Вадзіцель і пасажыры атрымалі цялесныя пашкоджанні… Хто вінаваты — у крымінальнай хроніцы бярэзінскіх следчых

 

 ТАК І НЕ КУПІЎ РЭЧ ПА “ВАЙБЕРЫ”

 Невядомы ва неўстаноўленым месцы падманам завалодаў рэквізітамі банкаўскай карткі і выкраў з рахунку 370 рублёў. Такім чынам, пакупнік застаўся без пакупкі і без грошай.

 РЭКОРД ТЫДНЯ

На гэты раз ён належыць невядомаму злодзею, які 7 ліпеня, ведаючы рэквізіты банкаўскай карткі, з дапамогай інтэрнэту атрымаў несанкцыянаваны доступ да карт-рахунку і зняў з яго не больш-не менш, як 2990 рублёў 96 капеек.

 А ВЫ ВЕДАЕЦЕ ПРА НЕСАНКЦЫЯНАВАНАЕ КАПІРАВАННЕ ІНФАРМАЦЫІ?

Невядомы з выкарыстаннем мэсэнджара “Тэлеграм” у ходзе перапіскі спрабаваў скапіраваць дадзеныя з дапамогай шкоднай праграмы.

 У ЧЫМ ДЗЕЦІ ВІНАВАТЫ?

Жанчына, абавязаная судом вяртаць грошы на ўтрыманне сына ў дзяржаўных установах і асуджаная за ўхіленне ад выплаты гэтых расходаў, ізноў узялася за старое: на працягу трох месяцаў 10 дзён прагуляла працу. І такіх фактаў у крымінальнай хроніцы апошніх тыдняў яшчэ тры.

ДЗЕ БЫЛІ ГАСПАДАРЫ?

 Невядомы на працягу часу з 7 па 16 ліпеня зламаў навясны замок у доме і вынес адтуль маёмасці на 500 рублёў.

 НЕЦВЯРОЗЫ МУЖЧЫНА ЗАБІў ІНВАЛІДА

 Трагедыя адбылася 18 ліпеня ў доме па вуліцы Горкага горада. Тут у ходзе сваркі з састарэлай жанчынай па прычыне непрыязных адносін выпівака прычыніў ёй цялесныя пашкоджанні. Ад іх бездапаможная пенсіянерка памерла на месцы здарэння.

 ВЫКРАЎ АРЫШТАВАНУЮ МАЁМАСЦЬ

 Мужчына, якому ў рамках расследавання была даручана арыштаваная маёмасць, прадаў яе невядомым.

А БЫЛО ГЭТА Ў МІНУЛЫМ ГОДЗЕ

Менавіта тады невядомы трапіў у летні домік непрацуючай базы адпачынку і выкраў прадукты харчавання.

 ТАК ХАЦЕЛАСЯ ВЫПІЦЬ

 Мужчына 19 ліпеня адкрыта і нахабна выкраў у магазіне бутэльку гарэлкі.

СЫН ПАБІЎ БАЦЬКУ

Мужчына, будучы ў нецвярозым стане, спачатку нажом, а затым рукамі і нагамі па целе і твары збіў свайго бацьку. У запале задзіра пагражаў мужчыну забойствам, якое пацярпелы ўспрыняў рэальна і перажыў сапраўдны шок.

ЕХАЎ ЁН НА ТРАКТАРЫ

Вадзіцель, кіруючы трактарам з прыцэпам, пры выкананні развароту не саступіў дарогу аўтамабілю. У выніку вадзіцель і пасажыры аўтамабіля атрымалі цялесныя пашкоджанні, а ў трактарыста не засталося нават сінякоў.

АДКУЛЬ У КАБЕТЫ НАРКОТЫК?

На гэта пытанне павінны адказаць сышчыкі, якія на мінулым тыдні затрымалі жанчыну. У яе “выпадкова” знайшлося крышталічнае рэчыва светла–зялёнага колеру альбо асабліва небяспечны псіхатроп, які не ўжываецца ў медыцынскіх мэтах. Частку яго жанчына выкарыстала, а другую – захоўвала для ўласных патрэб.

Па інфармацыі Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *