Як бярэзінцы клапоцяцца пра бяспеку падчас “ціхага палявання”?

Зараз сапраўдны “грыбны бум”. Многія бярэзінцы нават па некалькі разоў на дзень ходзяць у грыбы. А як жа іначай?! Зайшоў у лес – палянкі баравікоў, лісічак, падасінавікаў…
Але, на жаль, паходы бываюць і небяспечнымі. Нярэдка людзі губляюцца. Тады на дапамогу прыходзяць супрацоўнікі міліцыі, выратавальнікі, нераўнадушныя людзі…
Сёння мы вырашылі пацікавіцца ў землякоў: як яны клапоцяцца пра ўласную бяспеку і што абавязкова бяруць з сабою, калі ідуць у лес?

Марына ЧУГУНОВА, працуе ў Бярэзінскай ЖКГ:
— Мы заядлыя грыбнікі. У гэтым годзе грыбоў вель-мі шмат. Асабліва падабаецца збіраць “бабкі” (пад-бярозавікі), махавікі, лісічкі і белыя грыбы (баравікі). Падчас “ціхага палявання” ўласная бяспека на першым месцы. Абавязкова бяром з сабой зараджаныя мабільныя тэлефоны і ваду. Апранаем закрытае адзенне, каб не нападалі кляшчы, мошкі.

Марына КАРОЛЬ, працуе ў рэстаране “Бярэзіна”:
— У вольны час люблю хадзіць у грыбы. Калі іду ў лес, абавязкова паведамляю блізкім, куды накіроўваюся. Бяру з сабой мабільны тэлефон, правяраю, каб зараду батарэі хапала. Гавару блізкім, прыблізна ў колькі гадзін вярнуся. Вядома ж, апранаю зручнае адзенне. Які абутак? Лепш за ўсё — гумавыя боты. Яшчэ абавязкова бяру з сабою ваду.

Юлія САХОНЧЫК, прадавец:
— Кажуць, што гэтая восень вельмі багатая на грыбы. У бліжэйшы час збіраемся выбрацца ў лес. Што неабходна абавязкова ўзяць з сабою?! Па-першае, мабільны тэлефон, каб можна было звязацца з роднымі, калі, да прыкладу, згубішся. Па-другое, абавязкова захапіць з сабой штосьці для перакусу і ваду. Увогуле ж, мне здаецца, каб не згубіцца ў лесе, трэба ісці ў грыбы з кімсьці, хто добра арыентуецца на мясцовасці. І, бясспрэчна, лепш для “ціхага палявання” выбіраць знаёмыя мясціны.

Марына ВІДРУК, працуе ў філіяле “Ома”:
— Ведаеце, гэты год ураджайны: шмат чарніц, яблыкаў, агародніны… Велі-зарная колькасць і грыбоў.
У мяне муж – заядлы грыбнік. Ён зараз амаль кожны дзень ходзіць у лес. Абавязкова з раніцы. У яго ёсць свае “грыбныя палянкі”. Вось нядаўна прынёс 15 падасінавікаў. Абавязкова бярэ з сабою мабільны тэлефон (з вечара падзараджае, каб была поўная зарадка). Для перакусу – яблыкі і ваду.

Зоя ПЛЯТНЁВА, паштальён:
— Я амаль кожны дзень хаджу ў грыбы. Куды? У лес каля так званага “бярэзінскага бама” (каля барысаўскай трасы). Для мяне гэты лес добра знаёмы, непадалёк аўтадарога, таму тут складана згубіцца. Што бяру з сабою ў лес? Абавязкова — ваду, мабільны тэлефон і, вядома ж, цудоўны настрой! Якія грыбы асабліва люблю? Усе! Збіраю баравікі, махавікі, падбярозавікі, лісічкі, курачкі…

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *