Выхаваўчы аспект сярэдняй школы № 2 горада Беразіно

— Месяц май, а гэта час актыўных работ на прышкольным участку, што цікава, больш чакаюць хлопчыкі, — гаворыць Людміла Макарэвіч, настаўніца геаграфіі і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Ландшафтны дызайн у школе” ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно». – Напэўна, дзяўчынкам не надта падабаецца працаваць на зямлі, каб не сапсаваць папулярныя цяпер манікюры. Таму менавіта хлопчыкі — і капаць, і паліваць, і пустазелле вырываць – у мяне ў галоўных памочніках.

Што патрэбна раслінам, добра ведаюць браты Даніла і Дзяніс Шэлегі, Цімафей Папоў і Савелій Жабін

Між тым, вучні не проста з задавальненнем шчыруюць з рыдлёўкамі і матыкамі, а і набываюць славу сваёй навучальнай установе перамогамі ў конкурсах рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый. На рахунку юных аматараў прыроды шмат узнагарод.
Летась за ўдзел у конкурсе “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, у намінацыі “Сучасны агарод”, юныя натуралісты былі адзначаны дыпломам І ступені, а ў намінацыі “Смачны і карысны” рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст” агурок-велікан, які яны выгадавалі на школьных клумбах памерам паўметра, таксама прынёс узнагароду – дыплом ІІ ступені.

Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Ландшафтны дызайн у школе” ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно» Людміла Макарэвіч

Сярод самых актыўных юных натуралістаў – Захар Шпакоўскі, Вікторыя Старавойтава, Цімафей Бурымскі, браты Даніла і Дзяніс Шэлегі, Цімафей Папоў, Савелій Жабін, Кірыл Бондар, Руслан Паддубскі і інш. Па словах настаўніцы, ёсць і такія зацікаўленыя асобы, што, пачынаючы з 5-га класа, не прапускаюць ніводную практыку, як напрыклад, Захар Шпакоўскі.
У мінулым годзе да таго ж, на прышкольнай тэрыторыі па задумцы Людмілы Мяфодзьеўны і яе юных аднадумцаў з’явілася і паспяхова працавала створаная імі фотазона. Жадаючых там пафатаграфавацца было нямала. А сёлета ўжо поўным ходам ідуць работы над ажыццяўленнем новых ідэй.

Школьная фотазона засталася ва ўспамінах і на здымках

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *