Як апрацоўваюць пад’езды, прыпыначныя пункты ў Бярэзінскім раёне

У няпростых эпідэміялагічных умовах кожны павінен засцерагчы сябе і сваю сям’ю: выкарыстоўваць маскі, антысептыкі, звесці да мінімуму кантакты, трымаць дыстанцыю. У сваю чаргу пра бяспеку бярэзінцаў клапоцяцца і камунальнікі, праводзячы дэзынфекцыю шматпавярховых дамоў, прыпынкаў.

Падчас апрацоўкі пад’ездаў у адным са шматпавярховых дамоў

— Мы па графіку праводзім у пад’ездах рэгулярныя вільготныя ўборкі. А да гэтага яшчэ адзін раз на тыдзень (звычайна па панядзелках) пульверызатарам, запраўленым дэзынфіцыруючымі сродкамі, апрацоўваем сцены і падлогу ў шматпавярховых дамах, — заўважае майстар па арганізацыі эксплуатацыі і рамонту жыллёвага фонду Бярэзінскай ЖКГ Тахір Маміеў. – Апрацоўваем усе пад’езды, якія лічацца ў нас у жыллёвым фондзе. Вядома ж, калі хтосьці з кааператыўных дамоў папросіць апрацаваць іх дом, мы таксама выязджаем. У нас сфарміраваны брыгады. У кожнай па два чалавекі. У большасці – гэта жанчыны. Працуюць зладжана, хутка. Адна – апырсквае дэзынфіцыруючымі сродкамі, да прыкладу, поручні, другая – працірае іх. Апрацоўваем ўсё: падлогу, поручні, ручкі ўваходных дзвярэй дома… Работы хапае. Нагрузка значная. Да прыкладу на апрацоўку аднаго пад’езда пяціпавярховага дома, прыблізна затрачваецца хвілін 20-30. Мы пачынаем апрацоўку з верхніх паверхаў, спускаемся – на першыя. Складана? Спачатку, калі толькі пачыналі апрацоўваць, было вельмі і вельмі складана. Пакуль навучыліся! А зараз ужо дасканала ведаем спецыфіку працы.

Апрацоўку пад’ездаў камунальнікі, вядома ж, праводзяць у спецыяльнай экіпіроўцы: рэспіратар, гумавыя
пальчаткі.

Майстар па арганізацыі эксплуатацыі і рамонту жыллёвага фонду Бярэзінскай ЖКГ Тахір Маміеў заўважае, што работнікі робяць усё магчымае, каб спыніць распаўсюджванне карана-віруснай інфекцыі: дасканала апрацоўваюць пад’езды шматпавярховых дамоў, прыпынкі грамадскага транспарту дэзынфіцыруючымі сродкамі

— Як адносяцца жыльцы дамоў да нашай апрацоўкі? – гаворыць Т. Маміеў. – Ведаце, з паразуменнем. Рады, што мы апрацоўваем і іх пад’езд. Усе ж ведаюць, што гэтыя меры неабходны, каб спыніць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі.

Адказваюць камунальнікі і за апрацоўку прыпыначных пунктаў гарадскога транспарту. Таксама ў сродках індывідуальнай аховы апрацоўваюць прыпыначны пункт (лаўкі, поручні, падлогу, сметніцы) дэзынфіцыруючымі сродкамі. Бясспрэчна, работнікі выконваюць усё гэта ў сродках індывідуальнай аховы.

— Таксама адзін раз на тыдзень, звычайна па панядзелках, мы апрацоўваем прыпыначныя пункты грамадскага транспарту, — заўважае Тахір. – Па два чалавекі апрацоўваць кожны прыпынак: лаўкі, поручні, спінкі лавак… Усё гэта мы робім дзеля бяспекі бярэзінцаў, каб як мага хутчэй спыніць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі.

Юлія Букель.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *