Віват, “Віват, карапузы!”

У мінулую суботу ў раённым цэнтры культуры адбыўся чарговы канцэрт выхаванцаў Бярэзінскай школы мастацтваў “Віват, карапузы!”. Традыцыйна наладжваецца ён для юных жыхароў і іх бацькоў. Таму з самай раніцы ў цэнтры культуры панавала вясёлая мітусня: усіх вітаў клоўн, гучала жывая музыка, працавала фотазона з казачнымі героямі, жадаючыя маглі ўпрыгожыць сябе аквагрымам і падзівіцца талентам юных мастакоў на выставе. Прыйсці на канцэрт рэкамендавалася цэлымі сем’ямі — з татамі, з мамамі, з дзядулямі, з бабулямі, з суседзямі і знаёмымі, і абавязкова з малымі дзеткамі.

Жыва спявае пра прагу да моды Ксенія Папкова. Ці яна не прыгажуня?

 

— Канцэрт “Віват, карапузы!” раённая школа мастацтваў зрабіла добрай сямейнай традыцыяй, — гаворыць дырэктар установы Наталля Сляпцова, — ужо першае мерапрыемства паказала вялікую цікавасць бярэзінцаў да канцэрта з удзелам юных выканаўцаў. Яго першымі гледачамі сталі 100 чалавек, а сёлета гэта колькасць значна ўзрасла.

Танец маленькіх качанят выконвае дуэт піяністаў Настасся Іванова і Соф’я Раманоўская

Крэатыўна падышлі педагогі школы мастацтваў і да канцэртнай праграмы, якая была пастроена з дапамогай сцэн з удзелам Нязнайкі. Яго прыгоды ў казачным горадзе арганічна дапаўнялі спевы і танцы юных навучэнцаў школы мастацтваў. Так, узняў усім настрой вясёлы танец “Мамонтёнок” у выкананні ўзорнага тэатра танца “Пёстрый мир”. Прызналася ў спевах, што яна юная модніца, Ксенія Папкова, выканалі на акардэонах мелодыю са славутай песні пра трох танкістаў Уладзімір Пракопчык, Віктар Смелякоў і Максім Шупо. Не заціхалі ў зале гучныя апладысменты, калі непасрэдна і эмацыянальна спявала Лізавета Саскавец, ігралі на піяніна танец маленькіх качанят Настасся Іванова, Соф’я Раманоўская і выконваўся танец “Ладушки”. Па сілах юным музыкантам, вакалістам і танцорам і больш складаны рэпертуар. Так, усім вядомую мелодыю з песні “Саўка ды Грышка” прайграла на скрыпцы Дарына Карповіч, “Вясёлую кадрылю” на цымбалах — Ульяна Самец, “Як у полі зацвіталі” і “Перапёлачка” — на дудцы Дар’я Аўтуховіч і Варвара Семяняка. Нікога не пакінула раўнадушным вакальніцкае майстэрства Яраслава Жорава, Сафіі Несцяровіч, Арыны Пыж, Яны Азарка, Мікіты Жукоўскага, Эльвіры Карповіч, Аляксандры Звоннікавай, Настассі Зубар і вакальнай групы “Страна чудес”. Усе яны не толькі справіліся з хваляваннем перад вялікай аўдыторыяй, але паказалі добры вакальны талент і артыстызм. Нельга забыцца і на выступленні юных танцораў, якія падрыхтавалі да канцэрта некалькі танцаў. Без іх удзелу мерапрыемства страціла б пэўную казачнасць і загадкавасць.

А як жа цудоўна грае на дудачцы Варвара Семяняка! У яе выкананні гучыць “Перапёлачка”

— Канцэрт “Віват, карапузы!” даўно стаў яркай візітная карткай школы мастацтваў, — зазначае Наталля Генадзьеўна, — бо наладжваецца ён сіламі нашых вучняў з усіх аддзяленняў установы. Удзел у ім для юных музыкантаў, спевакоў і танцораў служыць лепшай ацэнкай старанняў і адоранасці кожнага дзіцяці, натхняе яго на далейшае раскрыццё сваіх здольнасцей. Акрамя таго, выступленні дзяцей на вялікай сцэне раённага цэнтра культуры нязменна павялічваюць армію нашых таленавітых вучняў.
Са словамі дырэктара не паспрачаешся. Трэба было бачыць, як гарэлі вочы ў юных гледачоў, калі яны сачылі за дзеямі на сцэне, як назіралі за фотасесіямі юных артыстаў. Напэўна, дзіцячая зайздрасць і жаданне паказаць сябе дапамогуць ім у нялёгкай справе авалодання творчасцю, і яны ў самы бліжэйшы час парадуюць нас сваімі спевамі, танцамі і ігрой на музычных інструментах.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *