Хто галоўны мужчына ў вашым жыцці?

Напэўна, у кожнай жанчыны, дзяўчыны ёсць галоўны мужчына ў жыцці: тата, брат, муж, каханы… Менавіта ён для яе надзейны абаронца, падтрымка, сябар, дарадца! І менавіта яго віншуе яна 23 лютага ў першую чаргу.

Сёння мы вырашылі па-цікавіцца ў прыгожай паловы Бярэзіншчыны: хто ж для іх галоўны мужчына ў жыцці і чаму?

Галіна ПЯНКРАТ, пенсіянерка:

— Мне здаецца, што ў жанчыны галоўным мужчынам у жыцці павінен быць, у першую чаргу, муж. З мужам Міхаілам мы ідзём па жыцці разам вось ужо 43 гады. Ён — абаронца, галава сям’і, дарадца, надзейная апора, той, хто дом пабудаваў, хто дапамагае выхоўваць дзетак, затым – унукаў, і, вядома ж, любіць сваю жонку. Менавіта з мужам дзеліш усе радасці і перажыванні. Ведаеце, мне сапраўды пашчасціла з мужам, за ім я “за мужам”! А гэта для жанчыны — самае галоўнае. Другі мужчына – сын. Ёсць такое выслоўе, калі жанчына любіць свайго мужа, то сына – утрайне! Але любоў да сына павінна быць умеранай. Да прыкладу, ні ў якім разе нельга ўмешвацца ў яго сям’ю са сваімі парадамі. Неабходна проста клапаціцца пра сыночка, падтрымліваць яго. Трэці мужчына – унук. Ён наш маленькі любімец. І, вядома ж, яшчэ адзін любімы мужчына – зяць. Я ім ганаруся!

Наталля КРЫЖБЕРСКАЯ, працуе юрыстам:

— Мае самыя галоўныя, самыя любімыя мужчыны — муж Ігар і сыночкі Кірыл і Данііл. Яны – сэнс майго жыцця, даражэй за іх няма нікога. З мужам мы разам ужо 30 гадоў. І я, сапраўды, шчаслівая жанчына: любячая і любімая жонка і маці. А што можа быць даражэй за гэта?!

Любоў САМЕЦ, жыхарка Беразіно:

— У мяне тры галоўныя мужчыны – тата, муж і сын! Яны — мая надзейная апора і падтрымка. Іх я заўсёды віншую з Днём абаронцаў Айчыны. Мне пашчасціла: з мужам Андрэем разам 20 гадоў. І ён — мой сапраўдны абаронца, за ім я, як кажуць, як за каменнай сцяной. Сыну Мікітку – 11 гадоў. І ён таксама мой маленькі абаронца, дапамагае ў хатніх справах.

Дзіна ЦЭДРЫК, пенсіянерка:

— Вядома ж, галоўны мужчына ў маім жыцці – муж. З ім мы разам ужо 34 гады. На 23 лютага заўсёды віншую яго са святам. Рыхтую які-небудзь сюрпрыз і прадумваю віншаванне. Бо, пагадзіцеся, галоўнае ж — не тое, што падорыш, а з якімі словамі. Мне здаецца, шчырыя віншаванні ад душы – лепшы падарунак.

Злата ТАРАСЕВІЧ, Паліна МАРАЗОЎСКАЯ, школьніцы:

Паліна:

— Мой тата і брацік – мае абаронцы, самыя любімыя! На свята буду іх віншаваць. Да 23 лютага мы ў школе падрыхтавалі падарункі: з паперы выразалі інструменты. Думаю, тату спадабаецца.

Злата:

— Для мяне мой тата — самы лепшы, самы любімы! Для яго ў школе таксама падрыхтавала падарунак: выразала з каляровай паперы інструменты. І з самага ранку 23 лютага павіншавала.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *