Як будзе развівацца Бярэзінскі раён у бліжэйшыя пяць гадоў,

У мінулы чацвер з калектывам філіяла “Аўтамабільны парк №22” ААТ “Мінаблаўтатранс” сустрэўся старшыня Бярэзінскага райвыканкама Дзяніс Дзішук.

На сустрэчы з калектывам філіяла “Аўтамабільны парк №22” старшыня Бярэзінскага райвыканкама Дзяніс Дзішук і дырэктар філіяла Артур Новікаў

— Мэта такіх сустрэч – пачуць кожнага, — заўважыў Дзяніс Ігаравіч, — пазнаёміцца бліжэй з дзейнасцю вашага прадпрыемства, акрэсліць планы і задачы. Аналіз работы філіяла за мінулы год паказаў, што назіраецца станоўчая дынаміка. Думаю, у гэтым заслуга і калектыву, і маладога, але вопытнага кіраўніка. Спадзяюся, сёлета вынік будзе яшчэ лепшым!

З ходам спраў у філіяле пазнаёміў яго дырэктар Артур Новікаў.

— Сёння ў нас шчыруе 89 чалавек, з іх 36 – вадзіцелі. Так, сапраўды, сёлета маем нядрэнны вынік. З 8 эканамічных паказчыў удалося выканаць 6. У сувязі з пандэміяй, на жаль, скарацілася колькасць пасажыраў.Асноўныя віды дзейнасці філіяла – пасажыра- і грузаперавозкі. Удзельнічалі, вядома ж, і ва ўборачнай кампаніі.

На сёння злабадзённае пытанне – зношанасць транспарту для пасажыраперавозак. Таму працуем у дадзеным накірунку. Таксама ў ліку задач на 2021 год — аптымізацыя маршрутаў, як гарадскіх, так і прыгарадных. У перспектыве – развіццё прыгарадных і міжгародніх перавозак.

Не абмінулі ўвагай і тыя пытанні, што былі абмеркаваны падчас Усебеларускага народнага сходу.

— На Усебеларускім сходзе Прэзідэнт краіны дакладна акрэсліў задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліэйшыя пяць гадоў, — заўважыў Д. Дзішук. – Наша краіна захавае сацыяльную арыентаванасць. У цэнтры — інтарэсы беларусаў. Усе мы павінны ўсведамляць, што нельга спыняцца, а рухацца толькі наперад. Дзяржава кожнага, хто працуе, падтрымлівае, дае магчымасць для развіцця. На сходзе было закранута шырокае кола пытанняў: сельская гаспадарка, эканоміка, адукацыя, ахова здароўя… І як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, усе гэтыя сферы і далей будуць развівацца.

— У якім накірунку будзе развівацца Бярэзінскі раён у бліжэйшыя пяць гадоў, – цікавіліся супрацоўнікі філіяла

— А ў якім накірунку будзе развівацца менавіта наш, Бярэзінскі раён? — пацікавіўся адзін з прысутных.

— Бярэзіншчына – сельскагаспадарчы раён. Таму асноўны накірунак развіцця — сельская гаспадарка. Задача — вывесці аграрны сектар на больш высокі ўзровень. Што датычыцца горада – у планах будоўля шматкватэрных дамоў у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Як вядома, ужо функцыянуе Беларуская АЭС, таму плануем будаваць так званыя “электрадамы”: з электрычным ацяпленнем, электрычнымі плітамі, ліфтамі.

Калі гаварыць у цэлым пра развіццё горада, у перспектыве — рэканструкцыя будынка раённай бібліятэкі. Там плануецца размяшчэнне самой бібліятэкі, маладзёжнага цэнтра, аддзела ЗАГС.

Бясспрэчна, плануецца стварэнне і новых працоўных месцаў. А гэта будзе магчыма, дзякуючы будаўніцтву цэха па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі, рэканструкцыі санаторыя “Сонечная паляна”. Галоўнае — ставіць мэты і настойліва ісці да іх, тады ўсё атрымаецца, — заўважыў Д. Дзішук.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *