Як “электрыкі” падманваюць састарэлых?

На працягу тыдня ў раённы аддзел унутраных спраў звярнуліся трое састарэлых бярэзінцаў. Яны прасілі міліцыянераў дапамагчы вярнуць грошы, якія заплацілі невядомым спецыялістам за ўстаноўку электрычных выключальнікаў. Аднак у гэтай сітуацыі міліцыя састарэлым нічым не дапаможа.
— Як высветлілася ў ходзе праверкі, — расказвае намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Генадзь Рабіза, — даверлівыя людзі самі ўпусцілі ў дом нахабных “электрыкаў”, якія напалохалі гаспадароў інфармацыяй аб зношанай электраправодцы і прапанавалі свае паслугі па замене аўтаматычных пробак. Праўда, плату за свае паслугі ўзялі “касмічную” — да 200 рублёў! Аднак адмовіцца ад аплаты паслугі ў састарэлых людзей не атрымаецца, бо дагавор падпісаны абодвума бакамі.
Што ж рабіць састарэлым, каб не стаць чарговай ахвярай гора-спецыялістаў і не даць разбагацець махлярам на даверлівасці?
— Тут вартавыя правапарадку раяць састарэлым людзям не адчыняць дзверы незнаёмым людзям, — адзначае Генадзь Мікалаевіч. — Не весці ніякіх размоў з людзьмі, якія прапануюць паслугі па тэлефоне. Калі патрэбна дапамога, патэлефануйце сваякам, атрымайце кансультацыю ў знаёмых спецыялістаў.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *