Вялікай папулярнасцю сярод жыхароў аграгарадка Брадзец карыстаецца “Бярэзінская панарама”

— Люблю раёнку. Люблю шмат за што. І за тое, што дакладна адлюстроўвае жыццё Бярэзіншчыны. І за тое, што змяшчае дастаткова вялікую колькасць матэрыялаў аб жыхарах раёна – цудоўных працаўніках, цікавых асобах, проста добрых людзях. І за тое, што дакладна і ёмка інфармуе аб эканамічных і грамадска-палітычных навінах. Люблю многія рубрыкі і тэматычныя старонкі. Чакаю «прамыя лініі», якія даюць адказы на шматлікія пытанні, што часам узнікаюць. Шмат цікавага можна даведацца з «Сямейнай скарбонкі», «Дэмаграфічнай старонкі». Люблю спецпраекты «Знайдзі свой 1%», “Пандусы жыцця” і інш. Але перавагу ўсё ж такі аддаю матэрыялам пад рубрыкай “Культура”, дзе размяшчаюцца артыкулы не толькі нашых упадабаных аўтараў, але і пазаштатных карэспандэнтаў.
Раёнка для мяне – сродак сувязі з чалавецтвам, як бы гучна гэта не гучала. А што? Хіба ж мае землякі – жыхары роднага раёна – не з’яўляюцца мадэллю чалавецтва? Тым больш: іх клопат і праблемы для мяне – больш цікавыя, чым, скажам, праблемы жыхароў якой-небудзь іншай дзяржавы. Не буду хлусіць, што раёнка для мяне – адзінае акно ў свет. Ёсць шмат перыядычных выданняў, багатых інфармацыйна і мастацка-культурна. Але як гудзіць вёска, калі матэрыялы ў раёнцы друкуюцца пра яе жыхароў! Таму раёнка для мяне родная і цёплая. Таму і люблю яе. А яшчэ – за людзей, якія яе ствараюць. А яшчэ – за тое, што захавала вернасць сабе і сваім чытачам, што паста- янна абнаўляецца, знаходзіцца ў творчым пошуку.
Ну і, нарэшце, не буду грашыць: люблю раёнку за тое, што яна нязменна збірае людзей у маім клубе-бібліятэцы ў сераду і суботу. Усе яны спяшаюцца першымі на вёсцы пацікавіцца навінамі раёна, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і завочна сустрэцца са сваімі ўпадабанымі аўтарамі.

Не прапусціце!
У чацвер, 19 снежня, з 11 гадзін у аддзяленні паштовай сувязі №1 па адрасе: горад Беразіно, вуліца Кастрычніцкая, 16, пройдзе акцыя “Абласны дзень падпісчыка”. Стаць яе ўдзельнікам зможа кожны, хто ў гэты дзень аформіць падпіску на выданні на І паўгоддзе 2020 года.
Сяброў раёнкі чакаюць прыемныя сюрпрызы.

Запісала Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *