Летняя аздараўленчая кампанiя на Бярэзiншчыне

Напрыканцы мая няма больш актуальнай тэмы, як летняя аздараўленчая кампанія. Менавіта гэтаму пытанню  быў прысвечаны семінар-практыкум, наладжаны ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама сумесна з галоўным спецыялістам Прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Бярэзінскага раёна Аленай Міхайлаўнай Післевіч. Яны падрабязна растлумачылі старшыням камісій па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні арганізацый і ўстаноў раёна, старшыням прафсаюзных камітэтаў асноўныя моманты будучай аздараўленчай кампаніі.

Адно з самых галоўных пытанняў аздараўлення — сума дзяржаўных датацый на пуцёўкі ў аздараўленчыя летнікі. Так,  сёлета яна  складае ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам на 18 дзён – 185  рублёў, у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем на гэты ж тэрмін – 76 рублёў.   Першачарговае права на аздараўленне маюць дзеці-сіраты, дзеці-інваліды і выхаванцы інтэрнатных устаноў.

Застаецца дадаць, што  летнікі ў Бярэзінскім раёне ўжо цалкам падрыхтаваны да прыёму адпачываючых: завершаны патрэбны рамонт, набыта неабходнае абсталяванне, укамплектаваны штат  і складзены адпаведныя праграмы адпачынку. Таму цяпер самы час паспяшыць бацькам набыць пуцёўку!

Даведка. У перыяд мінулагодняй  аздараўленчай кампаніі ў 1121 аздараўленчым лагеры Мінскай вобласці прайшлі курс аздараўлення 55, 6 тысяч дзяцей.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *