Ветэран вайны Віктар Красоўскі адзначыў 95-годдзе

 

Бадзёры, у добрым настроі, прыгожа апрануты – гальштук, пінжак — сустракаў гасцей юбіляр

— Мне і не верыцца, што адзначыў ужо 95-гадовы юбілей, — зазначыў В. Красоўскі. – Праляцела, праімчала жыццё, як адно імгненне!

Ветэран прайшоў з баямі Прыбалтыку, Усходнюю Прусію, браў Кёнігсберг, быў стралком мотастралковай роты. І зараз яго пінжак упрыгожваюць, зіхацяць ордэны і медалі. Сярод іх – ордэн Славы III ступені і медаль “За адвагу”.

Завіталі павіншаваць са значным юбілеем Віктара Давыдавіча галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Бакун, старшыня савета ветэранаў Мікалай Абазовік і былы работнік райвыканкама, сябар юбіляра Сцяпан Каленцыёнак.

— Прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды такога значнага юбілею, — гаварыла Таццяна Бакун. – Жадаем вам моцнага здароўя, каб мы да вас завіталі і на 100-годдзе!

— Дзякуй, за добрыя словы! – зазначыў Віктар Давыдавіч. – Мне вельмі прыемна ваша ўвага.

У доме Віктара Давыдавіча чысціня і ўтульнасць. А ўсё дзякуючы надзейнай памочніцы, сацработніку Вользе Федарынчык. Яна ўжо даўно дапамагае спраўляцца з дамашнімі справамі ветэрану.

— Так, без маёй Іванаўны, я б ужо не справіўся, — дадае юбіляр.

Вядома ж, павіншавалі Віктара Давыдавіча і Вольга Федарынчык, і супрацоўнікі Бярэзінскага ТЦСАН Юлія Цыркуновіч і Таццяна Шкель.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *