Выпальванне сухой расліннасці – экалагічнае бедства!

Бярэзінская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што выпальванне сухой расліннасці забаронена і прыносіць непапраўную шкоду ўсяму жывому!

Пры надыходзе цёплага надвор’я пачынаецца паўсюднае выпальванне сухой расліннасці. Гэта з’ява штогод набывае настолькі шырокі і рэгулярны характар, што стала наймацнейшым разбуральным фактарам, які негатыўна ўплывае на навакольнае асяроддзе.

Сярод насельніцтва бытуе думка, што выпальванне сухой расліннасці спрыяе яе лепшаму росту. На самой справе выпальванне сухой расліннасці і сельскагаспадарчыя палы — гэта сапраўднае экалагічнае бедства. Практычна ўся тэрыторыя краіны вясной пакрыта слядамі гэтай разбуральнай дзейнасці.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце», выпальванне сухой расліннасці (сухіх раслін) і яе рэшткаў на корані забараняецца.

За невыкананне ўказанага патрабавання прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Акрамя таго, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў юрыдычныя і фізічныя асобы кампенсуюць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю.

Падпальваючы сухую траву, мы робіць шкоду прыродзе. Збядняецца глеба, мінеральныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў попеле, хутка выветрываюцца і з грунтавымі водамі вымываюцца з паверхні глебы.

У выніку выпальвання сухой травы збядняецца відавы склад расліннасці, гінуць казуркі, жабы, згараюць гнёзды тых відаў птушак (кнігаўкі, палявога і ляснога жаўрукоў, звычайнай аўсянкі, бакаса і інш.), якія гняздзяцца на зямлі.

Акрамя таго, дым ад спальвання сухой расліннасці вельмі небяспечны для алергікаў.

Правядзенне выпальванняў часта прыводзіць да ўзгарання тарфянікаў і лясоў. Штогод 10-12% лясных пажараў узнікае па гэтай жа прычыне.

Памятайце, чалавек нясе эканамічныя страты ад недавыкарыстоўвання драўніны, дзікарослых грыбоў і ягад, а таксама выдаткаў на тушэнне пажараў.

Таму, перш чым кінуць запалку, падумайце аб згубных наступствах для прыроды!

Дзіна ЕРМАЛОВІЧ,
галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *