Вярнуць страчаныя рубяжы у планах ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс»

Гэтымі днямі на пасаду дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Бярэзінскі райаграсэрвіс” быў назначаны новы кіраўнік. Ім стаў Аляксандр Абрамчык. У сельскай гаспадарцы ён не навічок, раней таксама займаў адказныя і кіруючыя пасады, з’яўляецца добрым спецыялістам і аб’ектыўна ацэньвае становішча спраў, што існуюць зараз у гаспадарцы. На вырашэнне якіх праблем у першую чаргу будуць накіраваны намаганні Аляксандра Еўстаф’евіча?

Пасля чарговай запраўкі насеннем новая сеялка Аляксандра Багамаза гатова да далейшай работы

— Калі гаварыць коратка, — адзначае ён, — то схема наступная. Перш-наперш патрэбна павышаць вытворчасць малака – галоўнай крыніцы папаўнення фінансаў сельгаспрадпрыемства. А для гэтага статак павінен быць забяспечаны пад патрэбу высакаякас-нымі кармамі. Яшчэ адзін складальнік — высокая тэхналагічная дысцыпліна ў жывёлагадоўчай галіне.
Сёння мы ўжо выйшлі з існаваўшага на пачатак года “мінуса”. Нягледзячы на некаторае скарачэнне пагалоўя, валавы надой у красавіку складае 101% да леташняга, рэалізацыя малака – 107 працэнтаў. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе пакуль што дасягаюць 552 грамаў. Лічу, для нас гэта не мяжа. Ды і па надоях, якія сёння складаюць 9,52 кілаграма, мы таксама павінны прырастаць. На канец года плануем мець надой на карову ў 15 кілаграмаў і давесці колькасць дойнага пагалоўя да таго ўзроўню, якое налічвалася на пачатак года — гэта значыць, як мінімум да 1396 галоў. Якім чынам? За кошт работы са статкам, у прыватнасці, увядзення цялушак і павелічэння колькасці расцёлаў. Неўзабаве жывёла пойдзе на пашу, а гэта самы спрыяльны перыяд для нарошчвання прадуктыўнасці статка. Па-ранейшаму будзем весці работу па захаванні якасці малака. Сёння тры чвэрці яго паступае гатункам “экстра”, астатняе — вышэйшым.
Значная ўвага ў гаспадарцы надаецца закладцы кармавой базы ў ходзе сёлетняй пасяўной кампаніі. У “Бярэзінскім райаграсэрвісе” ўжо завяршылі сяўбу ранніх каласавых культур. Яны прадстаўлены ячменем (247 гектараў), зернебабовымі (180) і аўсом (100 гектараў). Акрамя таго, па прапанове ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама тут пасеялі 66 гектараў піваварнага ячменю, які затым і надалей мяркуюць укараняць у севазварот. Як заўсёды, значная плошча ў гаспадарцы адводзіцца кукурузе, яна зойме сёлета тысячу гектараў, частка ўраджаю будзе выкарыстоўвацца на зерне.
Дзве трэція пасяўных плошчаў занялі азімыя культуры. З зерневай групы гэта пшаніца, трыцікале і жыта. Добра перазімаваў рапс. Сёлета ён заняў 300 гектараў, што ўдвая менш мінулагодняга. Але за кошт скарачэння яго плошчы, да 450 гектараў павялічаны пасевы свірэпіцы – культуры менш патрабавальнай і амаль такой жа прыбытковай. Крыху больш за 1500 гектараў у “Бярэзінскім райаграсэрвісе” займаюць шматгадовыя травы. З іх 714 гектараў – люцэрна ў чыстым выглядзе. Значная частка адведзена пад шматкампанентныя пашы, злакавыя і зернебабовыя сумесі (канюшыну з цімафееўкай і канюшыну з купкоўкай). У дадатак да гэтага, кармы будуць назапашвацца і за кошт аднагадовых траў. Сёлета плошчы пад імі стануць кры- ху большымі за кошт распрацаваных меліяратарамі ўчасткаў палепшаных паш.
Па словах галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Анатоля Шабана, сёлета гаспадарка мае рэальную магчымасць стварыць паўтарагадовы запас кармоў для грамадскага статка. А значыць, пастаўленыя новым кіраўніком задачы па павелічэнні паказчыкаў работы жывёлагадоўлі таксама ажыццявімыя.
Важная роля ў стварэнні належнай кармавой базы традыцыйна адводзіцца кукурузе. Менавіта яе высевам сёння і заняты ў райаграсэрвісе. Літаральна перад самым выхадам у поле тут набылі новую лідскую васьмірадную сеялку СТВ-8 ДУ, якую даверылі вопытнаму механізатару Аляксандру Багамазу. Абсталяваная камп’ютарам, яна сочыць за якасцю сяўбы і кантралюе высеў зерня. На двух іншых сеялках заняты Іосіф Бадзін і Сяргей Ждановіч. Пры існуючых тэмпах работ высеў кукурузы павінен быць завершаны не больш як за тры тыдні, калі яшчэ аптымальныя тэрміны ўпушчаны не будуць. Не былі страчаны яны і пры сяўбе ранніх яравых культур, у чым вялі-кая заслуга механізатараў гаспадаркі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *