Чаму бярэзінскую вёску Уцешына лічаць вогненнай сястрой Хатыні?

Дзе б ні жылі нашчадкі тых пакутнікаў, што ўцалелі, калі карнікі спальвалі ў вайну беларускія вёскі, яны памятаюць і цяпер пра трагедыю іх родных людзей.
Дзень 22 сакавіка пазначаны чорным колерам на беларускім календары. Гэта Дзень памяці ахвяр Хатыні. Карнікі спалілі невялічкую лясную вёску разам з яе жыхарамі ў партызанскай зоне, у Лагойскім раёне якраз на хрысціянскае свята Саракі (Сарака Святых) у ваенным 1943-м. Былі спалены ўсе 26 хат, згарэлі 149 чалавек.

Настаўніца Капланецкай школы Наталля Бальчунас паказвае нам камень, дзе вясной заўсёды ляжаць кветкі спаленым жыхарам вёскі

Помнік Р. Кроту, якога забілі карнікі ў садзе Душэўскіх

Помнік Мікалаю Душэўскаму, спаленаму жыхару вёскі Уцешына

Мармуровы помнік усім жыхарам спаленай вёскі Уцешына

“Вогненных вёсак” па Беларусі — тысячы. Па самых сціплых падліках, іх налічваецца 5445. Ёсць у гэтым жалобным спісе і шэраг населеных пунктаў Бярэзінскага раёна. Напэўна, большасці бярэзінцаў вядома трагедыя вёскі Краснае, дзе карнікі расстралялі і спалілі 86 мірных вяскоўцаў. А былі
яшчэ зверствы фашыстаў у Дулебах, Стаўпах, Баравіно і іншых.
Сярод іх асобна стаіць вёска Уцешына. Яна была знішчана фашыстамі адной з першых, у верасні 1942 года. Знішчана, бо ў час ваеннай аперацыі ўздоўж невялічкай вёсачкі з надзвычай мілагучнай назвай партызаны наладзілі засаду і падарвалі машыну. Фашысты жорстка адпомсцілі за гэта і расстралялі ўцешынцаў, а вёску спалілі. Выжыць тады змаглі толькі Пётр Францкевіч і яго сястра Марыя. У свой час успаміны жывых сведак ваеннага ліхалецця сабраў і занатаваў для нашчадкаў тагачасны дырэктар Капланецкай сярэдняй школы, заўзяты краязнаўца Уладзімір Трус. Што ж паведаміў яму Пётр Францкевіч?
— Да калектывізацыі ва Уцешыне налічвалася дванаццаць двароў, — успамінаў мужчына, — сем гаспадарак пераехалі ў розныя месцы, але больш за ўсё — у суседнюю Крапіўню. На дзень трагедыі ў вёсцы налічвалася пяць хат, у якіх жылі сем’і Францкевічаў, Душэўскіх, Ліпніцкіх і Букатых. Больш за ўсіх было дзяцей, а ўсяго налічвалася 26 вяскоўцаў.
Пасля выбуху ў той злашчасны дзень панаехалі фашысты і паліцаі з Брадца і Беразіно і акружылі вёску. Перш-наперш карнікі ўварваліся ў дом Івана Ліпніцкага. Тут у гэты час “гасцяваў” бацька Пятра, Іван Францкевіч. Іх вывелі і расстралялі ў садзе. Канстанцін Ліпніцкі разам з братам Браніславам у гэты час былі на агародзе. Там іх і напаткалі варожыя кулі. Адначасова карнікі прывялі з поля жыхара вёскі Крапіўня Рыгора Крата і забілі яго ў садзе Душэўскіх. Толькі з надыходам вечара фашысты пакінулі вёску. Напалоханыя партызанамі, едучы на грузавіку, яны стралялі з кулямёта ў розныя бакі лесу ад Уцешына да самага Беразіно.
На гэтым пакуты маленькай лясной вёсачкі не скончыліся. На наступны дзень тут з’явіліся карнікі. Яны ачапілі Уцешына, заходзілі ў кожную хату, забіралі ўсё, што траплялася пад рукі. Людзей сагналі ў адно месца. На іх вачах паліцаі выкапалі яму, пасля чаго загадалі лезці туды і легчы ніц Ганне Францкевіч, Мікалаю Душэўскаму і Уладзіміру Клімантовічу. Затым раздаліся аўтаматныя чэргі. На гэта месца паліцаі звезлі забітых у першы дзень, а дзяцей малых не чапалі.
— Тады мне было васямнаццаць гадоў, — успамінаў Пётр Францкевіч. – У гэты дзень я араў поле пад азімае жыта. Пачуў выбух. Паспеў прыехаць дадому, распрэгчы каня і зайсці ў хату. А тут завітаў сусед Леанід Крот і гаворыць, што немцы забілі ў садзе бацьку. Мы з маці паспяшаліся туды і наткнуліся на карнікаў. Я сказаў маме “Да пабачэння!” Гэта былі мае апошнія словы, якія я ёй сказаў. А затым перабежкамі, пад свіст куль накіраваўся ў бок кустоў. Кулі прабілі верхняе адзенне, але мне суджана было застацца ў жывых. Сястра Марыя ў гэты дзень была ў Аўгустове і таксама выратавалася ад смерці.
Расправіўшыся з мірным насельніцтвам, фашысты запалілі ўсе хаты і гаспадарчыя пабудовы, а затым паехалі. Пасля іх на месцы былой вёскі засталіся руіны печаў, галавешкі і абгарэлыя дрэвы.
Праз пэўны час родзічы забітых адкапалі брацкую магілу і перазахавалі ахвяр на могілках у вёсцы Крапіўня. Тут сваякі паставілі агароджу і помнікі, якія ў наш час прыбіраюць брадзецкія школьнікі і работнікі Капланецкага сельскага Савета. Не перазахавалі толькі Уладзіміра Клімантовіча. Яго цела забраць не было каму: ён рос сіратой.
Пасля вайны Уцешына не аднавілася. Добрыя людзі пазначылі месца спаленай вёскі слупкамі, але з цягам часу апошнія згнілі. Знайсці магілу там ужо даўно немагчыма, але мясцовыя механізатары сцвярджаюць: штогод тут, на палітай людской крывёй зямлі, атрымліваюць шчодры ўраджай збожжа.
Цяжкі лёс напаткаў Пятра Францкевіча.
— Калі жыў у вёсцы Аўгустова ў бабулі, мясцовы здраднік перадаў у гарэніцкі гарнізон, што ў вёсцы пражывае партызанская сям’я, — расказваў ён. — Мяне аднойчы схапілі немцы і павезлі ў Беразіно. Па-зверску білі, цкавалі аўчаркамі. Затым адправілі ў магілёўскую турму, дзе было не лепш. З турмы ў ліку іншых вязняў адправілі ў Германію, дзе працаваў на заводах.
Гэтыя запісы былі сабраны Уладзімірам Трусам і капланецкімі школьнікамі ў 70-80-ыя гады мінулага стагоддзя і беражліва захоўваліся ў краязнаўчым музеі. Сёння ён ужо не працуе ў школе, але горкая памяць пра спаленую лясную вёсачку жыве ў сэрцах мясцовых людзей і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Інакш чаму кожную вясну з’яўляюцца кветкі на камені, які ляжыць уздоўж лясной дарогі, што прымыкае да поля. Ды і брадзецкія механізатары заўсёды асабліва старанна рупяцца на палетках каля мармуровага помніка жыхарам спаленай вёскі. Ён устаноўлены на самым відным месцы ў 1989 годзе непадалёк ад дарогі на Брадзец. Нездарма ж тут вясной стаіць аксамітавая рунь палеткаў і самае залатое мора збажыны летам. Не хочаш, а звернеш увагу на такі прыгожы пейзаж за акном аўтамабіля.
Такіх помнікаў вёскам, спаленым у вайну, шмат па Беларусі. Яны — жывы і балючы ўспамін пра вайну. Хацелася б, каб ён пасяліўся ў сэрцах нашых дзяцей і ўнукаў. Асабліва цяпер, калі камусьці хочацца перапісаць гісторыю тых жудасных падзей. Ім варта пачытаць імёны на помніках — імёны жыўцом спаленых і расстраляных людзей, нашых продкаў, паслухаць самотны шум дрэў на тых месцах. Дзеля гэтага і светлай памяці загінуўшых мірных жыхароў заўсёды трэба памятаць пра спаленыя вёскі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *