Як бярэзінцы шукалі працу на “кірмашы” вакансій

У сектары занятасці прайшоў “кірмаш” вакансій. Зазірнула сюды больш за 10 чалавек і кожнаму прапанавалі месца для працаўладкавання

Прапаноўвалі вакансіі прадстаўнікі ЦРБ, ЖКГ, лясгаса, мясакамбіната, ПМК-182 і іншыя.

— Я работы не баюся, — гаворыць мужчына, які завітаў на “кірмаш” адным з першых. – Ёсць і вадзіцельскае пасведчанне, працаваў і вальшчыкам лесу, затым — падсобным ра-бочым, грузчыкам…. Зараз зноў шукаю занятак, хацелася б — з дастойнай і своечасовай зарплатай.
Мужчыну прапанавалі некалькі варыянтаў. Бо спіс вакансій даволі значны. Заробак? Розны. У залежнасці ад працы: ад 380 рублёў да 1300. Патрабуюцца валь-шчыкі лесу, вадзіцелі, аграномы, фельчары, трактарысты… Заўважыла, што большасць вакансій складаюць тыя, дзе могуць працаваць людзі толькі са спецыяльнай адукацыяй — медыцынскія сёстры, леснікі, вальшчыкі, ветурачы, энергетыкі… І, што мяне здзівіла, у заяўленых вакансіях нават – вартаўнік, і зарплата – 450 рублёў. Кажуць, гэта вельмі дэфіцытная вакансія.
Мужчына якраз і спыняецца на ёй.
— Сёння пасля абеду зазірну да вас! – з упэўненасцю сцвярджае ён.
— Так, ведаеце, па статыстыцы, многія, хто прыходзіць да нас на “кірмаш”, затым працаўладкоўваюцца і задаволены, што знайшлі сабе добрую работу са стабільным заробкам, — тлумачыць загадчык сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Святлана Сайкоўская.
Увогуле, у пошуках працоўнага месца на “ярмарку” зазірнула больш за 10 чалавек.
У асноўным — маладыя мужчыны да 40 гадоў. У многіх — толькі дыплом аб заканчэнні школы, альбо сярэдняя спецыяльная адукацыя па незапатрабаванай
спецыяльнасці. Усе амбіцыйныя — мараць аб кар’ерным росце і шукаюць працу з дастойным заробкам.
— Я прыехаў з Расіі, у мяне няскончаная вышэйшая адукацыя, — тлумачыць мужчына. – Хочацца атрымаць якую-небудзь спецыяльнасць, каб затым знайсці работу на Бярэзіншчыне. Што рабіць?
— Набыць новую спецыяльнасць, — раіла Святлана Уладзіміраўна. — Мы цесна супрацоўнічаем з Цэнтрам падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і пеападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярэзінскага раёна, куды і выдаём накіраванні на вучобу, перападрыхтоўку беспрацоўных. Таксама накіроўваем беспрацоўных на курсы цырульніка, майстра па манікюры, повара, бухгалтара… у Мінск. Навучанне бясплатнае, выплачваем нават стыпендыю. А калі адпраўляем на вучобу ў Мінск, то прадастаўляем і месца ў інтэрнаце.
Кожны, хто зазірнуў на «кірмаш», атрымаў адразу некалькі прапаноў. Астатняе толькі ад іх залежыць.
— Так, у раёне работы хапае, — зазначае Святлана Сайкоўская. — На сёння ў нас заяўлены 204 вакансіі. А беспрацоўных – 14. Але назіраецца, можна сказаць, дысбаланс попыту і прапановы. Сёння патрабуюцца людзі са спецыяльнай адукацыяй у той альбо іншай галіне. Напрыклад, сантэхнікі, ветурачы, вальшчыкі… Бясспрэчна, туды мы не можам накіраваць чалавека без спецыяльнай адукацыі. Таму, паважаныя бярэзінцы, калі вы па нейкіх прычынах засталіся без працы, звяртайцеся, калі ласка, да нас, у сектар занятасці. Кожнаму паспрабуем дапамагчы: прапануем вакансіі, накіруем на вучобу, перападрыхтоўку!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *