Змены ў тыпавое палажэнне аб камісіі па супрацьдзеянні карупцыі абмеркавалі на пасяджэнні Бярэзінскага райвыканкама

Змены ў тыпавое палажэнне аб камісіі па супрацьдзеянні карупцыі абмеркавалі на пазачарговым пасяджэнні камісіі па супрацьдзеянні карупцыі Бярэзінскага райвыканкама. Удзел у ім прынялі члены камісіі, прадстаўнікі пракуратуры, Следчага камітэта, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

— Палажэнне аб камісіі па супрацьдзеянні карупцыі з’яўляецца для кіраўнікоў структурных падраздзяленняў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі раёна, інструкцыяй да дзеяння, якой неабходна кіравацца, — адзначыла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В.В. Мельнічонак. – Таму так важна ўлічыць і своечасова ўнесці ў палажэнне змены, вызначаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2019 года № 267. Адно з асноўных змяненняў тычыцца кіравання камісіяй па супрацьдзеянні карупцыі. Цяпер яе старшынёй можа выступаць толькі кіраўнік арганізацыі.
Спынілася Вольга Віктараўна і на некаторых іншых ключавых момантах, звязаных са зменамі. Так, выведзена са складу камісіі такая пасада, як намеснік старшыні. А ў выпадку адсутнасці старшыні яго абавязкі будзе выконваць асоба, надзеленая паўнамоцтвамі кіраўніка. Сакратар, як і раней, выбіраецца з ліку членаў камісіі.
Што яшчэ датычыцца выключэнняў, камісія павінна не толькі своечасова вызначаць карупцыйныя рызыкі, а і прымаць меры па іх нейтралізацыі. Як бачна, паўнамоцтвы камісіі значна пашырыліся. А гэта дапаможа яшчэ больш удасканаліць работу па супрацьдзеянні карупцыі.
Разгледзелі на пасяджэнні таксама прадстаўленні Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта і пракуратуры раёна ў дачыненні да некаторых былых кіраўнікоў аднаго з вытворчых прадпрыемстваў раёна, якія дапусцілі скажэнне статыстычнай справаздачнасцi пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці і адсутнасць бухгалтарскага ўліку.
Па гэтай прычыне, падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня райвыканкама А.М. Бабічаў акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што кіраўнік – гэта не толькі высокае званне, але і значная мера адказнасці, узяўшы на сябе якую, неабходна добрасумленна выконваць свой доўг, кіравацца ў рабоце прыстойнасцю і прынцыповасцю.

Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *