. З хваляваннем і радасцю чытаю я кожную старонку газеты, праз дасціпны карэспандэнцкі позірк люблю знаёміцца з бярэзінцамі, іх сем’ямі, іх захапленнямі і турботамі, чытаць пра таленавітых дзяцей. Некалі
і мае сын і дачушка за свае вучэбныя дасягненні станавіліся героямі публікацый. Чытала я пра іх і сэрца перапаўняў гонар і павага да людзей, якія так тактоўна даведаліся пра дзіцячыя сакрэты і з такой любоўю напісалі пра іх прыгожыя друкаваныя радкі.
У любові журналістаў да сваіх герояў і тоіцца сакрэт папулярнасці раёнкі сярод бярэзінцаў. Сімпатыяй і жывым інтарэсам нашых «акул пяра» прасякнуты рэпартажы з палёў і фермаў, тэматычныя старонкі, упадабаныя бярэзінцамі публікацыі з выпускнога балю і школьных мерапрыемстваў, сходаў і пасяджэнняў у райвыканкаме. Праз іх прафесіяналізм і крэатыўнасць цікава бачыць гэты вечна зменлівы свет, рабіць сваю ацэнку падзей і ісці наперад. Вось чаму я і мая сям’я чытаем раёнку.

Запісала Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *