Як адзначылі стагадовы юбілей у вёсцы Чырвоны Сад?

На свеце ёсць зямель багата,
Але што нам да іх красы?
Там лепей, родная дзе хата,
знаёмы лес і верасы.
Плыве пах кветак і жывіцы,
Не сціхне песня салаўя,
Дазволь жа нізка пакланіцца
Табе, бацькоўская зямля!

Так лагодна і прыгожа запрашалі ўсіх вяскоўцаў на векавы юбілей вёскі Чырвоны Сад дырэктар аўтаклуба Любоў Пінчук і кіраўнік Мікуліцкага сельскага клуба-бібліятэкі Людміла Пянкрат. Не шкадавалі яны эмоцый і пачуццяў, каб разам з мясцовымі жыхарамі ўспомніць мінулае гэтай невялічкай вёсачкі, узгадаць імёны тых, хто будаваў тут мірнае жыццё, адстойваў гонар свайго роднага куточка, а таксама расказаць пра тых, хто тут нарадзіўся і зараз жыве.

Вось яны, руплівыя і дружныя жыхары вёскі Чырвоны Сад, разам з гасцямі — работнікамі аўтаклуба

 

Згодна са звесткамі, вёска з прыгожай назвай Чырвоны Сад з’явілася прыкладна стагоддзе таму, у той час землі графа Патоцкага былі падзелены паміж беднякамі. Пачалі наладжвацца арцелі і кааператывы, якія папярэднічалі стварэнню калгасаў. Вось і Чырвоны Сад увайшоў у 1932 годзе ў склад калгаса “Чырвоны прамень”. Вяскоўцы памятаюць, што першым старшынёй тут быў Андрэй Копка. Дагэтуль у суседняй вёсачцы Крынкі жыве яго сын Уладзімір. Яму 93 гады. Ён быў самым паважаным госцем на юбілеі і меў магчымасць першым павіншаваць мясцовых людзей.

У свае 93 гады Уладзімір Копка не спяшаецца запісвацца ў доўгажыхары, бо малады душой: можа закружыцца ў вальсе, не скардзіцца на ўзрост і хваробы

— Вёска Чырвоны Сад ніколі не была шматлюднай, — успамінаў Уладзімір Андрэевіч. — Тут налічвалася каля 30 двароў, дзе жылі руплівыя гаспадары, сумленныя працаўнікі палёў і ферм. Ды і шумна было ад дзіцячых галасоў у кожнай хаціне.
Мірнае вясковае жыццё ўмомант перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна. Яна дагэтуль не сцірае ў мясцовых жыхароў памяць аб загінуўшых вяскоўцах. Сярод іх Васіль Аўсянскі, Іван Аўсянскі, Іван Герасімовіч, Мікалай Жукоўскі, Міхаіл Пянкрат і Фелікс Раманоўскі.

Сённяшняя вёска Чырвоны Сад па-ранейшаму ўваходзіць у склад мясцовага сельгаспрадпрыемства ААТ “Першамайскі” і, як і раней, не мае сацыяльных аб’ектаў, але тут не знойдзеш прыкмет заняпаду і закінутасці. Вёска здзіўляе выпадковых гасцей прыгажосцю і ўтульнасцю, якую сваімі рукамі ствараюць мясцовыя жыхары і іх дзеці.
Вялікі дзякуй за гэта гаварыў старшыня Паплаўскага сельскага Савета Аляксей Сарнаўскі, які спадзяецца, што вёска яшчэ шмат гадоў не знікне з карты раёна.

Вёсцы Чырвоны Сад наканавана стараннямі яе жыхароў доўгае жыццё. Так лічыць старшыня Паплаўскага сельскага Савета Аляксей Сарнаўскі

Сёння і ва ўсе часы галоўнае багацце вёскі – людзі. Таму на свяце добрым словам успомнілі слаўных працаўнікоў калгаса. Пачэснае права ўшанаваць іх атрымаў кіраўнік ААТ “Першамайскі” Віктар Аўтухоў. Першай ён вітаў Ганну Аўсянскую. Родам жанчына з Чэрвеньскага раёна, з мужам яны вырасцілі траіх дзяцей. Жанчына працавала ў брыгадзе і даглядала цялят, апошнія 19 гадоў насіла пошту. Муж славіўся як добры трактарыст. Сёння іх слаўную сялянскую дынастыю дастойна працягвае ў таварыстве сын Мікалай, а яго матуля, як і раней, карыстаецца тут павагай і аўтарытэтам.

За вернасць выбранай справе яе і ўшаноўвае кіраўнік ААТ «Першамайскі» Віктар Аўтухоў

— Жыццё было цяжкім, не тое што зараз у маладых, — успамінае Ганна Сямёнаўна. — Нагараваліся мы, затое не сорамна людзям у вочы глядзець.
Дзявочае прозвішча Соф’і Герасімовіч – Кандрат і родам яна з вёскі Мікулічы. Калі ёй трэба было ісці ў школу, грымнула Вялікая Айчынная вайна.
— Вайну памятаю, як намаляваную, — гаворыць жанчына. — Памятаю, як абстрэльвалі вёску з самалётаў. Тады наляцелі вялікія, жоўтыя, з чорнымі крыжамі, і давай паліць… Было жудасна, бо шмат людзей загінула. А колькі дамоў знішчана!
Чаму вёска завецца Чырвоны Сад, Соф’я Дзмітрыеўна не ведае, затое памятае, што ў 50-ых гадах мясцовы калгас меў назву “Чырвоны прамень”. Да самай пенсіі яна спраўна рупілася тут у паляводстве, з мужам выхавалі 4 дзяцей, дачакаліся 5 унукаў і 6 праўнукаў.
— Шкада, муж памёр тры гады таму, — расказвае жанчына, — але дзеці не пакідаюць мяне ў адзіноце, прыязджаюць сюды на лета і наведваюць кожныя выхадныя.
Не песціла жыццё і Марыю Ермалінскую. Матуля пайшла з жыцця ў 1945 годзе. Аднак пашанцавала з мужам, які родам быў з вёскі Смалярня. Спачатку маладыя здымалі кватэру ў Беразіно. Марыя працавала ў сталовай у вёсцы Святліца, а яе муж — у леспрамгасе. Аднак гарадское жыццё аказалася ім не па душы — і яны вярнуліся ў Чырвоны Сад. Іван Антонавіч спраўна шчыраваў на палетках трактарыстам.
— На вёсцы мы былі самай прыгожай парай, — успамінае Марыя Станіславаўна, — ніхто лепш за нас у акрузе не танцаваў. На жаль, не дажыў мой муж да такога свята, вось ужо чатыры гады няма з намі майго любага Яныка. З ім мы выхавалі траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў.
Дзям’яну Лапа не больш–не менш як 84 гады. Нарадзіўся ён на хутары Круглае. А суджанай яго стала карэнная жыхарка вёскі Чырвоны Сад. Яны разам з Людмілай Ге-расімаўнай даглядалі цялят у ААТ “Першамайскі”. Вырасцілі пяцёра дзяцей, якія не забываюць дарогу ў бацькоўскую хату.
Цёпла ўспаміналі на свяце і старэйшую жыхарку вёскі — Марыю Шапялёнак. Яна ў гэтым годзе святкуе 90-гадовы юбілей. На жаль, жанчына зараз жыве ў дачкі ў сталіцы, але вяскоўцы добрым словам яе ўспамінаюць і зычаць ёй здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Ганарыцца вёска не толькі тымі, хто пастаянна тут жыве, але і землякамі, якія нарадзіліся і выраслі ў гэтых мясцінах, і сёння не ўяўляюць свайго жыцця без малой радзімы. Гэта іх залатымі рукамі вёска квітнее.

Талент жыхароў вёскі шматгранны

Так, стары дом Ганны Аўсянскай нібы перажывае другое нараджэнне: тут зроблена сучасная печ, устаноўлены новы кацёл, праведзена вада, а на двары вочы разбягаюцца ад прыгажосці розных кветак.
— У традыцыях мясцовых жыхароў займацца добраўпарадкаваннем родных сядзіб і навядзеннем адмысловага парадку на зямлі, — зазначыў старшыня Паплаўскага сельскага Савета Аляксей Сарнаўскі. — У гэтай справе мы будзем дапамагаць ім па меры магчымасцей.
Не сумняваецца ў далейшым росквіце невялікай вёсачкі і дырэктар ААТ “Першамайскі” Віктар Аўтухоў.
— Мясцовыя людзі асаблівыя, — падкрэсліў ён. — Яны зведалі столькі цяжкасцей і нягод, але здолелі выхаваць у сваіх дзяцей павагу да працы, сваіх каранёў і ўпэўненасць ва ўласных сілах, якія ім дае малая радзіма.
— Памятаю, у вёсцы доўгі час не было добрай дарогі, а цяпер па гравій-цы сюды даімчыць любая іншамарка, — гаварыў на свяце мужчына з маладога пакалення вяскоўцаў. — І гэта не ўсё, што патрабуецца на вёсцы. Ёй, як паветра, неабходны наша слаўная памяць, старанная праца і залатыя рукі, якія нам дасталіся ў спадчыну ад бацькоў. Толькі тады мы зможам сустрэць чарговы юбілей.
І сапраўды, без любові кожнага жыхара да сваёй вёскі яна ніколі не будзе беражліва захоўваць сваю спадчыну і не стане сучаснай. Таму мясцовыя жыхары заклікалі ўсіх любіць сваю малую радзіму!

Якое ж свята без танцаў і задушэўных песень пад гармонік!

Шчырыя пажаданні арганічна спалучаліся з задушэўнымі спевамі са-лістаў аўтаклуба, якія гучным рэхам абуджалі вёску і запрашалі кожнага прадэманстраваць свой талент.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Як адзначылі стагадовы юбілей у вёсцы Чырвоны Сад?: 4 комментария

  • 27 июля 2020 в 8:32
    Permalink

    Спасибо, исправили!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 27 июля 2020 в 8:32
    Permalink

    Спасибо, исправили!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 25 июля 2020 в 20:14
    Permalink

    Все хорошо, но вот под фотографиями неправильно подписали имена жительниц: там где вручают подарки- это Ганна Сямёнаўна, а там где женщина читает стихи — Соф’я Герасімовіч! Исправьте, пожалуйста.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 23 июля 2020 в 15:05
    Permalink

    Фотографии женщин подписаны не верно.
    Вручение подарка Анне Семёновна, у микрофона Софья Герасимович

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *