Высакосны год для стараннай сялянскай працы не перашкода

Сяляне здаўна вераць у розныя прыкметы, аднак сёлетні высакосны год прымусіць сучасных работнікаў фермаў і палёў перагледзець стаўленне да народных традыцый.

Аляксандр Шыбалка

– Не нябесная канцылярыя абяцае нам цяжкі колас і рэкі малака, – разважае намеснік дырэктара СУП «Здравушка – агра» Аляксандр Шыбалка. – Усё гэта плён стараннай, прадуманай штодзённай і руплівай працы кожнага працаўніка гаспадаркі, вядучых спецыялістаў, простых жывёлаводаў і механізатараў. Калі хто з іх палянуецца альбо памыліцца, лічы, усе сумесныя намаганні страчаны. Аднак сёлета ў нас усё супала: і літасць надвор’я, і старанне людзей. Нават вызначыць кагосьці асобна не магу. Кожнаму з іх на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці гавару шчырае “дзякуй” і нізкі паклон!

І сапраўды, работнікі філіяла папрацавалі на славу. Завяршылі жніво з трэцім месцам сярод прадпрыемстваў у раённым спаборніцтве. З 1547 гектараў намалацілі 4728 тон збожжа. Ураджайнасць склала амаль 30 цэнтнераў з гектара. Гучнымі апладысментамі віталі на раённых дажынках вопытны і зладжаны экіпаж паплаўскіх хлебаробаў Уладзіміра Сігаёва і
Ігара Капанца, дружны маладзёжны экіпаж Дзяніса Тарасенкі і Сяргея Пашкевіча, вадзіцеля Уладзіміра Цішкевіча і групу рабочых па дапрацоўцы збожжа ў складзе Дзмітрыя Падзярэнкі, Уладзіслава Мандрусенкі, Дзмітрыя Бісюкова і Уладзіміра Андрыевіча. Усе яны і іншыя паплаўскія механізатары спадзяюцца ў наступным годзе ўзняцца вышэй у раённым спаборніцтве і паспяхова ўправіліся з сяўбой азімых культур, назапасілі багаты запас травяністых кармоў.

– Ды і зараз трактарысты яшчэ шчыруюць цэлы працоўны дзень у полі, — тлумачыць Аляксандр Уладзіміравіч. — Поўным ходам ідзе ворыва і закладваецца сянаж з траў трэцяга ўкосу. Навошта нам столькі кармоў? Дык запас лішнім не бывае! Трэба ж нам падцягваць жывёлагадоўлю, павялічваць статак і нарошчваць вытворчасць малака і мяса.

Юлія Кошалева

Падтрымлівае рашучы настрой кіраўніцтва на паляпшэнне спраў на паплаўскіх фермах галоўны ветурач Юлія Кошалева. Пачынала яна сваю працу ў філіяле “АграМАЗ”, аднак апошнія два гады ездзіць на працу з Беразіно ў аграгарадок Паплавы.

– Кіраўніцтва цалкам аплачвае мае расходы за арэнду кватэры і ва ўсім мяне падтрымлівае, не крыўдзіць заробкам – гаворыць Юлія Віктараўна, – ды і людзі працуюць тут асаблівыя, працавітыя, старанныя і надзейныя, бясконца ўлюбёныя ў сваю справу.

Таццяна Бяляева

Дастаткова ў гэтай сувязі назваць загадчыцу фермы “Падваложка” Таццяну Бяляеву, якая змяніла ў 2014 годзе ўтульны бухгалтарскі кабінет на ферму. Аб гэтым жанчына ніколькі не шкадуе, бо наладзіла тут цэлы сямейны падрад і навяла адмысловы парадак. Ды і прызнаць у ёй работніцу жывёлагадоўлі цяжка: яркі манікюр, майкап і прычоска.

– Да хлеба, малака, мяса, гародніны – да таго, што кожны дзень на стале ў кожнай сям’і,
і адносіны павінны быць асаблівыя, — сказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Як і да тых, дзякуючы каму мы ўсё гэта маем. Не трэба крыўдзіць селяніна, а ў дзень прафесійнага свята варта кожнаму ўзгадаць, колькі намаганняў, таленту і душы патрабуе праца на зямлі. Слоў самай вялікай падзякі, пажаданняў дабрабыту, веры ў свае сілы, бясконцага аптымізму сёння заслугоўваюць усе, хто мае дачыненне да працы ў сельскагаспадарчай і перапрацоўчай галінах!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *