Хто стаў уладальнікам падарункавых сертыфікатаў ад рэдакцыі ў новым годзе?

Калектыў рэдакцыі газеты «Бярэзінская панарама» правёў розыгрыш прызоў сярод падпісчыкаў

Святы працягваюцца. А значыць неабходна сустракацца са сваімі блізкімі, роднымі, сябрамі, дарыць ім прыемныя эмоцыі. Напярэдадні старога Новага года калектыў рэдакцыі з падарункамі сустрэў сяброў­-падпісчыкаў. Многія, хто зазірнуў у гэты дзень да нас, абмянялі падпісныя квіткі на сертыфікаты на манікюр, касметычныя працэдуры, абанементы ў басейн і трэнажорную залу.

Надзея Пшанічнік сябруе з раёнкай з 1971 года!

 

У актавай зале гарадскога аддзялення паштовай сувязі сабралася каля 20 бярэзінцаў. Усе, хто далучыўся да пераднавагодняй акцыі ад рэдакцыі. Нагадаем, што на працягу снежня ў вызначаныя загадзя дні можна было падпісацца на раёнку на 3 альбо 6 месяцаў, а затым, магчыма, абмяняць квіток на падарунак.
Падчас сустрэчы мы пагутарылі, абмеркавалі, што падабаецца чытачам у раёнцы, а чаго не хапае. Прыемна, што многія адзначалі: “Бярэзінская панарама” – гэта газета нумар адзін у сям’і. Станоўча ацанілі і змены: новы дызайн, цікавыя рубрыкі, праекты, тэматычныя старонкі, неардынарную падачу інфармацыі.
— Вядома ж, прыемна, што вы падтрымліваеце сувязь з чытачамі, праводзіце для нас конкурсы, розыгрышы, — зазначыла адна з даўніх сяброў-падпісчыкаў Надзея Пшанічнік. – Мне 73 гады. І амаль 50 з іх нязменна выпісваю любімую раёнку. Увогуле, вельмі люблю чытаць, у маю скрыню трапляе шмат перыядычных выданняў. Адзін месяц выпісваю адно, другі — іншае, а раёнку – заўсёды і адразу на некалькі месяцаў. Чытаю ўсё. Я мясцовая, шмат гадоў адпрацавала ў райспажыўтаварыстве, таму многіх людзей, пра якіх вы пішаце, ведаю. Але зараз шмат матэрыялаў і пра моладзь, што, да прыкладу, толькі нядаўна працуе ў нашым раёне. Пра маладых таксама цікава даведацца – мне даспадобы творчы праект “Прызямліцца ці ўзляцець?”. Нягледзячы на паважаны ўзрост, не люблю сядзець на месцы.
Рух – гэта жыццё. У мяне ёсць дача, непадалёк ад Беразіно, на якую езджу на веласіпедзе. З задавальненнем чытаю ў раёнцы пра спартсменаў, спартыўныя святы, якія праходзяць на Бярэзіншчыне, ды і, увогуле, пра ўсе мерапрыемствы. Бясспрэчна, люблю пачытаць і пра тое, чым займаюцца людзі на пенсіі, іх захапленні, таленты. Падабаюцца матэрыялы і пра медыцынскіх работнікаў, парады, як захаваць здароўе. Іншы раз перачытваю па некалькі разоў артыкулы ваеннай тэматыкі. Смяюся ці наадварот слёзы выступаюць на вачах, калі чытаю жыццёвыя гісторыі. Адным словам, у раёнцы падабаецца ўсё. Раю “панараму” ўсім, хто хоча ведаць больш пра свой раён, пра тых людзей, якія жывуць побач.
…Інтрыга захоўваецца… Хто ж шчасліўшчык? Хто абмяняе падпісны квіток на падарунак? Нумары квіткоў мы памясцілі ў “чароўны” мех. Перамяшалі. Адна з нашых спонсараў, касметолаг чацвёртага разраду Галіна Чарнаморцава выцягнула шчаслівыя нумары.
Адной з першых атрымала падарунак, абанемент на спартыўныя заняткі (!), Надзея Пшанічнік. Многія выйгралі сертыфікаты на касметычныя працэдуры, якія ўручыла Галіна.

— Раёнка — мая надзейная «сяброўка», — з упэўненасцю сцвярджае наша даўняя падпісчыца Ірына Касцевіч

— Вялікі дзякуй, за такі цудоўны навагодні падарунак, за “цёплую” сустрэчу, — гаварыла яшчэ адна наша падпісчыца — Ірына Касцевіч. — Абавязкова наведаю касметолага, парадую сябе. Раёнку выпісваю гадоў шэсць. Што чытаю? Усё! Гэта наша сямейная газета! А больш за ўсё падабаюцца матэрыялы пад рубрыкамі “Прафесіяналы ў асобах”, “Крымінал за тыдзень”, “Культура”, “Юбіляры”, “З нагоды”. Радуюць і тэматычныя старонкі “Сямейная скарбонка”, “Жывёлавод”. Прыйшоўся даспадобы і праект пра маладых людзей – “Прызямліцца ці ўзляцець?”. Жадаю калектыву рэдакцыі творчага натхнення, бадзёрасці і асабістага шчасця.
Дзякуй за супрацоўніцтва спонсарам – індывідуальным прадпрымальнікам, — Галіне Чарнаморцавай і Юліі Акікі, адміністрацыі спартыўна-аздараўленчых аб’ектаў “Лазурный” і ДУ “Бярэзінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву”. І, вядома ж, вам, нашы дарагія сябры — падпісчыкі. Заставайцеся, калі ласка, з намі і надалей. У новым 2020 годзе мы парадуем вас новымі праектамі, рубрыкамі, “жывымі” матэрыяламі, і, вядома ж, сюрпрызамі. Прыходзьце да нас, прапаноўвайце тэмы для абмеркавання, задавайце пытанні, на якія разам будзем шукаць адказы. Нагадаем, што і падпісацца на раёнку можна без чаргі ў грамадскага распаўсюджвальніка рэдакцыі (пошта, другі паверх). Будзем сябраваць і надалей!

«Цёплае» фота на памяць

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *