Усё, што вы хацелі ведаць напярэдадні навучальнага года

Вось і скончылася лета. У аўторак 2430 вучняў Бярэзіншчыны ізноў селі за парты, а гэта значыць, што ў бацькоў і педагогаў пачаўся больш адказны і клапатлівы час. Але пакуль святочны настрой, як жоўтая лістота, яшчэ лунае ў паветры, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Цітова спяшаецца адказаць на актуальныя пытанні бацькоў і вучняў.

— Настаўнікі часта нагадваюць школьнікам аб абавязковасці захавання дзелавога стылю адзення. Якія патрабаванні дзейнічаюць у гэтым навучальным годзе?
Кірыл, СШ №2 г. Беразіно.
— Нічога не змянілася: усім вучням з 1 па 11 класы трэба прытрымлівацца дзелавога стылю. Нагадаю, што для юнакоў гэта пінжак, камізэлька, штаны, кашулі з кароткімі і доўгімі рукавамі, гальштук, а для дзяўчынак — пінжак, камізэлька, спадніца, штаны, блузкі з кароткімі і доўгімі рукавамі, сарафан. У зімовы час у камплект уваходзіць світар.
Варта падкрэсліць, што нашэнне вопраткі дзелавога стылю ў агульнаадукацыйных установах – норма, якая вызначана Уставам і правіламі ўнутранага распарадку.
— Мой сын сёлета пайшоў у 5–ы клас. Ці будзе ў яго магчымасць у сярэднім звяне вывучаць прадметы на павышаным узроўні?
Марыя Іванаўна, горад Беразіно.
— З 5 класа на павышаным узроўні школьнікі змогуць вывучаць замежную мову, а з 8 класа – усе іншыя прадметы.
— Вядома, са школьнай праграмы 9–га класа выключылі чарчэнне. Як у такім выпадку быць вучням, якія збіраюцца паступаць у тэхнічныя ВНУ, дзе трэба здаваць гэты прадмет? Ці будзе магчымасць вывучаць чарчэнне?
Ігар, горад Беразіно.
– У 2020/2021 навучальным годзе чарчэнне ўключана ў праграму 10 класа. Акрамя гэтага, па жаданні вучняў у 9 класе можа быць арганізавана правядзенне факультатыўных заняткаў «Тэхнічная графіка».
– Ці чакаюцца ў гэтым навучальным годзе якія–небудзь змяненні ў правядзенні выпускных экзаменаў?
Цімафей, горад Беразіно.
– Не. Як і раней, па заканчэнні 9-га класа школьнікі будуць здаваць пісьмова 3 экзамены: па беларускай і рускай мовах, матэматыцы. Пасля 11-га класа вучням давядзецца здаваць 4 экзамены: пісьмовыя – па матэматыцы і рускай альбо беларускай мовах, вусна – замежную мову і гісторыю Беларусі.
— Колькі трэба заплаціць за школьныя падручнікі ў новым навучальным годзе?
Святлана Іванаўна, горад Беразіно.
— Кошт падручнікаў для школьнікаў 1-11-х класаў складзе 13,5 рубля ў 2020/2021 навучальным годзе. Плата за карыстанне дапаможнікамі рэгламентавана пастановай Савета Міністраў № 621.
У адпаведнасці з дакументам, бацькі аплачваюць камплекты падручнікаў па адзіным тарыфе, незалежна ад класа, у якім вучыцца дзіця. Сума платы за дапаможнікі 1-11-х класаў складае 0,5 базавай велічыні (цяпер БВ складае 27 руб.). Для льготных катэгорый грамадзян прадугледжана зніжка 50%, а школьнікі з сацыяльна-неабароненых сем’яў кнігі атрымаюць бясплатна.
Унесці плату неабходна да 1 кастрычніка. Зрабіць гэта можна ў аддзяленнях «Беларусбанка», а таксама пры дапамозе АРІП.
— У гэтым навучальным годзе не выключаецца другая хваля каранавірусу. Ці належным чынам падрыхтаваны навучальныя ўстановы да паўтарэння пандэміі?
Алеся, горад Беразіно.
— У мінулым навучальным годзе мы назапасілі пэўны вопыт наладжвання адукацыйнага працэсу ў час пандэміі. Мяркую, што ў выпадку паўтарэння яна не застане нас знянацку. У школах маецца нядрэнная матэрыяльна–тэхнічная база і вопытныя ў галіне інфармацыйных тэхналогій спецыялісты. Дзейнічаць установы адукацыі будуць згодна з метадычнымі рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.

Гутарыла Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *