Вечная слава нашым воінам

15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў, якія выконвалі воінскі абавязак за межамі Айчыны. Ушанаванне герояў тых няпростых ваенных часоў было прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і прайшло на сцэне раённага цэнтра культуры. На мерапрыемства сабраліся не толькі бярэзінскія воіны-інтэрнацыяналісты, але і старшакласнікі гарадскіх школ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і мясцовай улады.

Памятная дата 15 лютага звязана з вывадам у 1989 годзе савецкіх войскаў з Афганістана. Кровапралітная вайна цягнулася 9 гадоў 1 месяц і 18 дзён. Баявыя дзеянні ў Афганістане лічацца дагэтуль самымі жорсткімі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 14 тысяч салдат і афіцэраў загінула на чужой зямлі, звыш 300 чалавек зніклі без вестак, 6000 — памерлі ад ран і хвароб. Памяць аб афганскай вайне дагэтуль не дае спакою ваенным гісторыкам, непасрэдным удзельнікам тых падзей і сціскае болем сэрцы бацькоў, маці, жонак і дзяцей тых маладых хлопцаў, якія вярталіся дамоў у цынкавых трунах “грузам-200”.

Па традыцыі, кожны год 15 лютага ўскладаюцца кветкі і ўшаноўваецца хвілінай маўчання памяць пра воінаў-афганцаў

На працягу часу з 1979 па 1989 гады ў Афганістане праходзілі службу каля 30 тысяч беларусаў. Амаль 800 адважных салдат загінулі на палях бітвы. Усе яны ў Дзень памяці са смуткам узгадваюць сваіх таварышаў па службе, родных і блізкіх, аддаюць гонар і славу подзвігам адважных салдат.

-У ліку тых, хто дастойна выконваў інтэрнацыянальны і воінскі абавязак, былі і 75 бярэзінскіх юнакоў, — зазначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі, — бо 25 ваеннаслужачых адзначаны баявымі ўзнагародамі: 2 – ордэнам Чырвонай Зоркі (у тым ліку пасмяротна), 11 — медалямі “За адвагу”, 5 — “За баявыя заслугі”, 12 — медалямі “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, а 3 — вызначыліся ў ахове дзяржаўнай граніцы. З 75 нашых удзельнікаў афганскіх падзей вярнуліся ў цынкавых трунах Сяргей Карканіца з вёскі Асмолаўка і Уладзімір Шумскі з аграгарадка Уша.

Кожны з воінаў заслугоўвае нізкага паклону і шчырай павагі. Таму ў ходзе мерапрыемства Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі Сяргей Гліннік і Аляксандр Нікалаенка.

Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі ўручае Сяргею Глінніку ўзнагароду

Сяргей Віктаравіч быў прызваны ў рады Савецкай Арміі ў лістападзе 1986 года і накіраваны ў Туркменістан. З красавіка 1987 года па люты 1989 служыў у Афганістане. Яшчэ да службы ў арміі юнак атрымаў спецыяльнасць механізатара меліярацыйных работ, а ў час службы стаў наводчыкам і спецыялістам мінамётаў. Дэмабілізаваўся 16 лютага 1989 года, а ў снежні 1995 года быў прыняты на працу ў органы ўнутраных спраў. Забыцца пра вайсковую службу на чужой зямлі яму не даюць не толькі армейскія ўспаміны, але і медаль “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. Аляксандр Нікалаенка быў дэмабілізаваны 14 лютага 1985 года. Дамоў вярнуўся з медалём “За выдатную службу па ахове дзяржаўнай граніцы “Воінская доблесць”. А быў прызваны Аляксандр Уладзіміравіч на тэрміновую службу ў Сярэднеазіяцкую Чырвонасцяжную пагранічную акругу №47. Служыў на іранскай граніцы.

Як дастойна служыў, так і працуе ў мірны час Аляксандр Нікалаенка

І сёння гэтыя мужчыны, як кажуць, у баявым страі. Сяргей Гліннік працуе ў Бярэзінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, а Аляксандр Нікалаенка — у ДЭУ-6.

— Юнакі, якім тады давялося служыць на чужыне, і воіны-афганцы, што сёння жывуць і працуюць у нашым раёне, — падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыйнай структуры ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Купіч, — не здрадзілі салдацкаму доўгу, воінскай славе і доблесці герояў Вялікай Айчыннай вайны і перадаюць падрастаючаму пакаленню павагу да баявых традыцый Узброеных Сіл краіны.

Афганскія падзеі і сёння не даюць спакою, бо не загойваюцца баявыя раны і рубцы на сэрцы. Ды і не дае забыцца на мінулае нестабільная сітуацыя ў свеце, дзе амаль кожны дзень грымяць баявыя снарады і гінуць людзі. Дарэчы, 15 лютага беларусы ўшаноўваюць памяць і воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія праходзілі службу ў Карэі, Іспаніі, Анголе, на Блізкім Усходзе і ў В’етнаме. Іх нямнога, але яны ёсць у нашай краіне. Нагадваюць аб гэтым мастацкія творы і людская памяць, бо дагэтуль у пабудаваных у Афганістане савецкімі салдатамі жылых дамах жывуць тутэйшыя, мясцовыя жыхары карыстаюцца мастамі і дарогамі, бальніцамі і іншымі пабудовамі таго часу, бо воіныінтэрна-цыяналісты, сапраўды, захоўвалі мір.

— Яны ж абаронцы і плацілі за гэта сваім жыццём, — падкрэсліў у ходзе ўрачыстага мерапрыемства вядучы Аляксей Бабашаў. – Мы памятаем іх і будзем перадаваць гэту слаўную памяць нашым дзецям і ўнукам, а тыя, у сваю чаргу, наступным пакаленням.

Падтрымлівалі гэты ўзнёслы патрыятычны настрой творчыя выступленні Дзмітрыя Свірыда, Аляксандра Міхайлоўскага, Дзмітрыя Мяшалкіна, Настассі Керынай, народнага духавога аркестра гарадскога Дома культуры Заслаўя, падрыхтаваныя работнікамі культуры выставы рэчаў, фотаздымкаў і ўзнагарод часоў афганскіх падзей.

Асабліва ўзнёслы і патрыятычны настрой падарылі ўдзельнікам свята выступленні народнага духавога аркестра гарадскога Дома культуры Заслаўя

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *