«Я люблю Беразіно»

Пад такім дэвізам учора вечарам прайшла ў нашым горадзе  маладзёжная дыскатэка кавэр-групы Skittles Band. 

Яна стала прыемным летнім сюрпрызам для маладых бярэзінцаў, якія атрымалі магчымасць сабрацца сем’ямі і з сябрамі, каб паслухаць жывую музыку, арыгінальная аранжыроўкі савецкіх і сучасных хітоў розных гадоў.  Тут табе і “Трава у дома” і “Зацепила” і  яшчэ мноства розных песень, якія бярэзінская публіка ўспрымала на «ўра” і спявала разам з  маладымі,  гарачымі салістамі.

Маладыя людзі цёпла віталі артыстаў і ўдосталь патанцавалі: дзве гадзіны неба над горадам ззяла рознакаляровымі фарбамі і разносілася рэха ўпадабаных не адным пакаленнем песень.

— Атмасфера цудоўная, яна пасуе да лагоднага жнівеньскага надвор’я і  ўзнятага настрою, — расказвае Эдуард Шамко. – Мне  прыемна бачыць сваіх сяброў і падзяліцца з імі апошнімі навінамі. Мы з аднакласнікамі сёлета скончылі школу і цяпер бачымся не так часта. Таму гэта дыскатэка хоць ненадоўга ізноў вяртае нас у бесклапотны час дзяцінства.

— Мне дыскатэка і яе жывы фармат таксама спадабаліся, — прызнаецца Ганна Пілецкая, —  тут столькі прыгожых дзяўчат і юнакоў, некаторыя маладыя людзі прыйшлі парамі, а сямейныя —  з дзецьмі. Ды і не пакінула мяне абыякавай жывая музыка, якая адразу ўздымае настрой і зараджае аптымізмам і  энергіяй.

— А мне сёння сапраўды было крыху сумна, — гаворыць Аляксей Кушнер, —  хацелася б  з сябрамі запаліць і  запрасіць на танец прыгожую дзяўчыну.  Аднак, на жаль,  заўтра мне рана на працу.  Таму спадзяюся, што такая  маладзёжная дыскатэка ў нашым горадзе не апошняя і  я яшчэ змагу запаліць  на танцах і сустрэць сваю суджаную.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *